У 2011 годзе па аўтарскіх правах у Беларусі было выплачана 9,5 млрд. рублёў, што на 40% больш, чым у 2010 годзе. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 25 красавіка паведаміў начальнік цэнтра па калектыўным кіраванні аўтарскімі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Бічурын.

Ён адзначыў, што за апошнія пяць гадоў такія выплаты ўзраслі ў тры разы. Пры гэтым аўтарскія выплаты ажыццяўляюцца не толькі беларускім, але і замежным праваўладальнікам. У 2011 годзе ім было выплачана ў эквіваленце 2 млрд. 100 млн. рублёў.

Для параўнання: усяго ў свеце ў 2010 годзе арганізацыямі, якія абараняюць аўтарскія правы, было выплачана 7,5 млрд. еўра аўтарскай узнагароды. У Беларусі за гэты перыяд — 1 млн. 600 тыс. еўра, ці 16 еўрацэнтаў на чалавека. «У суседніх дзяржавах гэтыя паказчыкі значна вышэйшыя: у Расіі — 0,5 еўра, у Польшчы — 1,8 еўра. Але разуменне значэння аўтарскага права і яго камерцыялізацыя з цягам часу ўзрастае, усё больш карыстальнікаў заяўляюцца добраахвотна, са многімі даводзіцца весці больш канструктыўны дыялог, пераконваючы заключыць дагавор і выконваць аўтарскія правы», — сказаў эксперт.

Сярод найбольш папулярных аўтараў, якім выплачваюцца ўзнагароды, ён назваў Уладзіміра Пугача, Уладзіміра Кубышкіна, Аляксея Набеева, Максіма Алейнікава, Ігара Лучанка.

Бічурын адзначыў, што цэнтр займаецца абаронай і рэалізацыяй аўтарскіх правоў на музычныя і тэатральныя творы. Паводле яго слоў, на рэгулярнай аснове аўтарскія ўзнагароды адлічваюць 1.200 суб’ектаў гаспадарання, сярод якіх радыёстанцыі, тэлевізійныя каналы, аб’екты грамадскага харчавання і гандлю.

Бічурын таксама паведаміў, што абарона аўтарскіх правоў вырашаецца ў судовым парадку. «Адзін суд з неплацельшчыкам дазваляе потым мець прапагандысцкі эфект. Не скажу, што мы не вылазім з судоў, хаця гэта нармальная практыка для абаронцаў аўтарскіх правоў. На працягу года ў Беларусі праходзіць каля паўсотні спраў. Яны разглядаюцца спецыяльнай калегіяй Вярхоўнага суда», — сказаў эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?