Эпіцэнтр супрацьстаяння мясцовых жыхароў і гарадскіх уладаў перамясціўся на вуліцу Шугаева. Сёння раніцай працягнулася высечка сквера насупраць музея валуноў. Характэрна, што з піламі і сякерамі выйшлі не работнікі раённага Зелянбуда, а моцныя хлопцы са спецназу.

Яны не хавалі праўды: "Хочам жыць на гэтым месцы і зробім для гэтага ўсё магчымае".

Высякаць сквер на пляцоўцы, дзе неўзабаве мае пачацца будаўніцтва двух дамоў для супрацоўнікаў ПМСП Мінгарвыканкама, пачалі ў канцы красавіка. Мясцовыя жыхары звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай спыніць «варварства», прыклаўшы дакументы, згодна з якімі будаўніцтва на скрыжаванні вул. Шугаева і вул. Русіянава незаконнае. Чыноўнікі паабяцалі разабрацца. А на нядаўнім суботніку ў скверы за ўласныя сродкі грамадзяне высадзілі саджанцы. Сёння іх выкарчавалі.

«Аперацыя» праходзіла пад прыкрыццём дзвюх міліцэйскіх машын.
Работнікі Зелянбуда ўдзелу не бралі, толькі курылі ўбаку. Хлопцы са спецназу, якія секлі дрэвы, не хавалі: яны хочуць як мага хутчэй засяліцца ў новыя дамы.

- Навошта вы ператвараеце Уручча ў гета? Што, хочаце прыйсці на ўсё гатовае? - не вытрымала пенсіянерка, паспрабаваўшы выратаваць адно з дрэваў.

Але супрацьстаяць амапаўцам, зразумела, людзі не маглі. Тыя, у сваю чаргу, абараняліся.

- Хочаце захаваць ваш парк? Збярыце грошы і выкупіце ўчастак! Дамы тут пабудуюць і кропка.

- Што сабраліся? Ідзіце спаць! Лепш бы вы так хлопцаў, якіх на вайну пасылаюць, абаранялі, - сказаў нехта з сілавікоў.

Некалькі дзясяткаў мясцовых жыхароў, рызыкуючы спазніцца на працу, засталіся дзяжурыць у скверы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?