Пачну з загадкі.

Некалькі «важджоў», богападобных фюрараў, у сваіх катухах на глобусе аб’явілі пра сваю несмяротнасць. Алах дазваляе мець чатыры жонкі і безліч байструкоў, таму ўлада ўжо была імі ўвасобленая ў нязменным выглядзе на самы бясконцы час.

Спасылаючыся на нейкія інструкцыі ЦРУ, важджы аберагалі сябе ад ракет і снайпераў заслонамі з малалетак і жонак, рабілі бункеры пад садкамі, бальніцамі і арэнамі. Грошы хавалі ў банках папоў і рабінаў, на кракадзілавых астравах і ў падвалах тампліераў.

Наёмнікі з суседніх царстваў, розных колераў, у тым ліку нейкія марсіяне ці расіяне, эфіопы, людаеды і страхалюды мелі права страляць у кожнага, хто падумаў інакш, чым яны напісалі ў сваіх дэкрэтах.

Армады савецкіх танкаў мат-лашылі рысавыя палі, бананавыя гаі і нават ціцянкоўскія пліткі на вуліцах самых чыстых у свеце сталіц, а глашатаі і мастакі запаўнялі інфармацыйную прастору — ужо адзіную для ўсіх важджоў — лозунгам:

— Мы сильны как никогда!

І шмат яшчэ чаго чулася — дзесяцігоддзямі.

Але раптам вождж атрымліваў пісьмо ад Дзядзькі Сэма ці Анкла Бэнса, не помню: «Сыдзі па-добраму. Грошы ў разумных межах захаваеш. Дзеці дзяцей будуць прыстроены ў Кембрыдж».

Важджы тут жа беглі ў Крэмль. Па дарозе назад з нічым успаміналі, што яны яшчэ і фюрары. Пачыналіся няспынныя парады, раўлі маторы, гібелі з голаду людзі, наёмнікі складалі ў стагі скальпы апазіцыянераў, асабліва маўчуноў, паводле праскрыпцыйных спісаў.

Загадка ў тым, чым гэта канчалася.

Але ж я не сказаў, з кім адбываюцца загадкавыя падзеі: Хусэйн, Мілошавіч, Кадафі?

У Беларусі агучаны наш уласны сцэнар. Хто той драматург, што піша жудасную п’есу для Беларусі?

Так званая апазіцыя карыстаецца для аналізу накінутымі нам схемамі заходняй прапаганды і ёй контрпрапаганды, накшталт «дэмакратызаваць Беларусь праз дэмакратычную Маскву». Адсюль рэвалюцыйныя схемы марксізму-ленінізму: народныя масы, партыі, пралетарыят. Нашыя аналітыкі за тыдзень узнімаюць удвая рэйтынг палітыка… пасля званка з дзяржкантролю. Таму ад інстытуцкіх тэорый навуковага камунізму пяройдзем да геапалітыкі.
БССР была фарпостам СССР. Самая мілітарызаваная краіна ў Еўропе ў канцы ХХ ст.
Тут самая неадукаваная інтэлігенцыя ў Еўропе, бо… найбольш «авалодала самай перадавой тэорыяй», прасякнутая бальшавіцкай нецярпімасцю, дэнацыяналізаваная, абсалютны невук у гісторыі, культуры, эканоміцы etc 9/10 чалавецтва (Кітай і Індыя, ісламскі свет тут вывучаўся за 2–3 гадзіны).

Эканоміка БССР — гэта ваенпрэды ВПК СССР. Бракаванае імі ішло народу. Тут жа найбольш канцэнтраваны партактыў, бюракратыя, муштра дзяцей.

Куды гэта ўсё падзелася «за Шушкевічам»? А нікуды! Хіба да мілітарызаванага народа далучыліся яшчэ афіцэры з Германіі і ракетных шахтаў.

Як можа «аналітык» забыцца пра гэта? Якая дэмакратыя? Якія выбары? ГРУ БВА проста пераняло ўладу ад БССР, ад Кебіча, афіцэра разведкі.

Але, нагадаю, ніводзін (!) кадравы афіцэр і партапаратчык не прыйшоў бараніць ЦК КПБ ад фронтаўцаў (нават франтавік). Не пойдуць і цяпер змагацца за прэзідэнцыю. А вось адстрэльвацца ад галоднага натоўпу — гатовыя!

Беларусь не вытрымае чарговага павышэння пенсій і плат афіцэрству да расійскага ўзроўню, бо Пуцін з 1 студзеня ў РФ падвысіў у 1,5 разу свае.

А вы, беларускія афіцэры былога Саюза, і сёння мучыце вычарпаны смірноўскі, з Прыднястроўя план, замест таго каб вывучыць досвед белагвардзейскай эміграцыі ў Рызе, Варшаве, Парыжы: асімілявацца трэба, а не асіміляваць.

Не было рэваншу і не будзе; самастойнасці трэба дабівацца, а не імперыі. Вучыцца трэба або перавучвацца, а не штыкамі навязваць «бязглуздыя бальшавіцкія ідэі». У Прыбалтыцы хто перавучыўся — мільянеры, хто ствараў інтэрфранты — жабруе.
Памятайце, Захад не будзе карміць мілітарызацыю Беларусі.

Узбройвацца трэба не супраць НАТА, а супраць магчымых банд з Усходу! Мяжа адкрытая аж да Пакістана, а ўзброеныя калегі і крымінальнікі даўно нагледзелі аб’екты ў Беларусі для «рэйдарства».

Беларусь — гэта БССР сёння, толькі ў стане нацыянальнай катастрофы.

Змяніліся лозунгі. Крытычная маса паразітычных сфераў павялічылася аж да ўдушэння стваральных. Народ — калека, у яго атрафіраваны адзін орган — галоўны для арганізма сацыяльнага. Не рука, не нага — у камп’ютарны век гэта дыскамфорт, не вырашальнае. Страчана аснова мыслення — мова. Толькі асёл паводле асветы не ведае, што слова — мацнейшае за атамную бомбу і цунамі, глуханямых фізікаў не бывае.

БССР перад выбарам эпілога: як у Літве? Польшчы? Лівіі?

Адгадку напіша гісторыя.

* * *

Уладзімір Іскрык — былы супрацоўнік структур пры Адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?