Міліцыя мае намер забяспечыць грамадскі парадак у сталіцы падчас акцый, запланаваных апазіцыяй на сакавік. «Усё будзе адэкватна тым падзеям, якія будуць разгортвацца», — заявіў БелаПАН намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі — камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Валерый Гайдукевіч, каментуючы магчымыя дзеянні ў гэтыя дні праваахоўных органаў і перспектыву пераводу міліцыі на ўзмоцнены варыянт нясення службы.

«Калі вялікая колькасць людзей, мяркуецца, што адпаведныя сілы будуць удзельнічаць у падтрыманні грамадскага парадку», — сказаў В.Гайдукевіч. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ніхто «лішніх людзей нікуды прыцягваць не будзе».

Пазней у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН адзін з афіцэраў унутраных войскаў заўважыў, што «калоны тэхнікі ў горад не пойдуць», але падраздзяленні ўнутраных войскаў будуць гатовы выканаць задачы па падтрыманні грамадскага парадку ў сталіцы.

Нагадаем, прадстаўнікі апазіцыі прыблізна месяц таму падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 25 Сакавіка, у Дзень Волі, святочнага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Арганізатары лічаць, што афіцыйны адказ будзе атрыманы прыкладна 20 сакавіка.

Трэба таксама нагадаць, што 19 сакавіка споўніцца роўна год з моманту правядзення прэзідэнцкіх выбараў, пасля якіх адбыліся вядомыя падзеі — шматтысячныя мітынгі грамадзян, не згодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў, і з’яўленне палатачнага гарадка на Кастрычніцкай плошчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?