Старааселыя і валашскія

У цэнтры Браціславы, проста ля Міхайлаўскай брамы (уваход у стары горад) цыганка з трыма малымі жабрачыць грошы. Жанчына ў стракатай вопратцы, з завушніцамі. Такіх самых неаднаразова даводзілася бачыць на вуліцах Барысава, Мінска.

Праз пару хвілін да гэтай групкі падыходзяць паліцыянты, просяць дакументы. Далей сядзець пад брамай ім яўна не дазволяць.

«Відаць, з Румыніі прыехалі», — кідае мой гід па Славакіі Павел. Ён сам некалькі гадоў працаваў з праектамі, што былі накіраваныя на сацыялізацыю цыганскай меншасці.

«Мясцовыя цыганы так не апранаюцца, і іх паліцыя не чапае, — кажа Павел. — Бачыш, якая ў яе яркая спадніца».

Славацкія цыганы падзяляюцца на дзве вялікія групы.
Адна з іх умоўна называецца «старааселыя». Гэтыя цыганы яшчэ з XVII ст. пачалі весці аселы лад жыцця. Дазвол на гэта ім далі венгерскія ўлады (Славакія была пад венгерскім панаваннем). Сярод тых цыганоў былі кавалі, таксама яны плялі кошыкі, рабілі мётлы, абпальвалі гліну на посуд. Былі такія работнікі нават пры каралеўскім двары.

Другая група мае назву «валашскіх»цыганоў. Яны вялі паўкачавы лад жыцця, маюць больш светлую скуру, любяць залатыя ўпрыгожванні. Сярод іх пераважалі канакрады і музыкі. У Аўстра-Венгерскай імперыі яны былі адным з найбяднейшых пластоў насельніцтва.

Сёння розніца ў сацыяльным статусе паміж гэтымі групамі амаль знікла, хоць кантактаў паміж сабой яны ўсё адно не падтрымліваюць. Большасць славацкіх цыганоў знаходзіцца ў самай яме іерархічнай лесвіцы. Траціна з іх жыве ў цыганскіх «асадах» ці «гета». Дамы там збітыя з дошак, часта без электрычнасці, з жахлівымі гігіенічнымі ўмовамі.

Ад Зыгмунта Люксембурга да канібалізму

Цыганы трапілі ў Славакію і Венгрыю з Малой Азіі яшчэ ў пачатку XIV ст. У адрозненне ад Заходняй Еўропы, тут яны доўгі час не зналі ніякага ціску і крыўдаў. Кіраўнікі Венгрыі вылучаліся ліберальнасцю ў пытанні цыганскай меншасці. Кароль Зыгмунт Люксембург нават вызваліў цыганоў ад падаткаў за вялікі ўнёсак у абарону краю.

Праўда, такая палітыка трымалася нядоўга. Ужо ў XVIII ст. Карл VI заклікаў знішчыць усіх цыганоў на тэрыторыі імперыі. У буйных гарадах, як Мішкальцы, цыганам забараняецца займацца кавальскай справай усюды, апроч сваіх палатак.

Марыя Тэрэзія праводзіць палітыку асіміляцыі цыганоў, называючы іх «новымі венграмі». Дзяцей цыган у ваколіцах Браціславы забіралі ў бацькоў і аддавалі ў сем’і аддаленых вёсак. Сын Марыі Тэрэзіі Іосіф ІІ пайшоў яшчэ далей, забараніўшы мову, традыцыйную музыку і адзенне цыганоў.

Колькі разоў славацкіх цыганоў абвінавачвалі ў канібалізме. Апош­ні такі выпадак быў у 1929. І хоць цыганоў тады апраўдалі, але напружанасць усё адно засталася. Пры сацыялізме цыганам забаранілі качавы лад жыцця.

Школа

Паводле афіцыйных звестак, у Славакіі жыве 65 тысяч цыганоў, на справе ж — каля 450. Гэта штосьці блізу 10% ад насельніцтва краіны. Ёсць аж 620 цыганскіх паселішчаў. Большасць на поўдні і усходзе краіны.

Мястэчка Плавецкі Штвртак размешчана за 40 кіламетраў ад Браціславы. Тут знаходзіцца найбліжэйшая ад сталіцы «асада».

Гадоў пятнаццаць таму колькі цыганскіх сем’яў самавольна занялі тэрыторыю за вёскай. Паўсталі першыя халупы, якія заўважна кантрастуюць з дагледжанымі дамкамі карэнных жыхароў. На сёння з 2360 насельнікаў Штвртака 650 з’яўляюцца цыганамі. Тут нават утварылі камісію па рашэнні «ромскага пытання».

Найперш хвалюе тое, што «асада» знаходзіцца на месцы, дзе праходзіць газаправод. Вялікая небяспека выбуху. Ёсць прапанова перасяляць цыганоў у само мястэчка, каб яны жылі побач са славакамі, а не адасобленай групай. Але пакуль гэта толькі планы, якія невядома як увасобіць у жыццё.

Мясцовая школа практычна на 100% стала цыганскай. Са 136 вучняў — 120 ромы.
Дырэктарка Эмілія Чаганава расказвае, што бацькі проста не хочуць, каб іх дзеці вучыліся разам з цыганскімі. Яны вязуць малых у суседнюю школу, што за 7 кіламетраў, ці нават у Браціславу. Застаюцца толькі дзеці не з самых багатых сем’яў.

«Я б сказала, што гэта сегрэгацыя, але ў рамках закона», — кажа спн.Чаганава. Яна расказвае, што школа і матэрыяльна, і кадрава вельмі добрая, але бацькі баяцца, што іх дзяцей будуць крыўдзіць цыганы, а таксама, што такое суседства адаб’ецца на паспяховасці.

Малыя з ромскіх сем’яў ходзяць у школу, бо толькі такім чынам іх бацькі могуць разлічваць на дапамогу ад дзяржавы, тым не менш, асаблівай цягі да адукацыі не праяўляюць. Разам з тым, школа лічыцца паспяховай, бо некаторыя выпускнікі змаглі паступіць ва ўніверсітэты.

«Ёсць адна дзяўчына, што скончыла медыякамунікацыі. Зараз хлопец з «асады» вучыцца хіміі ў Браціславе», — расказвае дырэктарка. Студэнтам¬цыганам дапамагаюць недзяржаўныя фонды, калі не могуць падтрымаць бацькі.

Як дрэсіроўшчык у цырку

Большасць дарослага насельніцтва «асады» нідзе не працуе. Збіраюць металалом, лекавыя травы, грыбы. Потым прадаюць. Нярэдкія і выпадкі крадзяжоў.

«Самае зло — гэта «асада», — мяркуе спадарыня Чаганава. — Дзеці растуць там без пазітыўнага погляду, там няма для іх прыкладу. Яны былі б і радыя пажыць іншым жыццём, але не ведаюць яго».

Манахіня сястра Мірыям працуе з малодшымі класамі. Перад гэтым яна была з місіяй у Конга.

«У Афрыцы дзеці вельмі худыя, нічога не маюць, але прагнуць навукі. У гэтых усё ёсць, але няма жадання вучыцца», — кажа яна са скрухай.

«Даводзіцца быць, як дрэсіроўшчыкі ў цырку», — дадае дырэктарка.

«Гэта праўда, што яны не імкнуцца»

Фонд Мілана Шымечкі (названы ў гонар славацкага дысідэнта) займаецца абаронай правоў меншасцяў, у тым ліку і цыганскай. Прадстаўнік фонду Лаца Аравец называе 2 галоўныя праблемы ромаў: беднасць і расізм.

Ён лічыць, што ў часы сацыялізму пазіцыі цыганоў былі больш трываламі. «Тады дзяржава забяспечвала іх працай, плаціла заробак». Пасля рэвалюцыі 1989 сітуацыя змянілася. «Гэта праўда, што яны ні да чаго не імкнуцца. У людзей, якія жывуць на самым дне, іншыя прэферэнцыі», — кажа Аравец.

Дарэчы, у Славакіі не прынята казаць «цыганы». Кажуць «ромы». Справа ў тым, што дзеяслоў «цыганіць» абазначае падман. Вось і вырашылі, што абразліва так называць людзей.

Многія з тых ромаў, што найбольш трывала стаяць на нагах, імкнуцца выехаць са Славакіі, едуць у Англію. «Брытанскі прыклад вельмі паказальны, там цыганы знаходзяць сабе працу, а не бадзяюцца без справы», — кажа Аравец.

«Калі палітык займаецца ромамі, то яго проста не выберуць ні ў парламент, ні ў самакіраванне. Няма той крытычнай масы, якая б магла зрабіць крок па вырашэнні праблемы. Такое зачараванае кола». Цыганы амаль не ходзяць на выбары. Хіба што некаторыя палітыкі практыкуюць у дзень выбараў скупліванне галасоў цыганскіх «асадаў».

Ці вінаватыя цыганы?

Марак Гойсік працуе ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, дзе якраз і курыруе цыганскае пытанне. Ён адкрыта называе Славакію «расісцкай дзяржавай».

«Паедзьце ва Усходнюю Славакію, дзе мужыкі ў карчмах п’юць з 10-й ранку, але ва ўсіх сваіх бедах абвінавачваюць цыганоў», — кажа Гойсік.

«Мы лічым цыганоў лянівымі, махлярамі, п’яніцамі, а сябе — разумнымі, працавітымі, рахманымі. Але папытайцеся ў якога-небудзь галандскага фермера, што тут працуе, пра славакаў, ці не будзе ягоная характарыстыка падобнай да той, што мы даём цыганам».

На думку Гойсіка, нават адукаваныя людзі неадназначна, балюча рэагуюць на ромаў. Ён прыводзіць прыклад, як прывёў на працу ў Міністэрства трох цыганоў, наколькі насцярожанай была рэакцыя работнікаў. Сёння ўжо ніякіх праблем у камунікацыі паміж імі не існуе.

На выбарах тэма цыганскай меншасці прыхавана гучыць амаль ва ўсіх партыях.
У Славакіі ў парламенце няма радыкальных нацыяналістаў, як «Ёбік» у Венгрыі, тым не менш, адыёзных заяваў хапае. «Каб мы не плацілі тым, хто не хоча працаваць», — гучаў перадвыбарчы лозунг Славацкай нацыянальнай партыі. На ўлётцы былі змешчаныя шыракаплечыя цыганы ў майках-алкагалічках.

Сённяшні прэм’ер, сацыяліст Фіца кажа: «Усе павінны працаваць». Лібералы патрабуюць адмяніць датацыі для сем’яў, дзе больш за пяцёра дзяцей. Усе ра¬зумеюць, што такую колькасць маюць толькі цыганы.

Гойсік не верыць, што стан цыганоў у Славакіі бліжэйшым часам можа палепшаць. Ён мяркуе, што тут патрэбныя невялікія крокі. Першым мог бы стаць закон па забароне забіраць дзяцей са школ па месцы прапіскі (апроч прыватных і царкоўных), каб славацкія і цыганскія вучні ад дзяцінства прывыкалі да сяброўства і цярпімасці.

***

Аўтар дзякуе грамадскаму аб’яднанню «Чалавек у нядолі» і Міністэрству замежных справаў Славакіі за дапамогу ў напісанні артыкула.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?