Рэпартаж з нарыхтоўкі бярозавiку пад Берасьцем.

Ранняя вясна паклiкала з пачатку сакавiка не толькi хлебаробаў у поле. На дзялянкi выйшлi леснiкi, каб сабраць гаючы напiтак — бярозавы сок. Брэсцкi, Маларыцкi, Кобрынскi лясгасы на мiнулым тыднi атрымалi i рэалiзавалi першыя тоны бярозавiку.

У 70‑м квартале Брэсцкага ляснiцтва аднайменнага лясгаса амаль штогадзiну сустракаюць пакупнiкоў ляснiк Рыгор Шумiла i яго памочнiк Леанiд Чатырбок. Дзялянка знаходзiцца за 15 кiламетраў ад горада, i дарогу ў лес добрай не назавеш, але людзi едуць за сокам, не шкадуючы часам нават сваiх шыкоўных аўто. Ад вёскi Закiй паўсюль стаяць указальнiкi, i знайсцi запаветнае месца, асаблiва таму, хто не навiчок у прыгарадзе, нескладана.

— За першыя паўтара дня работы прадалi тры з паловай тоны, — расказвае ляснiк. — Людзi бяруць у асноўным па сто лiтраў, а бывае i па 500.

Маiм жа расчараваннем стала тое, што не расцвiлi пралескi. Звычайна, як толькi сок пайшоў, першыя веснавыя краскi тут як тут. Бярозы «заплакалi», значыць, зямля прагрэлася, а вось кветкi не спяшаюцца. Такiя ўжо капрызы сёлетняй вясны, — растлумачылi мне дасведчаныя ў лясной справе людзi. Сок рухаецца, значыць, пара яго збiраць.

На сваёй дзялянцы яны падсочылi больш за тысячу бяроз. Бярозавiк збiраецца ў спецыяльныя харчовыя пакеты, закупленыя напярэдаднi. Так атрымлiваецца больш сучасна i гiгiенiчна, бо вёдры i бляшанкi ржавеюць. Ды i ў адкрытыя ёмiстасцi трапляюць машкара, часцiнкi кары, iншае смецце. А полiэтыленавую торбу можна прымацаваць так, што застанецца толькi адтулiна на струмень соку, якi сцякае з жалабка. Для нарыхтоўкi соку выбiраюцца дзялянкi, дзе растуць дрэвы ва ўзросце 60—70 гадоў, i праз некаторы час будуць высякацца.

— Галоўнае, зрабiць падсочку так, каб дрэва не пашкодзiць, — гаворыць ветэран лясной гаспадаркi Леанiд Чатырбок. — Надрэз мы робiм пад вуглом 30 градусаў на зададзенай глыбiнi. Важна правiльна зрэзаць кару. Таму так шкодныя ўсялякiя самадзейныя, правiльней кажучы, браканьерскiя нарыхтоўкi. Таму i будуць начаваць ляснiк з памочнiкам прама на дзялянцы, як толькi пачнецца масавая нарыхтоўка.

Рыгор Шумiла раз‑пораз аглядае бярэзiны, сочыць за тым, каб пакупнiкi правiльна падвешвалi на дрэвы пустыя пакеты, папраўляе за iмi. А Леанiд Мiкалаевiч падлiчвае тавар i спраўна выпiсвае квiткi. З такiм талончыкам у гараджан не будзе праблем, калi машыну спыняць мiлiцыя або прыродаахоўныя службы.

— Гэтай вясной Брэсцкi лясгас плануе нарыхтаваць каля 300 тон соку, — расказаў карэспандэнту «Звязды» iнжынер лясгаса Давiд Шаўшышвiлi. — Заключаны дагаворы з некаторымi прадпрыемствамi — традыцыйнымi перапрацоўшчыкамi соку, але прыкладна працэнтаў 80 з названага аб’ёму пойдзе на продаж насельнiцтву. Лясгас прадае насельнiцтву свежы бярозавiк толькi другi год. Парадак нарыхтоўкi такi ж, як летась: спажывец прыязджае на лясную дзялянку i забiрае сок сваiм транспартам.

Спрабуем падлiчыць з iнжынерам, колькiм сярэднестатыстычным гараджанам такая паслуга акажацца недаступнай. Напэўна, ёсць нямала пенсiянераў, людзей з невысокiм дастаткам, тых, хто проста не мае машын, але купiў бы свежы сок, каб яго прывезлi ў горад. На гэта спецыялiст лясгаса толькi разводзiць рукамi — у iх няма лiцэнзii, а без яе санiтарная служба не дазволiць якi‑небудзь гандаль. Пакуль няма. I продажам соку лясныя гаспадаркi займаюцца нядаўна. Але ж з часам жыццё, вiдаць, прымусiць набыць неабходныя лiцэнзii, дакументы i пайсцi насустрач спажыўцу.

Тым больш што грошы за сок не будуць лiшнiмi для лясгасаў.

Намеснiк генеральнага дырэктара па iдэалогii Брэсцкага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Аксана Шамякова прасiла напомнiць яшчэ раз чытачам, што згодна з новым Кодэксам аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, якi ўступiў у дзеянне з 1 сакавiка, за самавольную нарыхтоўку соку ў непрадугледжаных месцах накладаецца штраф ад 600 тысяч да 1,5 мiльёна рублёў. Акрамя таго, што браканьер яшчэ кампенсуе нанесены ўрон — за кожнае параненае дрэва налiчваецца ад 0,1 да 0,5 базавай велiчынi. «Так што выгадней купiць па 150 рублёў за лiтр», — заключае Аксана Яўгенаўна. Ад яе ж рэцэпт кактэйлю «Беларускi лес»: 150 г соку, 50 г марожанага, 50 г журавiнавага або iншага ягаднага соку. Пiць цераз саломiнку. Кажа, вельмi смачна i вельмi карысна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?