Супрацоўнікі міліцыі і КДБ скончылі ператрус на прыватнай кватэры, дзе захоўваецца маёмасьць МГА "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Ператрус пачаўся а 16-й, скончыўся а 20-й.

Як расказала карэспандэнтам "НН" старшыня рады МГА ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская, спачатку на кватэру зайшлі два чалавекі, адзін зь іх прадставіўся ўчастковым Савецкага РУУС, другі быў у цывільным.

Яны заявілі, што жыхары-суседзі паскардзіліся, што нібыта нехта паліў на лесьвічнай пляцоўцы, ды пачалі патрабаваць выклікаць гаспадара прыватнай кватэры. Пазьней прыйшлі яшчэ чатыры чалавекі.

Правяраліся дакумэнты, аргтэхніка, кнігі. Прэтэнзій да кніг, выдадзеных у Беларусі, не было.

Пытаньні выклікалі выдадзеныя ў Літве і ўвезеныя ў Беларусь кнігі Ю.Туронка "Людзі СБМ", Ю.Віцьбіча "Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі" і Дз.Касмовіча "За вольную і сувэрэнную Беларусь".

Яны і былі ўсе канфіскаваныя -- усяго 1067 асобнікаў.

Увесь час пры ператрусе на кватэры знаходзіліся Алена Макоўская і намесьніца старшыні рады ЗБС "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская.

***

Якія кнігі сканфіскавалі кагэбісты?

Туронак Юры. Людзі СБМ. - Вільня, Gudas, 2006. -- 224 c.

У пачатку тыдня {рэцэнзія была надрукавана на сайце 21 сьнежня 2006 г. -- "НН"} выйшла з друку новая кніга Юр'я Туронка «Людзі СБМ».

Працу над кнігай доктар гісторыі Юры Туронак скончыў пры канцы верасьня 2006 г. Нягледзячы на перанесены ўлетку інсульт і наступствы, ён давёў працу да канца.

Дасьледчыка надта ня любяць афіцыйныя гісторыкі, што займаюцца пытаньнямі Другой сусьветнай вайны. Найперш за тое, што сп. Туронак здольны глядзець на беларускую мінуўшчыну без ідэалягічнай заангажаванасьці. Таму зь ягонымі тэзамі заўсёды складана спрачацца.

У кнізе сп. Туронак раскладае па палічках усю гісторыю Саюзу беларускай моладзі і моцна крытыкуе як афіцыйных гісторыкаў, так і дасьледчыкаў з ура-патрыятычнага лягеру. І тыя, і другія фальшавалі гісторыю СБМ ва ўгоду палітычнаму кантэксту. Усё было куды больш празаічна і трагічна.

Аўтар расказвае пра пачаткі стварэньня арганізацыі, падрабязна апісвае кіраўнічыя кадры (у тэксьце зьмешчаныя каля 40 біяграмаў), аналізуе статыстыку, дзейнасьць Працоўнай групы СБМ у Нямеччыне ды прасочвае паваенны лёс юнакоў і юначак. А гэты лёс быў незайдросным: «Усіх гэтых юнакоў, акрамя перабежчыкаў да Андэрса, чакаў адзін лёс – палон, фільтрацыя, а даваенных савецкіх грамадзян – прымусовая рэпатрыяцыя, або адмаўленьне ад свайго імя, паходжаньня і мінулага, што адкрывала пэрспэктыву маральна непаўнацэннага кансьпіратыўнага бытаваньня на чужыне».

У кнізе зьмешчаны дакумэнты СБМ, вершы і песьні, напісаныя пад ўплывам патрыятычнага ўздыму ўдзельнікамі – ці для ўдзельнікаў – арганізацыі. Сярод іх аўтараў і шараговыя СБМаўцы, і Натальля Арсеньнева ды Міхась Кавыль.

Мала хто ведае, што аўтар знакамітага эмігранцкага маршу «Сьпі пад курганам герояў», які выконваўся падчас пахаваньняў, — кіраўнік СБМ Міхась Ганько. Але памяць пра яго вытручвалі ня толькі ў савецкай Беларусі, але й на эміграцыі. Нават прыпісвалі аўтарства верша Янку Купалу.

Кніга – выдатны падарунак для тых, хто цікавіцца гісторыяй, і пазасталых у жывых былых эсбээмаўцаў. Разам з тым гэта і «падарунак» для гісторыкаў ад улады. У іх кніга выкліча толькі злосьць, як ужо было зь «Беларусьсю пад нямецкай акупацыяй».

***

Дзьмітры Касмовіч. За вольную і сувэрэнную Беларусь. Вільня: Gudas, 2006. - 224 с. {рэцэнзія выдрукавана ў лістападзе -- НН}

У Літве выдадзеныя ўспаміны грамадзкага дзеяча, кіраўніка Беларускага вызвольнага фронту на эміграцыі, зацятага антыкамуніста Дзьмітрыя Касмовіча (1909-1991).

Апісаны ў кнізе час ахоплівае 1920–1945 гг. Аўтар расказвае пра дзяцінства, праведзенае ў Нясьвіжы, вучобу ў Радашкоўскай гімназіі ды ад’езд за мяжу ў канцы 1920-х – праваслаўным нялёгка было ў тагачаснай Польшчы.

Касмовіч паехаў у Бэльгію, дзе вучыўся ў Льежскім унівэрсытэце і паралельна працаваў у капальнях. Затым перабраўся ў Бялград, дзе скончыў багаслоўскі факультэт, а з пачаткам Другой сусьветнай вайны вярнуўся ў Нясьвіж.

Саветы, якія прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, прызначылі Касмовіча «бурмістрам» гораду – так называе сваю пасаду аўтар успамінаў. Потым быў удзел у Народным сходзе ў Беластоку (прамова Касмовіча ёсьць у стэнаграме зьезду), у сэсіі Вярхоўнага савету СССР у Маскве, што аформіла уваходжаньне Заходняй Беларусі ў СССР , - і сустрэча са Сталіным, чалавекам, якога Касмовіч ненавідзеў больш за астатніх. Савецкія ўлады рэпрэсавалі ягоную матку за тое, што яна была шчыра аддадзена праваслаўнай веры. «Сталін выглядаў несамавіта, мізэрна. Давялося і мне паціснуць яму руку. Гэтую хвіліну я ніколі не забуду. Сэрца аблівалася крывёй, я быў напоўнены злосьцю і жаданьнем адкрыта, шчыра выказаць усё што ляжала на маёй душы, выліць усю злосьць за ягоныя праступствы над маім і іншымі паняволенымі народамі».

Жыцьцё Касмовіча чарговы раз кардынальна зьмянілася з прыходам новых акупантаў, немцаў. Ён арганізаваў менскую паліцыю, а ў лістападзе 1941 г. выехаў на Браншчыну і Смаленшчыну, дзе праводзіў беларусізацыю акругаў ды арганізаваў атрады самаабароны (Службу парадку). У функцыі паліцэйскіх фармаваньняў (Касмовіч называе іх Беларускае Краёвае Войска) ўваходзіла барацьба з партызанамі. У пачатку 1970-х Касмовіча абвінавацілі ў кіраваньні апэрацыяй па зьнішчэньні 184-х камуністаў у Касплянскім раёне. Праўда, ягоная віна так і не была даказана. Бо не ўдзельнічаў.

У 1944 г. Касмовіч апынуўся ў Нямеччыне, дзе ўзяў шлюб з пляменьніцай Якуба Коласа, дзяячкай Саюзу Беларускай Моладзі Надзеяй Міцкевіч. Між іншага, з народным паэтам Беларусі аўтар успамінаў пазнаёміўся ў 1940 г. Касмовіч зазначае, што дзядзька Колас моцна ненавідзеў бальшавікоў і ў выпадку вайны не зьбіраўся зьяжджаць зь Менску. 26 чэрвеня 1941 г. яго сілком вывезла на ўсход НКВД.

Пасьля вайны Касмовіч пасяліўся ў Штутгарце, дзе ўзначальваў Беларускі вызвольны фронт, Беларускую незалежніцкую партыю, браў удзел у безьлічы антыкамуністычных форумаў па ўсім сьвеце.

Але гэты пэрыяд жыцьця ў кнізе адсутнічае. Дз. Касмовіч не пасьпеў дапісаць успаміны, распачатыя ў 1986 г. Ён памёр 23 красавіка 1991 г. Чатыры месяцы не дажыў да абвяшчэньня незалежнасьці, так і не здолеўшы ажыцьцявіць мару свайго жыцьця – адведаць родныя мясьціны.

Рэдактар кнігі ў прадмове зазначае, што да ўспамінаў трэба падыходзіць крытычна. Так, выклікаюць пытаньні лічбы пра колькасьць жаўнераў Беларускага краёвага войска на ўсходзе Беларусі. Касмовіч сьцьвярджае, што іх было 100 тысяч. Але, відаць, гэтую лічбу трэба дзяліць як мінімум на дзесяць. Бо 100 тысяч, каб не абаранілі Беларусь ад савецкага наступу, то, прынамсі, затрымалі б на пэўны час. А так Чырвоная Армія ў лічаныя дні дайшла да Менску ў 1944 г.

Што да заўвагаў наконт кнігі. Зьвярнула ўвагу на сябе апошняя старонка кнігі, дзе пазначана, што кампутарны набор ажыцьцяўляў сам Дзьмітры Касмовіч. Альбо гэта рэдактарска-карэктарскі недагляд, альбо аўтар успамінаў у 1986 г. ішоў у авангардзе тагачаснай кампутарна-тэхнічнай думкі.

Тым ня менш кніга чытаецца вельмі лёгка, як дэтэктыў. Лёгка жыў, лёгка і пісалася.

Зьвяртайцеся да незалежных распаўсюднікаў, альбо на выставу ў сядзібе БНФ (Варвашэні, 8).

***

Анатацыя на кнігу Ю. Віцьбіча мусіла зьявіцца на сайце сёньня, 16 сакавіка.

Віцьбіч Ю. Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. Вільня, Gudas. 2006. -- 296 c.

Выйшла кніга кніга эміграцыйнага пісьменьніка і журналіста Юркі Віцьбіча (1905–1975) «Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі». Упершыню кніга, што расказвае пра супраціў саветам у 1920-1930-ыя гады, была выдадзена ў 1996 г. у Нью-Ёрку Беларускім інстытутам навукі і мастацтва, але ў Беларусь тады трапілі лічаныя асобнікі.

У прадмове ўкладальнік выданьняў 1996 г. і 2006 г. нью-ёрскі дасьледчык Лявон Юрэвіч піша: «... Віцьбіч лічыў сваю працу не падрыхтоўчым матэрыялам для наступных дасьледнікаў, а хутчэй падмуркам і арыенцірам у моры хлусьні і няведаньня, з чым неадменна сутыкнецца будучы гісторык. Было ў яго яшчэ адно жаданьне — разбурыць легенду «о тихом и неспротивляющемся злу белорусе». Шырака распаўсюджаная, укаранёная ў галовах людзей легенда нарабіла вялікай шкоды».

Трэба зазначыць, што арыгінал рукапісу Віцьбіча ў сярэдзіне 1990-х знаходзіўся ў страшэнна жудасным стане.

"Каб Вы ведалі, зь якога сьмецьця мы ў 1996 г. зьляпілі гэтую кнігу", -- казала адна з укладальніц выданьня 1996 г. Алена Юрэвіч, якая так і не пабачыла перавыданьня манаграфіі.

***

Чаму ўсе тры кнігі былі выдадзеныя ў Вільні? Таму што ўсе друкарні, пабачыўшы толькі назвы трох кніг, наадрэз адмаўляліся яе друкаваць. Хоць афіцыйна, хоць нелегальна. Нагадаем таксама, што ЗБС "Бацькаўшчына" была нядаўна пазбаўлена офісу, нягледзячы на доўгатэрміновую дамову на арэнду, на вуліцы Рэвалюцыйнай. Але ўсе высілкі знайсьці новы легальны офіс плёну не далі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?