posterНТВ, 23.00

Усё пра маю маці (Todo sobre mi madre)

Гішпанія – Францыя, 1999, каляровы, 101 хв.

Рэжысэр: Пэдра Альмадовар

Ролі выконваюць: Сэсылія Рот, Марыса Парэдэс, Антонія Сан Хуан, Пэнэлёпа Круз, Кандэла Пенья, Роза Марыя Сарда, Фэрнарда Фэрнан Гомес

Жанр: Драма

Адзнака: 8 (з 10)

Канскі прыз за лепшую рэжысуру й узнагарода экумэнічнага журы, “Оскар” за лепшы замежны фільм, прэмія “Сэзар” – усяго 45 узнагародаў і 29 намінацый на міжнародных кінафэстах.

Пасьля трагічнае сьмерці 17-гадовага сына Эстэбана ягоная маці Мануэла знаходзіць старыя запісы. Сын марыў сустрэцца са сваім бацькам – і маці вырашае выканаць апошнюю волю сына. Яна адпраўляецца на пошукі чалавека, якога ня бачыла 18 гадоў і трапляе ў тэатр.

Стракаты сьвет геяў і трансвэстытаў (фірмовая альмадовараўская тэма), падмосткі, дзе сцэнічныя пакуты пераплеценыя з рэальнасьцю, сьмех, сьлёзы, дасьціпнасьць і цеплыня.

У адрозьненьні ад стужкі “Усё пра Эву”, дзе тэатральныя эгаісткі змагаюцца за вяршэнства, гераіні альмадовараўскага фільму – любяць адна адну, падтрымліваюць, дапамагаюць.

Калі Мануэла знаходзіць актрысу, па неабачлівасьці якой і загінуў Эстэбан, спрабуючы ўзяць аўтограф – то маці даруе, прабачае і... і нат сама становіцца актрысаю маленькага тэатру.

Калі альмадовараўскае “Вяртаньне” – супольнасьць дон кіхотаў у спадніцах, то “Усё пра маю маці” – тэатральны гурток, дзе жанчыны цяжараць ад транссэксуалаў, акторкі-недарэкі ўжываюць наркотыкі, а бардэль на вуліцы і сцэна абменьваюцца пэрсанажамі.

Але гэты малімонна-эклектычны й грэшны сьвет прасякнуты цеплынёй і любоўю.

Сын Мануэлы загінуў – і стаўся донарам. Усе гераіні стужкі – донары дабрыні (якую, праўда, разумеюць па-свойму).

Усе ахвяруюць кар’ерай дзеля адна адной, знойдуць добрае слова, суцешаць і насьмяшаць.

А спачуваньне й любоў спараджаюць ціхія цуды.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?