02.05.2012 / 15:09

Выйшла кніга Быкава, аформленая як комікс 2

У кнігу ўвайшлі аповесці і апавяданні, якія ніколі не друкаваліся пры жыцці аўтара.

У электронным выдавецтве «Пяршак» часопіса 34mag.net выйшаў зборнік Васіля Быкава «Пасляжыццё».

Пад адной вокладкай сабраныя пяць твораў розных часоў напісання. Аповесць «Атака» і апавяданне «Жалезны камандзір» не так даўно былі знойдзеныя ў гарадзенскім архіве аўтара і адносяцца да 1960-х гадоў. Аповесць «Афганец» і апавяданне «Бутэльчына» створаныя ўжо ў незалежнай Беларусі, і гаворка ў іх таксама ідзе пра сучаснасць.

Акрамя таго, у зборнік ўвайшла незавершаная аповесць «Бліндаж», распачатая ў 1987 годзе. Усе тэксты выходзяць у аўтарскай рэдакцыі.

«Гэтай кніжкай мы хочам падкрэсліць, што лічым Быкава аўтарам, чытанне якога жыццёва неабходнае для разумення простых чалавечых каштоўнасцяў.

Бо вайна паміж геройствам і лайном унутры кожнага з нас, на жаль, не скончыцца ніколі»,
– кажуць прадстаўнікі «Першака».
Пры афармленні кнігі «Пасляжыццё» выкарыстаная коміксавая стылістыка.
Гэтым выдаўнікі хацелі паказаць сучаснасць і актуальнасць прозы Быкава. «Дызайн выдання – гэта нашая рэфлексія на тое, што адбываецца ўнутры зборніка. Кожная ілюстрацыя – своеасаблівы ключ да таго ці іншага твора і зборніка ў цэлым».

Аўтар ілюстрацый – маладая мастачка Ганна Крук.

Гэта ўжо трэцяя кніга, выдадзеная мультылэйблам «Пяршак». Да гэтага былі прэзентаваныя раман Віктара Марціновіча «Сцюдзёны вырай» і зборнік апавяданняў «Радзіма» Уладзіміра Казлова.

Спампаваць зборнік Васіля Быкава «Пасляжыццё» можна тут.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
zhd / Адказаць
02.05.2012 / 17:08
Трэба тэрмінова ствараць таварыства абароны В. Быкава. Задаследуюць (Шапран друкуе і перадрукоўвае кожную паперку) Замыляць вушы (на Радыё Свабода зноў і зноў змрочна-занудныя чытанні, а дакладней паўтарэнні старых запісаў) Спрабуюць прашчапіць адмоўную рэакцыю на ўзроўні рэфлексу, як да "школьных" класікаў. Васіль Уладзіміравіч пісьменнік сур'ёзны, тэмы ягоныя - змрочныя, часам страшныя, светапогляд - як у вельмі добра інфармаванага аптыміста. Слог і стыль не назавеш ані лёгкім, ані прыгожым. Гэткую літаратуру трэба ведаць, яе трэба прапагандаваць - але яе нельга спажываць паміж другім і трэцім. Дарма ў нас забываюцца на такі панятак, як прафанацыя.
0
Vitaut Arabello / Адказаць
09.05.2012 / 11:47
Выдатная, сучасная версія! Дасяжная да культурнага спажывання масавага чытача. Няхай будзе шмат розных выданняў і даследаванняў Быкава, Караткевіча, Купалы, Багдановіча і іншых творцаў. А хто лічыць Быкава ў жанры комікса прафанацыяй - можа падаць яго ва ўласным фармаце, але таксама быць гатовым да крытыкі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру