06.05.2012 / 17:10

Пуцінарода 9

7 мая адбудзецца інаўгурацыя Уладзіміра Пуціна.

Палітык у трэці раз (з перапынкам на чатыры гады, калі пасаду займаў Мядзведзеў) стане прэзідэнтам Расіі.

«Уздыманне з каленяў»

Нельга сказаць, што гэтае пераабранне стала лёгкім для Пуціна. Упершыню за доўгі час у Расіі адбыліся шырокія акцыі пратэсту.

Лозунг «Выбары без жулікаў і злодзеяў» стаў папулярным, але не настолькі, каб перааформіцца ў перамены.

З імем Пуціна звязваюць эканамічны ўздым Расіі пасля 1990-х. Перамогі ў хакеі і «Еўрабачанні», грузінскі канфлікт падмацоўвалі імідж таго, што Расія «ўстае з каленяў». І Пуцін быў абліччам гэтага патрыятычнага хвалявання. Цяпер скарыстаць такую фішку будзе складаней.

Расія зноў загаварыла пра сусветныя амбіцыі. Пры гэтым застаюцца нявырашанымі балючыя праблемы карупцыі і п’янства. Калі карыстацца еўрапейскімі меркамі, то чвэрць насельніцтва жыве за мяжой галечы.

Востра стаіць пытанне між­нацыянальных адносін. Інцыдэнт на Манежнай з бойкай фанатаў і каўказцаў з гэтага самага пераліку.

Пры высокіх цэнах на нафту Расія мела толькі 4% росту эканомікі ў 2011.

Еўразійскі прыярытэт

Пуцін абвясціў, што прыярытэтам новага тэрміну будзе еўразійская інтэграцыя. Сёння гаворка вядзецца пра «тройку» Мытнага саюза (Расія, Беларусь, Казахстан). Але сапраўднай мэтай была б Украіна, якую, нягледзячы на дарагі газ, Януковіча і крызіс у Еўрасаюзе, не ўдаецца зацягнуць у еўразійскую прастору.

Лукашэнка неаднаразова іранічна выказваўся пра Дзмітрыя Мядзведзева, з якім яму было цяжка знаходзіць супольную мову. Кіраўнікі Беларусі і Расіі маглі не сустракацца з вока на вока цэлы год. Выглядае, што з Пуціным Лукашэнку дамаўляцца прасцей. Ён некалькі разоў вітаў ягонае вяртанне ў прэзідэнцкае крэсла. Хоць зрэшты, ці магло быць інакш?

«Мяняецца тактыка, а не стратэгія»

Ці зменіцца нешта ў беларуска-­расійскіх адносінах пасля інаўгурацыі Пуціна?

«У расейскага кіраўніцтва мяняецца толькі тактыка, яна можа быць больш ці менш інтэнсіўнай, агрэсіўнай ці не, але не мяняецца стратэгія адносна Беларусі, — мяркуе палітык Вінцук Вячорка. — Расія будзе імкнуцца да захопу эканамічнага патэнцыялу з далейшым аслабленнем Лукашэнкі, каб лягчэй на яго ціснуць».

Тым не менш, Вячорка лічыць, што Расія не адважыцца на змену ўлады ў Беларусі, бо Лукашэнка адпавядае яе інтарэсам. «Лукашэнка душыць нацыянальны патэнцыял краіны, моўны — гэта адпавядае інтарэсам Расіі».

«Вонкавыя прыкметы незалежнасці будуць заставацца. Наўрад ці пасля Грузіі Расія адважыцца на нешта большае», — лічыць Вячорка.

«Ды нічога не зменіцца. Якая розніца, ці там Мядзведзеў, ці Пуцін? — кажа блогер Яўген Ліпковіч. — Я называю Расію рынкам збыту, фінансавым, інтэлектуальным і энергетычным прыдаткам Беларусі».

Ці сапраўды ідылія?

Эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс лічыць, што Расіі бліжэйшым часам нават не ўдасца прыбраць да рук «фамільнае срэбра» Беларусі.

«Лукашэнка яшчэ не трапіў у безальтэрнатыўную залежнасць ад Расіі і здавацца не збіраецца. У той жа час, з пункта гледжання Крамля, знайсці замену Лукашэнку цяжка», — кажа Мошэс.

Лукашэнка ў Быхаве казаў, што на сёння з Расіяй вырашаныя ўсе пытанні і вострых вуглоў не засталося. Тым не менш, частка аналітыкаў схільная бачыць у вызваленні Саннікава і Бандарэнкі не ўльтыматумы і санкцыі ЕС, а магчымае пагаршэнне адносін з Расіяй. Пасля расійскіх прэзідэнцкіх выбараў ужо выплывала спрэчка між «Белавіяй» і «Аэрафлотам». Нават на дзяржаўных тэлеканалах прызнавалі, што ўзнікнуць і наступныя.

Зміцер Панкавец

0
Димыч / Адказаць
06.05.2012 / 18:02
Вячорка, Липкович. Какие они политики? Не смешите мои тапочки, спадар Панковец.:)) Эти горе-политики свю политику прос*ли.
0
2Димыч / Адказаць
06.05.2012 / 19:22
ответь за базар: где Липкович назван политиком?
0
Дымыч зноў уступіў у г..о. / Адказаць
06.05.2012 / 20:32
Дзімка палітык. Аж сьмешна. Вячорка не.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру