Схапілі нас у чацьвер 16 лютага. На Кастрычніцкай плошчы сабралася чалавек 200, у асноўным моладзь, са сьвечкамі ды партрэтамі зьніклых. І 200 голеных галоваў у спартовых касьцюмах з рацыямі.

Хлопцы і дзяўчаты 16—17 гадоў спрабуюць утрымацца на вольнай ад катка пляцоўцы ля нулявога кілямэтру. Гэбэшнікі трапнымі ўдарамі выбіваюць у іх з рук запаленыя сьвечкі ды адціскаюць да Інтэрнацыянальнай...

Нас падхапілі. Цягнуць да аўтобусу, дзе сядзім паўгадзіны. Адзін супрацоўнік знаёміць мяне з другім:

— Падпалкоўнік...

З рацыі чуецца мацерная лаянка:

— Адціскаем... Бі!.. Асьцярожна — журналісты! Выбівайце сьвечкі!

Вечар праходзіць ва ўтульнай дзяжурцы і цёплым «стакане» Цэнтральнага РУУС. Уночы нас завезьлі на Акрэсьціна, закінулі ў вялікую камэру на трэцім паверсе. З ранічкі — прыборка, праверка, сьняданак... Мы спакойна чакаем суду. Ведаем — будуць суткі. Ва ўсіх 156 артыкул і пэрсанальны загад нэўтралізаваць. Праз гадзіну вязуць-такі на судзілішча да Бычка. Выводзяць па адным.

Першы — Алег — спадзяецца на штраф, віну прызнае: хуліганіў, лаяўся матам. Вырак: дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту. Другі — затрыманы разам са мной Павал. Просіць адваката, а мяне — сьведкам.

Іду я. На трэцім паверсе ў калідорчыку шмат паплечнікаў, падтрымліваюць. Хадайнічаю аб адвакаце і заяўляю сьведкам Паўла. Вяртаюць уніз. Міліцыянты лаюцца: «Пасядзіце тут, памерзьніце, будзе вам адвакат». Адвакат прыяжджае праз гадзіну. Выступаю ў Паўлюка сьведкам, выходжу. Мае сьведчаньні судзьдзя адхіляе... Дзесяць сутак. Вядуць мяне. Узгадваюць затрыманьне 26 красавіка. Ну, думаю, усё — два тыдні буду сядзець. Судзьдзя доўга глядзіць мне ў вочы, быццам выпрабоўвае, а я — яго. Відавочна, што і ён, і сакратарка разумеюць — справа ліпавая. Запрашаюць амонаўцаў... Вырак: дзесяць!

Я, нечакана рады, выходжу. Зьміцер пасьпявае перадаць Новы Запавет і трохі ежы. Лысагаловыя амонаўцы прыціскаюць яго і некалькі чалавек да сьцяны. Чуецца дзявочы крык.

На акрэсьцінскую вячэру не пасьпяваем. Зь ежы ў нас толькі хлеб, захаваны ад сьняданку. Молімся і кладземся спаць.

Субота. Па абедзе — перадача й пераезд да суседзяў-зуброў. Так упяцёх і сядзім да канца. Размаўляем, робім шырокі плян дзеяньняў на наступныя дні. Сёньня на паверсе дзяжурыць малады старшына — шчыры і справядлівы.

Нядзеля — дзень сьвяты. Молімся, сьнедаем смачнай грэчкаю, чытаем перададзеныя ўчора газэты. Аналізуем асьвятленьне рэгістрацыі кандыдатаў у СМІ. Партрэты некаторых кандыдатаў займаюць пачэснае месца ў камэры. На абед — халодная поліўка зь нейкай дзіўнай травой і каша з «тапачкам» — хлебнай катлетай. У камэры вельмі цёпла, час ад часу даносяцца з разьбітай шыбы песьні салдацікаў Белпалка. Рабіць нічога ня хочацца. Перад вачыма ўсплываюць вобразы сяброў, родных.

У панядзелак я дзяжуру па «хаце» — устаю раней за ўсіх, прыбіраю, выношу сьмецьце. У сярэдзіне дня доўгачаканы момант — нас вядуць у лазьню. Гэта адзінае для нас асяродзьдзе свабоды ў турме. Перакусваем і кладзёмся адпачываць (сьвятло выключаюць толькі ўдзень). Пасьля абеду перачытваю Новы Запавет, і перад вачыма быццам паўстаюць эвангельскія вобразы. Прашу ў Госпада, каб ніхто болей не патрапіў у турму.

Яўген жартаўліва прапануе заўтра пачаць рыць падкоп. Але лыжкі ў нас ужо забралі, і засталася толькі дзяжурная конаўка бяз ручак. Дарэчы, тутэйшыя кубкі патрабуюць асобнай узгадкі. Некаторыя зь іх выглядаюць, як пасьля атамнай вайны. Для сутачнікаў такі кубак — гэта і малаток, і нож, і шмат іншых рэчаў.

Аўторак. Замест учорашняга круглатварага старшыны на павярховую вахту заступае Барысаўна — прапаршчык гадоў сарака. Сябры перадаюць нам кнігі. Хата сьціхае на некалькі дзён. Міліцыянты гэтаму вельмі дзівяцца. Чытаю седзячы, бо ляжаць немагчыма з-за болю ў бакох. Увечары стала вельмі халодна — зьмяніўся вецер. Прымаем рашэньне заканапаціць газэтамі дзіркі ў разьбітым шкле, што выклікае дзікі пратэст ахоўнікаў. Вывешваем на вонкавыя краты джынсавую стужку. Менавіта ў зьняволеньні разумееш, наколькі важным для чалавека зьяўляецца адчуваньне салідарнасьці. У камэры жывеш думкаю, што пра цябе памятаюць, клапоцяцца, спачуваюць і ведаюць.

Асобнымі словамі трэба ўзгадаць яшчэ некалькі рэчаў акрэсьцінскага абыходку. «Сцэна» — драўляны ложак, памер якога вызначае колькасьць чалавек у камэры. Сцэна — гэта стол, крэсла, ложак і пляцоўка для шпацыру. Яна ўшчэнт размалявана надпісамі й шматлікімі дошкамі для разнастайных гульняў. Па-над дзьвярыма зьзяе вялізны надпіс «Малады фронт», выразаны яшчэ ў 2001 г.

Серада й чацьвер праходзяць вельмі спакойна. Чутны толькі складныя сьпевы салдацікаў з нагоды 23 лютага. Пятніца. У камэры вельмі халодна, бо малады задзірлівы лейтэнант, які працуе ўнізе, прымусіў разабраць акно. Пішам чарговую нататку з надзеяй выкінуць яе ў дзірку ў шыбе — чакаем, што хтосьці абавязкова перадасьць «Нашу Ніву». Слухаем цікавую ангельскую казку пра лагоднага цмока, якую чытае 33-гадовы Алег.

Субота. Абвяшчаю пост перад нядзеляй, малюся за наш гаротны край, за ўсіх беларусінаў, каб Бог даў ім розуму і сьмеласьці, каб зрынуў путы савецкага рэжыму і абвесьціў Сваё валадарства над Беларусьсю.

Надыходзіць доўгачаканая нядзеля. З раніцы сьвяточная малітва, чытаем Сьвятое Пісаньне. Ямо. Апошні дзень праходзіць найбольш марудна. Нарэшце прыходзіць наш знаёмы малады старшына.

— Гарэцкі, Корбан, Фігурын — з рэчамі...

І вось! Мы на волі! Пасьля дзесяці дзён у смуроднай турме найбольш моцна адчуваецца паветра свабоды — той вецер пераменаў, які празь месяц зьменіць гэтую краіну.

Апэльсін, ледзяны чай — алькаголь.

Баландзён, вертухай — разносчыкі ежы.

Дальняк, трыбуна — прыбіральня.

Лавіліся — сядзелі разам.

Луна — ліхтар над уваходам.

Мітынгаваць — хадзіць па сцэне.

Пыхнуць — папаліць.

Рэшка — краты на вокнах.

Сцэна — ляжак.

Тапачак — хлебная катлета.

Тэлевізар — акенца для ежы.

Хата — камэра.

Хлёр-галава — санітарка.

Чыфір — энэргетычны напой.

Барыс Гарэцкі нар. у 1986 у Менску. Бацька, сп.Кастусь, — мастак, маці, спн.Эла, — журналістка. Барыс — хрысьціянін, ходзіць у пратэстанцкую царкву Яна Прадвесьніка. Вольнага ад палітыкі часу для хобі, як прызнаўся, ня мае. Седзячы на Акрэсьціна, перачытваў кніжкі далёкага сваяка — Максіма Гарэцкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0