Грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» звяртаецца да генеральнага пракурора Беларусі з просьбай не распачынаць крымінальную справу ў дачыненні да аднаго з лідараў маладзёжнага крыла кампаніі Паўла Вінаградава.

Як паведаміў 30 красавіка на прэс-канферэнцыі лідар кампаніі «Гавары праўду!» экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, пачаты збор подпісаў грамадзян Беларусі пад адкрытым лістом да генеральнага пракурора Аляксандру Конюка з патрабаваннем спыніць незаконны пераслед з боку органаў унутраных спраў, а таксама судовае самаўпраўства ў дачыненні да актывіста кампаніі Паўла Вінаградава.

Як заявіў Някляеў, «Гавары праўду!» лічыць,

што сілавыя структуры спланавалі і рэалізуюць кампанію, мэта якой — падвесці Вінаградава, які знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам органаў унутраных спраў, пад чарговую крымінальную справу і пазбавіць яго волі. Так ужо было зроблена з раней вызваленымі палітзняволенымі Аляксандрам Малчанавым і Васілём Парфянковым.

«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем звярнуць вашу ўвагу на факты мэтанакіраванага ціску і правакацый з боку органаў унутраных спраў у дачыненні да Паўла Вінаградава, а таксама на прававы суб'ектывізм суддзяў, якія разглядаюць яўна сфальсіфікаваныя справы. Павел Вінаградаў вядомы грамадскасці краіны як чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. За ўдзел у акцыях пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў супраць указа № 760 у 2008 годзе яго прыгаварылі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Вінаградава вязнем сумлення. Неўзабаве пасля гэтага ён быў амніставаны. У 2011 годзе за ўдзел у мірнай акцыі грамадзянскага пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Вінаградава прыгаварылі ўжо да трох гадоў пазбаўлення волі. І зноў Amnesty International прызнала маладога чалавека вязнем сумлення. А ў верасні мінулага года ў выніку памілавання прэзідэнта Беларусі Павел быў вызвалены», — гаворыцца ў заяве.

«Безумоўна, сілавыя структуры разлічвалі на тое, што пасля дзвюх крымінальных спраў ён перастане займацца палітычнай дзейнасцю. Аднак Вінаградаў захаваў вернасць сваёй грамадзянскай пазіцыі. І гэта не засталося без увагі», — сказаў Уладзімір Някляеў.

***

Павел Вінаградаў быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Суд прыгаварыў яго да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 14 верасня 2011 года актывіста вызвалілі на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні, хоць прашэння на імя Аляксандра Лукашэнкі ён не падаваў.

10 красавіка гэтага года супраць Вінаградава ўвялі рэжым прэвентыўнага нагляду на два гады. Згодна з правіламі, ён павінен быць дома з 8 гадзін вечара да 7 раніцы, яму забаронена пакідаць горад без дазволу міліцыі.

Міліцыя матывуе гэта тым, што Вінаградаў працягвае зносіцца з прыгаворанымі судом асобамі, што ён не ўладкаваўся на працу і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Актывіста маладзёжнага крыла «Гавары праўду!» некалькі разоў затрымлівала міліцыя нібыта за брыдкаслоўе. Усяго з пачатку гэтага года Вінаградава чатыры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, ён правёў за кратамі больш чым 30 сутак.

Цяпер Вінаградаў адбывае пяцісутачны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску па абвінавачанні ў дробным хуліганстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?