У Эўропе ладзяцца акцыі салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй, прымеркаваныя да гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і падзеям, што былі пасьля. У ноч на панядзелак у Фінляндыі і 40 гарадох Эўропы былі залепленыя раты помнікам на знак салідарнасьці зь беларускай моладзьдзю, якая, як мяркуюць арганізатары акцыі, прыгнятаецца ў Беларусі.

Арганізатарамі акцыі салідарнасьці выступілі актывісты фінскага аб’яднаньня «Моладзь Эўропы».

«Эўразьвяз мусіць выкарыстаць свой міжнародны ўплыў і патрабаваць ажыцьцяўленьня прынцыпаў дэмакратыі, свабоды слова і правоў чалавека на ўсёй тэрыторыі Эўропы. Урад Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі абмяжоўвае свабоду прэсы, тэлебачаньне знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, і грамадзяне ня маюць мажлівасьці ўдзельнічаць у палітычнай дзейнасьці», — гаворыцца ў заяве фінскай арганізацыі.

У рамках «гарачага беларускага тыдня» акцыі салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй пройдуць па ўсёй Эўропе, а таксама ў ЗША. У Вашынгтоне 25 сакавіка мае прайсьці дэманстрацыя ў падтрымку беларускіх вязьняў, кінутых у вастрог па палітычных матывах. Са словаў арганізатараў акцыі ў сталіцы ЗША, 25 сакавіка ля будынку пасольства Беларусі зьявіцца сымбалічная «плошча Каліноўскага», каб нагадаць беларускім дыпляматам пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Завяршальным мерапрыемствам «гарачага тыдня» стане канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю» у Варшаве, што пройдзе на Замкавай плошчы 25 сакавіка.

telegraf.by

Фота charter97.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0