З пачатку года ў банкаўскай сістэме Беларусі падраздзяленнямі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў выяўлены 30 злачынстваў. Аднак, як зазначаюць у ГУБЭЗ МУС, гаварыць пра тое, што гэта лічба поўнасцю адлюстроўвае крымінальную карціну галіны, не даводзіцца.

«Тых, хто парушыў закон, намнога больш.

Проста банкі паміж рэпутацыяй (нават цаной стратаў) і пакараннем вінаватых выбіраюць першае, самі ствараючы ўсе перадумовы для ўчынення злачынстваў. Пры такім падыходзе пераламаць гэту сітуацыю, калі людзі незаконна атрымліваюць крэдыты, нават не думаючы іх вяртаць, а банкаўскія работнікі прыдумваюць новыя спосабы прысвойваць чужое, немагчыма.
Між тым ёсць канкрэтныя сегменты банкаўскай сферы, дзе ўчынення злачынстваў можна пазбегнуць, вядома, калі караць за ўчыненае», — гаворыцца ў паведамленні галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС.

Самым уразлівым у міліцыі называюць сегмент крэдытавання, у якім доля правапарушэнняў у 2011 годзе склала 90% ад агульнай колькасці. Прычынамі фарміравання негатыўнай дынамікі, паводле інфармацыі ГУБЭЗ МУС, з'яўляюцца як павелічэнне аб'ёмаў крэдытавання, так і спрашчэнне працэдуры выдачы крэдытаў у частцы вывучэння службамі банкаў «надзейнасці» кліентаў.

«Несумленныя крэдытаатрымальнікі часта могуць без асаблівых намаганняў атрымаць у банку грошы, падаўшы неадпаведныя сапраўднасці дакументы,
— расказвае старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Святаслаў Мяшкоў. — Падчас разбораў па праблемных крэдытах работнікі службаў бяспекі і юрысты банкаў нярэдка маніпулююць магчымасцю накіроўвання ў органы крымінальнага пераследу матэрыялаў у дачыненні да асоб, якія выкарысталі, да прыкладу, ліпавыя даведкі аб месцы працы і сваіх даходах, схіляючы апошніх да выплаты доўгу. А ў выпадку пагашэння крэдыту, даецца задні ход і матэрыялы аб супрацьпраўных дзеяннях крэдытаатрымальніка нікуды не адпраўляюцца. Тым самым злачынствы ўтойваюцца на ўзроўні банкаў».

Яшчэ больш латэнтнай, як паведамляюць у МУС, з'яўляецца катэгорыя крымінальна-караных дзеянняў, што ўчыняюцца непасрэдна работнікамі банкаў. Сярод іх — крадзяжы, хабарніцтва, службовыя падлогі, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і іх перавышэнне. Выяўлены нават выпадкі фальшываманецтва з боку банкаўскіх работнікаў. У 2011 годзе зарэгістравана 59 такіх злачынстваў, сёлета — 14. «Якая іх сапраўдная колькасць і наколькі празрыстая і надзейная ўся банкаўская сістэма, наўрад ці ўяўляецца магчымым высветліць. Банкі ж аддаюць перавагу стварэнню міфаў, а не вырашэнню праблемы, якая расце, як снежны камяк, «, — гаворыцца ў паведамленні ГУБЭЗ МУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?