Маці пакаранага смерцю Уладзіслава Кавалёва напісала на імя начальніка следчага ізалятара КДБ скаргу з патрабаваннем вярнуць ёй запісы сына. Скарга адпраўлена 30 красавіка па пошце заказным лістом з паведамленнем.

Як сказала Любоў Кавалёва, пасля выканання смяротнага прыгавору ў дачыненні да яе сына яна атрымала па пошце з СІЗА КДБ пакет з яго асабістымі рэчамі. Аднак жоўтая папка, з якой Уладзіслаў хадзіў на пасяджэнні суда, аказалася пустой. «З гэтай папкай ён быў на судзе, там знаходзіліся запісы, зробленыя ім падчас суда і пасля, калі яны з адвакатам знаёміліся з судовай справай для напісання касацыйнай скаргі. Улад вельмі прасіў, каб гэтыя запісы захавалі», — адзначыла Любоў Кавалёва.

Яна мяркуе, што ў запісах сына маглі згадвацца нейкія парушэнні ва ўтрыманні ў СІЗА, і таму іх канфіскавалі.
«Але я не атрымала ніякіх дакументаў аб тым, напрыклад, што запісы сына былі знішчаныя ў законным парадку. Можа, іх хтосьці выкраў? Няхай адміністрацыя СІЗА КДБ разбіраецца і дасць мне адказ», — заявіла жанчына.

Кавалёва адзначыла, што па законе адказ на скаргу павінен быць дадзены на працягу 15 дзён, аднак яна не ўпэўнена, што атрымае такі адказ. «У СІЗА КДБ і раней ігнаравалі мае скаргі, — сказала маці пакаранага. — Я некалькі разоў звярталася наконт згубленых даверанасцей, якія сын складаў, каб я магла дзейнічаць ад яго імя. Двойчы складаліся даверанасці, і двойчы яны знікалі, калі іх павінна было засведчыць кіраўніцтва СІЗА КДБ. Калі даверанасці ўжо былі не патрэбныя, я атрымала фармальную адпіску аб тым, што даверанасць можа засведчыць звычайны натарыус».

Паводле слоў Любові Кавалёвай, калі яна не атрымае адказу на сваю скаргу, то будзе звяртацца ў іншыя інстанцыі, у тым ліку ў Генеральную пракуратуру.

***

Уладзіслаў Кавалёў і галоўны падазроны па справе аб тэракце Дзмітрый Канавалаў былі прыгавораныя да вышэйшай меры пакарання Вярхоўным судом Беларусі 30 лістапада 2011 года. Кавалёў сваёй віны не прызнаў і звярнуўся за памілаваннем да Лукашэнкі, які ў памілаванні адмовіў. У сярэдзіне сакавіка смяротныя прыгаворы былі прыведзеныя ў выкананне, нягледзячы на тое, што скарга Кавалёва на прыгавор была зарэгістравана ў Камітэце па правах чалавека ААН, а наглядная скарга не разглядалася Вярхоўным судом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?