У сёньняшняй Беларусі культурныя здабыткі часта зьяўляюцца не дзякуючы, а насуперак абставінам. Так выйшла і цяпер. Культавы раман амэрыканскага пісьменьніка Чака Паланюка «Байцоўскі клюб» на беларускую мову перастварыў не прафэсійны перакладчык, а студэнт‑радыётэхнік. Зь Сержуком Мядзьведзевым гутарыць Зьміцер Панкавец.

«Наша Ніва»: Расказвай, кім ты ёсьць, бо пра цябе ўвогуле нічога не вядома.

Сяржук Мядзьведзеў: Прыйшоў на сьвет 6 жніўня 1985 году ў радзільні №2 гораду Віцебску. Пасьля быў дзіцячы садок ад мясакамбінату, музычная школа (і цяпер, калі прыяжджаю дадому, магу ўзяць у рукі акардэон ці гітару), радыётэхнічны ўнівэрсытэт. Недзе зь сёмае клясы, пад уплывам сябра, пачаў цікавіцца інфарматыкай, таму і пайшоў у БДУІР. Я быў пэўны, што пасьля БДУІР заўсёды знайду сабе добрую працу, чаго ня скажаш пра філфак. Да таго ж бацька вучыўся таксама ў РТІ. Пераезд у Менск даўся досыць лёгка. Па‑беларуску пачаў пісаць яшчэ ў школе. Цяпер падпрацоўваю праграмістам у «EPAM». Жыву сёньняшнім днём.

«НН»: Калі ня супраць, то давай пяройдзем да Паланюка. Ці ўсё ж да Паланіка/Палагнюка?

СМ: У нас прозьвішча гэтага пісьменьніка прынята пісаць як Паланік, але калі ўлічыць ягоныя ўкраінскія карані, то правільней было б пісаць Паланюк. Таму ў маім перакладзе яго прозьвішча будзе гучаць менавіта як Паланюк. Хадановіч сказаў бы Паланік, але зь перакладчыкам не спрачаюцца. Некалі «Наша Ніва» пісала Чак Палагнюк.

«НН»: Дык чаму заняўся перакладамі менавіта Паланюка?

СМ: Усё пачалося на перакладчыцкай майстэрні пры Беларускім Калегіюме. Ужо на першай сустрэчы пайшло абмеркаваньне тых твораў, якія мы б хацелі перакладаць. Працаваць над нейкімі малымі творамі не хацелася. У мяне былі тры варыянты: Кен Кізі «Над гняздом зязюлі», Оруэл «Фэрма» і Паланюк «Удушша». Спыніўся на Паланюку, бо разважыў, што трэба перакладаць сучасьнікаў. Спн. Вольга Калацкая запыталася пазьней, чаму я хачу перакладаць «Удушша», а не «Байцоўскі клюб». Падумаўшы, я ўсё ж выбраў «Байцоўскі клюб». На другім курсе ва ўнівэрсытэце мы зьбіраліся перакласьці на беларускую мову фільм «Байцоўскі клюб». Пасьля пачалася ўласна праца. Памятаю, калі прыносіў першыя аркушы зь перакладамі. Мне сёньня за іх нават крыху сорамна. Дзякуй Вользе Калацкай, якая не забракавала мае спробы, а толькі заахвочвала далей працаваць над творам.

«НН»: Колькі часу ты працаваў зь перакладам?

СМ: Калі браць час ад пачатку да заканчэньня, то гэта 15 месяцаў. Праўда, былі пэрыяды, калі я ня браўся за пераклад месяц, а то і болей. Былі моманты, калі праца проста не ішла, што б ты ні рабіў. А бывала, што, наадварот, усё ішло добра. Напрыклад, апошнія 20 старонак я пераклаў за 3 дні. Ня тое, каб я ня верыў, што перакладу твор цалкам, але сумняваўся, бо не ў характары маім даводзіць справу да канца. У той самы час, калі зрабіў 80%, то зразумеў, што даб’ю яго. У мяне была ўстаноўка: калі я перакладу гэты раман, то, значыць, зраблю нешта вартае ў жыцьці. Цяпер застаецца дапрацаваць раман, адшліфаваць нейкія моманты. Да таго ж, у мяне значная частка перакладу зробленая на паперы, каля 70%, цяпер гэта трэба загнаць у электронны варыянт. Пасьля ўсяго гэтага застаецца толькі выдаць кнігу.

«НН»: Чым цябе так захапляе Паланюк?

СМ: Гэта, мабыць, адзіны аўтар, якога я прачытаў поўнасьцю, апроч публіцыстыкі. Ён прываблівае мяне нейкай бунтарскай энэргіяй. Прасторай свабоды.

«НН»: На твой погляд, ці будзе «Байцоўскі клюб» цікавы ў Беларусі сёньня?

СМ: У рамане вядзецца гаворка пра тое, як на фоне пасьпяховага капіталістычнага грамадзтва паўстае пласт насельніцтва, які ня згодны жыць па ранейшых каштоўнасьцях. Гэта найперш сярэдняя кляса — клеркі, мэнэджары. Яны ўзьнімаюцца на бунт. Гэтая нефармальная арганізацыя разрастаецца па ўсёй краіне. У канцы твору яны кантралююць ужо амаль усё. Зьнішчаючы буйныя кампаніі, яны спрабуюць зьнішчыць усю гэтую спажывецкую цывілізацыю. Калі ты зьнішчаеш усю інфармацыю пра крэдыты, то эканоміка пачынаецца з нуля. Урэшце, ствараецца досыць утапічная карціна: руіны Нью‑Ёрку, ліяны на хмарачосах, ласі ходзяць па гарадох. У значнай ступені Паланюк іранізуе і з спажывецкага ладу, і з тых, хто спрабуе яго зруйнаваць. Гэта таксама нейкі бунт супраць сыстэмы. І ў нас, і ў іх сыстэма выкарыстоўвае мэтады татальнага кантролю, для кожнага грамадзтва яны свае. Натуральна, нам яшчэ далёка да амэрыканскіх рэаліяў з рынкам і ўсім такім, але паступова і мы ідзём да гэтага. У хуткім часе праблема спажывецкага грамадзтва можа стаць актуальнай і для Беларусі. Цікава, што Паланюк пісаў «Байцоўскі клюб», калі наведваў літаратурныя гурткі. Там зьбіраліся пісьменьнікі, быў нейкі вядоўца ўсяго гэтага ці настаўнік, які казаў, што да наступнай сустрэчы трэба напісаць, скажам, шэсьць старонак. Так, уласна, «Байцоўскі клюб» і паўстаў.

«НН»: Ці не нагадвае табе гэта Беларускі Калегіюм?

СМ: Нешта сапраўды ёсьць: калі нам патрэбна было пацьвердзіць статус студэнта, а ня вольнага слухача, мы пісалі эсэ, зачытвалі яго перад іншымі аднагрупнікамі, нам выстаўлялі адзнакі. Таму нейкія паралелі ёсьць.

«НН»: Дык мо і ў цябе такім чынам народзіцца нейкі культавы раман?

СМ: Пакуль што ў прозе мяне не хапае на вялікія творы. Хіба што напішу цяпер шасьцістаронкавае апавяданьне. У мяне ня той узрост, каб пісаць раманы. Для прозы патрэбны нейкі жыцьцёвы досьвед, а яго ў мяне пакуль малавата.

«НН»: Дзе цябе можна пачытаць?

СМ: Хіба толькі ў ЖЖ — siarzh.livejournal.com. Калісьці некалькі маіх вершаў друкавала «Наша Ніва», а таксама на сайце newlit.info.

«НН»: Дзеля чаго ты вядзеш «Жывы журнал»? Што ён табе дае?

СМ: Сябры падбілі на яго. Спачатку ня думаў, што так захопіць, бо некалі ў дзяцінстве вёў папяровы дзёньнік, але не сыстэматычна. Мне здавалася, што гэта ня мой фармат, але зацягнула. Мне ён дае да халеры пазытыву, таго, чаго мне не хапае ў рэальным жыцьці, дае мне кантакты зь цікавымі людзьмі. Гэта вялікая гульня, набліжаная да жыцьця. Гэта цікава і весела. Натуральна, зьявілася нейкая залежнасьць ад блогу, але яна не паталягічная.

«НН»: Якія ёсьць пэрспэктывы з выданьнем раману?

СМ: У нармальных краінах перакладчык атрымлівае грант. Ён перакладае і адпрацоўвае гэтыя грошы. Я ж пераклаў кнігу за ўласны кошт, уласнымі рэсурсамі. Я, натуральна, нічога за гэта не патрабую. Мне хацелася б, каб выданьне кніжкі не было маёй праблемай. Проста хочацца, каб «Байцоўскі клюб» пабачыў сьвет. Можа быць, прапаную ў «ARCHE», але хацелася б убачыць гэта асобнай кнігай.

«НН»: Ці будзеш перакладаць фільм?

СМ: Насамрэч 20% сцэнару фільму я пераклаў яшчэ на першым курсе. Дзесьці ён у мяне яшчэ захаваўся. Мне здаецца, што беларускі пераклад «Байцоўскага клюбу» мусіць пайсьці ня горш за тое ж «Крымінальнае чытво». «Байцоўскі клюб» менш абцяжараны ненарматыўнай лексыкай, таму ў гэтым пляне працаваць будзе лягчэй.

«НН»: І каго будзеш агучваць?

СМ: Каго дадуць, таго і буду, але спадзяюся неяк паўдзельнічаць у агучцы. Хацелася б кагось з галоўных герояў.

«НН»: Што плянуеш перакласьці зараз?

СМ: У мяне ў стале ўжо ляжыць арыгінальны тэкст другога раману Паланюка «Ўдушша». Паланюка часта называюць аўтарам адзінай кнігі. Я абсалютна ня згодны. Таму, калі бліжэйшым часам мне не падвернецца нічога больш цікавага, буду перакладаць менавіта «Ўдушша».

«НН»: Наколькі я ведаю, у той самы дзень ты атрымаў ліст ад самога Паланюка. Пра што ён табе напісаў?

СМ: Адчыняю паштовую скрыню, а адтуль вылятае паперчына: «На вашае імя атрымана пасылка з ЗША». Скончыць працу над перакладам і атрымаць у адзін дзень пасылку ад Паланюка! У пачатку кастрычніка пабачыў абвестку: Чак Паланюк адчыняе паштовае акно для фанатаў. Трэ было даслаць ліст на адрас яго мэнэджара, і пісьменьнік адкажа асабіста кожнаму лістом або пасылкай. Я напісаў, як шчыры фанат, словы захапленьня, адзначыў, што перакладаю «Байцоўскі клюб», напісаў як складана было дастаць арыгінал, як цяжка ў нас з роднай мовай, папрасіў даслаць пару кніг. Я не спадзяваўся на адказ, пагатоў на пасылку. Усярэдзіне пасылкі быў ліст і штук 15 розных дробязей — цацачная морква а la кіндэр‑сюрпрыз, калькулятар, плястмасавы адрэзаны палец, калядныя сьвечкі, насеньне незабудкі, два аўдыёдыскі зь ягонымі чытаньнямі падчас кніжных тураў, а таксама жывёла, якая сымбалізуе маю моц: маленькі плюшавы мядзьведзік. Паланюк сам у лісьце маркерам напісаў: «Your Power Animal is enclosed!!!» Прыемна. А ліст — тры маленькія абзацы — Паланюк напісаў асабіста. Даў пару карысных парадаў па жыцьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?