Ён не п’е, як Брэжнеў, не хварэе, як Андропаў, і не параноік, як Сталін.
Ён не прастак, як Мікітка, і не стары, як Чарненка. Ён не робіць рэформаў, як Гарбачоў, і не дэмакрат, як Ельцын. Ён не чайнік у эканоміцы і бяспецы. Ён працаздольны і арганізаваны.
Лепшага выбару ў прыхільнікаў моцнай рукі і нацыяналістычнага курсу быць не можа.
І вось жа ўдача — Пуцін трапіў у перыяд гістарычна рэкордных, касмічна высокіх цэнаў на энергарэсурсы, якія ўтвараюць львіную долю прыбыткаў Расіі. Карацей, усё сышлося.
Што ж мы маем у выніку?

Расійскі ВУП сёлета вырасце на працэнты 3. Зусім мала, калі ўлічыць, што барэль нафты каштуе за 100 даляраў. Па-за нафтагазавай сферай ВУП увогуле... не расце.

Насельніцтва Расіі працягвае скарачацца ўсе гады кіравання Пуціна. Гэта пры тым, што ў Расію валам валяць гастарбайтары з суседніх краін — бедных, а часта наўмысна даведзеных да галечы задзёртымі коштамі газу.

Расійская інфраструктура... Яе кожны можа пабачыць — пераедзьце мяжу пад Смаленскам.

Капітал уцякае з Расіі. Зарабіўшы грошы, расіянін не хоча жыць у Растове, ён купляе сабе кватэру ў Нью-Джэрсі.

Праблема Пуціна дубль два ў тым, што яму больш няма на каго ківаць.
Ён кіруе Расіяй ужо 12 гадоў. (Лукашэнка Беларуссю — аж 18, і ён у такой самай сітуацыі.) Гэта раней былі вінаватыя камуністы, развал Саюза, Ельцын. І на Захад не спіхнеш віны — палітыка ж самастойная. (У Беларусі цяпер спрабуюць валіць на візавыя санкцыі — смех.)
Пры ўсёй сіле Пуціна-палітыка змяніць, палепшыць Расію яму не ўдалося.
Ён застаецца папулярным, бо нафтагазавыя даходы дазваляюць паднімаць заробкі. Але мадэль, якая захоўвае шматлікія рысы савецкага ладу і нават, глыбей, дасавецкай Расіі, працягвае падточваць краіну з гіганцкімі рэсурсамі.
І гэта мае ясныя эканамічныя тлумачэнні.

Дэмакратыя — гэта самая эканомная сістэма. Пуцін адмовіўся еўрапеізаваць палітычны лад і грамадства — але аўтарытарызм каштуе грошай.

Пуцін адмовіўся адпусціць на свабоду народы Каўказа — але лаяльнасць трэба купляць.

Пуцін бачыць стратэгічнай мэтай захаваць імперыю, хай у мяккай форме, таму і спансаруе адзін толькі ў рэжым Лукашэнкі мільярдаў на сем даляраў у год.
А такі Лукашэнка ў Крамля не адзін. Гэта тыя самыя грошы, на якія можна было б адбудаваць дарогі і адправіць дурняў на курорт — дзве адвечныя расійскія праблемы.
12 гадоў кіравання Пуціна калі што і паказалі, дык тое, што Расіі для сапраўднага развіцця патрэбныя далейшыя рынкавыя рэформы, а таксама той дух канкурэнцыі і творчасці, які забяспечваецца ў заходняй мадэлі грамадства.
Расійская эліта разумее гэта, але цынічна захоўвае стары лад, бо пры ім... прасцей узбагачацца. На радасць плебсу праскрыпцыі падверглі Беразоўскага, Хадаркоўскага, але ж легіёны роўных ім працягваюць купацца ў нафтадалярах. І сябры Пуціна сярод іх.
Няма прычын думаць, што адносіны Расіі з Беларуссю ў трэцюю шасцігодку Пуціна будуць істотна інакшымі, чым раней.
Застанецца і фундаментальная праблема гэтых адносін — тое, што ў рамках гэтай мадэлі Беларусі адведзена роля васала Пуціна — бяднейшага, хоць і індустрыяльнага дадатку да сыравіннай, адсталай Расіі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?