16.03.2007 / 16:37

Дзіўны сьвет Чэслава Немэна 3

Выстава, прысьвечаная Немэну, аднаму з найбольш яскравых ураджэнцаў Гарадзеншчыны, да канца сакавіка будзе працаваць у доме‑музэі Максіма Багдановіча ў Горадні.

Выстава, прысьвечаная Немэну, аднаму з найбольш яскравых ураджэнцаў Гарадзеншчыны, да канца сакавіка будзе працаваць у доме‑музэі Максіма Багдановіча ў Горадні.

Выстава, прысьвечаная Чэславу Немэну, аднаму з найбольш яскравых зорак сярод творчых індывідуальнасьцяў другой паловы ХХ ст., што нарадзіліся на Гарадзеншчыне, да канца сакавіка будзе працаваць у доме‑музэі Максіма Багдановіча ў Горадні. Арганізатарамі выставы выступілі Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і гарадзенскі Дом‑музэй М.Багдановіча. На выставе прэзэнтуюцца матэрыялы, прысьвечаныя жыцьцю і творчасьці музыкі, а таксама пастэльныя працы куратара выставы мастака Яўгена Шунэйкі і мастацкія фатаздымкі вядомага беларускага фотамастака Міхала Баразны і Натальлі Маліноўскай.

У Горадні жыве яшчэ памяць пра канцэрт Чэслава Немэна, што адбыўся ў 1976 г. у старой канструктывісцкай залі Дома афіцэраў, калі згасілі сьвятло і атмасфэра пачала напаўняцца гукамі, можа, нават на першае ўражаньне хаатычнымі, а потым сьветлавы прамень выхапіў на сцэне гнуткую постаць музыкі ў сьветлай кашулі й з доўгімі прамымі валасамі. Ён пачынаў свой выступ у глыбокай цішыні. Здавалася, што музыкант сьпявае для сябе, а яшчэ для ўсяго сьвету, цэлага космасу, а не для залі. Голас быў моцны, чысты, прыгожы. Ён дэманстраваў своеасаблівую рытміку, нязвыклыя мэлізмы, уводзіў шматгалосьсе. Гэта быў і джэз, і рок, і фольк, і электронная музыка, але перад усім чытэльнай была мэлёдыя, яна падкупляла і дапамагала арыентавацца ў складанай, ні на што не падобнай музыцы.

Толькі зь бегам часу можна было прыслухацца, прызвычаіцца, ня толькі эмацыйна прыняць гэту музыку і зразумець меру, а хутчэй бязьмернасьць і магутнасьць таленту, якім Пан Бог адараваў Чэслава Немэна і ўсіх нас.

Найчасьцей пра Немэна кажуць як пра рознабаковага музыку: інструмэнталіста, аранжыравальніка, вакаліста. Але гэта быў значна больш багаты талент. Аўтар незвычайных для тагачаснай эстрады па сваёй шчырасьці, мэтафарычнасьці і журботнасьці тэкстаў. Навацыйны мастак, паводле праектаў якога аздабляліся вокладкі да ягоных кружэлак. Тонкі аматар паэзіі, які нанова адкрыў нам польскую паэзію мяжы ХІХ і ХХ ст. Пры ўсёй разнастайнасьці — суцэльная і стылёвая асоба, моцная асабовасьць з трывалымі, непахіснымі маральнымі прынцыпамі, прыроднай інтуіцыяй і тонкай духоўнасьцю.

Пачатак гэтай нязвыклай асабовасьці — на Гарадзеншчыне, дзе ў 1939 г. ці то ў невялічкім мястэчку, ці то ў вёсцы Старыя Васілішкі нарадзіўся будучы музыка, паэт і мастак. Старыя Васілішкі — гэта адна з найбольш старажытных (з XV ст.) каталіцкіх парафіяў на Беларусі. Сёньня ўзьнёслы касьцёл Старых Васілішкаў узмацняюць падмуркі са шліфаванага граніту з выбітымі на іх імёнамі і прозьвішчамі тых, хто ахвяраваў на будаўніцтва касьцёла. Прыгожа. Сотні імёнаў — багатых, заможных і проста бедных. І тут сама — ганебная, мазольная, без скутку, дарэмная спроба зьбіць гэтыя імёны — балючая памяць пра зусім іншую мараль, далёкую ад прыгожага. У юнака былі звыклая савецкая школа ў тых самых Старых Васілішках, касьцельны хор, калгасныя «трудадні» бацькоў і нядзельная імша з бацькам‑арганістам.

Сёньняшнія дасьледчыкі творчасьці Чэслава Немэна зьдзіўляюцца: «А дзе ж беларускія песьні Немэна? Ён жа сьпяваў рускія і ўкраінскія песьні». Беларускіх песьняў у тым разуменьні, якое сёньня ўкладаецца ў гэтую дэфініцыю, Немэн ня ведаў і ня чуў. Ён жыў у атачэньні мясцовай польскамоўнай, якую палякі называюць «крэсовай», песьні, якую выкрасьлілі з музычнай традыцыі нашага народу, як выкрасьлілі паэзію Адама Міцкевіча. Гэтая песьня застаецца і сёньня terra incognita ў нашай нацыянальнай сьпеўнай спадчыне.

Адыход з жыцьця творчай таленавітай асобы актывізуе вывучэньне ейнай спадчыны, што жывіць памяць пра яе. Арганізатары выставы спадзяюцца, што яна таксама дасьць творчы імпульс для навукоўцаў, музыкантаў і мастакоў Гарадзеншчыны да новага асэнсаваньня творчай спадчыны Чэслава Немэна.

Т. Кавэцкая, Горадня

0
Мікола Здралевіч / Адказаць
17.03.2007 / 01:36
Маю мару, каб перад будынкам гарадзенскай вучэлні, дзе калісьці навучаўся Немэн паўстаў сціплы помнік гэтаму чалавеку. А пакуль, калі хто будзе ў Варшаве, завітайце на Паванзкоўзкія могілкі - там вы бязь цяжкасьцяў знойдзеце месца, дзе Неман пахаваны - амаль заўсёды там гараць зьнічы. І запаліце яшчэ адзін.
0
jatviah / Адказаць
18.03.2007 / 03:07
«А дзе ж беларускія песьні Немэна? Ён жа сьпяваў рускія і ўкраінскія песьні» ... Беларускіх песьняў у тым разуменьні, якое сёньня ўкладаецца ў гэтую дэфініцыю, Немэн ня ведаў і ня чуў. Ён жыў у атачэньні мясцовай польскамоўнай, якую палякі называюць «крэсовай», песьнi... Oj, nieszta sumniavajusia, szto Czaslau nia czuu i nia znau miascovaj prostaj havorki, jakaja, paviercie, uch jak dalokaja ad polskaj. Autar artykula albo polonofil (takich i sionnia u Horadni dastatkova) albo dobra nia znaje miascovuju etnolingvistycznuju sytuacyju. Padazraju, Czaslau tutejszuju havorku znau, a znaczyc i piesni potencyjna moh-by sklasci, dyk tolki jak cikava da prostaj movy jon staviusia, buduczy "kresowym Polakiem"...
0
Savos' / Адказаць
06.05.2014 / 08:58
" Дык атрымліваецца Вы не былі знаёмы з беларускай мовай? – Ці быў знаёмы? Даруйце спадарыня, тое, што ў ваколіцах месціліся польскія вёскі, яшчэ не азначала, нібы тамтэйшыя людзі карысталіся літаратурнай польскай мовай. Нават у паўсядзённым побыце сям’і здаралася, што хтосьці размаўляў мовай, набліжанай да літаратурнага ўзору, а хтосьці іншы – мовай, надзвычай далёкай ад якіх-кольвек узораў. Зрэшты, пераканаўся потым, што нават на тэрыторыях, дзе беларускасць нікім не была пастаўленая пад сумнеў, беларуская мова была незразумелай для мяне у маўленні саміх беларусаў. Некалькі гадоў таму, знаходзячыся на выступленнях у Мінску, а гэта сталіца Беларусі, выказаў здзіўленне, што ўсе наўкол размаўляюць па-руску, а не па-беларуску. Склалася нават такое ўражанне, нібыта яны саромеюцца сваёй мовы. Задумлівы, запытаўся, як жа насамрэч выглядае справа? А мне на тое: што гэта за мова? І карыстаюцца ёй толькі цёмныя людзі “из деревни”. Было гэта, аднак, колькі гадоў таму. З таго часу і там таксама справы змяніліся. Але – толькі цяпер. "-з інтэрв'ю адной польскай гэзэце..
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру