19.03.2007 / 14:57

«У нас палітзьняволеных няма» 2

Дзе канчаецца сорам і пачынаецца страх? Піша Віталь Тарас.

Прызнаньне Шэйха Мухамэда

Тыповы герой апавяданьняў О.Гэнры мог паступіць наступным чынам: дастаць са шкапіка ёд і марлю, узяць лязо і парэзаць сабе палец. Пасьля гэтага памазаць ранку і перабінтаваць яе. Лёгіка тут ёсьць. Проста прычыны й наступствы памяняліся месцамі. Прыкладна такой лёгікай нярэдка кіруюцца ў сваіх дзеяньнях многія людзі, а таксама карпарацыі і нават дзяржаўныя інстытуцыі.

Нядаўна мэдыі ўсяго сьвету абляцела навіна – вязень турмы Гуантанама Халід Шэйх Мухамэд прызнаўся ў тым, што ён арганізаваў тэракт 11 верасьня 2001 году ў Нью‑Ёрку, выбух на курорце Балі ў Інданэзіі, а таксама планаваў падрыў Панамскага каналу, лёнданскага Біг Бэна і забойства Папы Рымскага. Магчыма, так яно і ёсьць. Магчыма таксама, што пакараньне на электрычным крэсьле ў ЗША выглядае больш гуманна, чымся павешаньне ў Іраку. Але сумненьні застаюцца.

Вядома, усё рабілася й робіцца з самых высокіх памкненьняў. Дзеля барацьбы з міжнародным тэрарызмам у ЗША ў 2001‑м быў прыняты Патрыятычны акт. Ён пашырыў некаторыя паўнамоцтвы спэцслужбаў і адпаведна – крыху абмежаваў канстытуцыйныя правы грамадзянаў Злучаных Штатаў. І ў яшчэ большай ступені правы неамэрыканскіх грамадзянаў. У прыватнасьці, як сьведчыць адмысловая камісія Эўрапарлямэнту, агенты ЦРУ зьдзяйсьнялі тайныя арышты падазраваных у тэрарызме на тэрыторыі некаторых эўрапейскіх краінах і дастаўлялі іх на амэрыканскую базу Гуантанама на Кубе. Усе, хто перабывае ў гэтай турме, лічацца палоннымі. На вайне як на вайне. Але ў адносінах да некаторых зь іх, калі верыць СМІ, ня дзейнічаюць ня толькі некаторыя юрыдычныя нормы ЗША, але нават Жэнэўская канвэнцыя наконт гуманнага абыходжаньня з ваеннапалоннымі.

Наўрад ці вязьні Гуантанама зазналі такія ж катаваньні, што й вязьні турмаў у Чачэніі. Магчыма, у амэрыканскай турме ўвогуле нікога не катавалі ў клясычным сэнсе гэтага слова.

У адрозьненьне ад маньяка Чыкацілы, пра якога быў зьняты фільм у Галівудзе, у ЗША наўрад ці хто‑небудзь чуў пра сэрыйнага забойцу Міхасевіча. Але ж гэтае імя многія добра памятаюць у Беларусі. І ня толькі таму, што таму ўдавалася беспакарана забіваць жанчын цягам дванаццаці гадоў. Але яшчэ й таму, што па так званай Віцебскай справе былі асуджаныя 11 ні ў чым не вінаватых людзей. Адзін зь іх быў расстраляны. Адзін спрабаваў зьдзейсьніць самагубства. Магчыма, гэтых людзей вельмі жорстка не катавалі. Яны проста прызналіся на допытах у тым, чаго не рабілі.

Дарэчы, Міхасевіч напісаў некалі ліст у газэту, дзе паведаміў, што жанчын забівае «віцебскі патрыёт». Міжволі ўзьнікае алюзія з Патрыятычным актам.

Ніхто ня будзе адмаўляць, што з тэрарызмам трэба змагацца. Напэўна, пашырэньне паўнамоцтваў спэцлужбаў прынесла свае вынікі. Прынамсі, пасьля 11 верасьня на тэрыторыі ЗША тэрактаў больш не было, у адрозьненьне ад Англіі ці Гішпаніі. А ўсё‑ткі ў чыстасардэчнае прызнаньне Шэйха Мухамэда верыцца зь цяжкасьцю. І гэта ня толькі патэнцыйная праблема для судзьдзяў, але й праблема даверу амэрыканскаму ўраду і правасудзьдзю, ў тым ліку з боку міжнароднай грамадзкасьці.

«У нас палітзьняволеных няма»

Дык можа, Міністэрства замежных спраў Беларусі мае рацыю, калі называе даклад дзярждэпартамэнту ЗША аб стане правоў чалавека крывадушным ды заяўляе, што амэрыканскі ўрад ня ўправе чытаць мараль Беларусі ці каму б то ні было яшчэ?

Чытаць мараль, сапраўды, ніхто ня мае права. Але ж ніхто ня ў праве забараніць зьбіраць, аналізаваць і распаўсюджваць інфармацыю аб стане правоў чалавека, прадастаўленую праваабаронцамі, а таксама журналістамі розных краінаў, у тым ліку Беларусі. Хіба замежнапалітычнае ведамства РБ і дзяржаўная прэса не дазваляюць сабе крытыкаваць палітыку іншых краінаў? Асабліва часта, да прыкладу, даводзіцца чуць крытыку наконт дыскрымінацыі правоў расейскамоўнага насельніцтва Латвіі ды Эстоніі. Такім чынам, правы чалавека не разглядаюцца беларускай дзяржавай як нешта маргінальнае. Пра іх шмат гавораць у розных тэле й радыё‑праграмах, пішуць у газэтах чыноўнікі і журналісты афіцыйных СМІ.

Заўсёды падкрэсльваецца, што гэтая праблема існуе абсалютна ва ўсіх краінах… за выключэньнем Беларусі. Кожнаму чалавеку, які ўмее разважаць, лягічна, гэтая тэза падаецца спрэчнай.

Зразумела, цьверджаньні аб тым, што «палітзьняволеных у нас няма» працягваюць савецкія традыцыі. За брэжнеўскім часам палітвязьняў дзяржаўная прапаганда пачала абзываць хуліганамі, адшчапенцамі, марнатраўцамі ды параноікамі. Не называлі, хіба, толькі «адмарозкамі» – гэта ўжо вынаходніцтва пазьнейшага часу.

Між тым, за Брэжневым у крымінальным кодэксы захоўваліся артыкулы «антысавецкая агітацыя й прапаганда» і «распаўсюд чутак, якія ганяць савецкі лад». І былі людзі, якія судзілі на падставе гэтых артыкулаў і адпраўлялі ў лягеры. Таму ўлады СССР вымушаныя былі гандлявацца з Захадам і некатарых дысыдэнтаў часам выпускаць ці абменьваць (як гэта было ў выпадку з Букоўскім і Карвалянам). У сучаснай Беларусі такіх артыкулаў няма. Ёсьць толькі панятак «бясьпека дзяржавы», бараніць якую ад дэстабілізацыі ды тэрарыстычных пагрозаў закліканыя органы гэтай самай бясьпекі.

Карані сучаснай рэпрэсіўнай палітыкі трэба шукаць у сталінскай эпосе, а ня ў брэжнеўскай. Праўда, ні Сталіну, ні Вышынскаму не прыходзіла да галавы казаць, быццам ворагі савецкай улады ёсьць нейкімі дробнымі хуліганамі. Наадварот, таго, хто насьмеліўся б такое сказаць пра «ворага народу», адразу абвінавацілі б у страце клясавай пільнасьці ды мяккацеласьці. Якімі б абсурднымі ні выглядалі абвінавачаньні – шпіянаж на карысьць мілітарысцкай Японіі і буржуазнай Польшчы, тэракт супраць Сталіна ці пракладаньне сакрэтнага танэлю зь Менску ў Бамбэй – заўсёды гэтыя абвінавачаньні былі палітычнымі. Калі трацкістаў альбо меншавікоў называлі «бандай тэрарыстаў і забойцаў», мелася на ўвазе, што яны ставілі на мэце падрыў савецкай улады. Самым страшным злачынствам была здрада правадыру. Усе крымінальныя злачынствы лічыліся даравальнымі. Палітычныя прадугледжвалі «вышэйшую меру» ці, у лепшым выпадку, 10 гадоў бяз права перапіскі.

Гэта адпавядала сталінскай дактрыне ўзмацненьня клясавае барацьбы па меры будаўніцтва сацыялізму (маўляў, адміраючыя эксплюататарскія клясы накшталт сялянаў‑«кулакоў» змагаюцца супраць пралетарыяту з асаблівай лютасьцю).

У сёньняшняй Беларусі пра клясавую барацьбу ўспамінаюць меней. Але паколькі дзяржаўнай ідэалёгіі ў барацьбе з уплывам Захаду па‑ранейшаму надаецца агромністая роля, апазыцыю трэба разглядацца як антыдзяржаўніцкую варожую сілу, як імпэрыляістычнае ахвосьце. І рост колькасьці рэпрэсаваных павінен сьведчыць аб росьце аўтарытэту дзяржавы як флягмана барацьбы зь міжнародным імпэрыялізмам.

Так мусілі б казаць улады па шчырасьці. Але яны так ня кажуць.

Апошняе апірышча рэжыму

Нягледзячы на аповеды пра падрыхтоўку беларускіх баевікоў амэрыканскімі інструктарамі, пра дохлых пацукоў ды іншыя жахі, беларускаму грамадзтву так і не прадставілі ў судзе тэрарыстаў і дывэрсантаў, хаўрусьнікаў і гвалтаўнікоў, у якіх рукі па локаць у крыві, а кішэні адтапырваюцца ад пачкаў даляраў і эўра.

Замест тэрарыстаў мы ўбачылі на лаве падсудных інтэлігентных маладых людзей зь незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства», якіх засудзілі за жаданьне арганізаваць назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі. Потым пачалі хапаць і судзіць юнакоў і дзяўчат за прыналежнасьць да незарэгістраванага «Маладога Фронту». Гэта і ёсьць дзяржаўныя злачынцы нашага часу. Была, праўда, спроба «прышыць» аднаму зь іх датычнасьць да выбухаў у Віцебску, аднак сыстэма да такога аказалася не гатовая.

Нашы ідэолягі, сьледчыя, пракуроры й судзьдзі, дыпляматы і чыноўнікі адміністрацыі ў адзін голас заяўляюць: у нас няма і ня можа быць палітзьняволеных. А той, хто так кажа, паклёпнічае на краіну. Такое ўражаньне, што ўладам сорамна прызнавацца ў тым, што экс‑кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін сядзіць у лягеры таму, што ён асьмеліўся выступіць супраць кіраўніка дзяржавы. Ім ня хочацца ўспамінаць пра тое, як і чаму разганялі дэманстрацыю 25 сакавіка 2006 году. Таму яны цьвердзяць, што ён пакараны за хуліганства – таксама, як Мікола Статкевіч і Павал Севярынец.

Уладам няёмка, што лідэра БНФ Вячорку, выкшталцонага філёляга высокай клясы, а таксама журналістаў, выкладчыкаў ВНУ, гісторыкаў, іншых інтэлектуалаў затрымліваюць і судзяць па абвінавачаньні ў тым, што яны, нібыта, лаюцца матам ці спраўляюць патрэбу ў публічных месцах.

А можа, імі кіруе ня сорам? Можа, гэта звычайны страх?

Супрацоўнікі КДБ у справе аб незарэгістраванай моладзевай арганізацыі пачалі дапытваць старшаклясьніц. Гэтыя старшаклясьніцы расьлі й вучыліся пры Лукашэнку. Яны паступілі ў школу нават не тады, калі ён стаў прэзыдэнтам, але тады, калі ў яго ўжо была неабмежаваная ўлада. Калі нацыянальны сьцяг быў ужо абвешчаны па‑за законам. Калі пачалі перапісваць падручнікі па гісторыі й літаратуры. Каля прэса канчаткова ператварылася ў сродак масавай прапаганды.

Дык што, атрымліваецца, кепска спрацавалі БРСМ, органы народнай адукацыі ды ўсе іншыя органы? Куды глядзелі школа і міліцыя?

Запалохваньне й прымус эфэктыўна дзейнічалі заўсёды, пры любых рэжымах. Калі фанатыка Шэйха Мухамэда можна прымусіць прызнацца ў злачынствах, дык што чакаць ад нармальных людзей? Чалавек па сваёй прыродзе слабы й даверлівы.

Ды толькі калі ўлада ад самага пачатку свайго існаваньня замяшаная на хлусьні, калі яе прадстаўнікі самі ня вераць у тое, што гавораць, калі яны «саромеюцца» прызнаць відавочнае – палітычныя рэпрэсіі як штодзённую рэальнасьць, як адзінае апірышча рэжыму, калі яны баяцца даты 25 Сакавіка і тых, хто яе сьвяткуе, гэта азначае, што яны самі ня вераць у сябе й свае сілы. Больш за тое, яны адчуваюць, што іхны час ня вечны. Ад таго яны так адчайна чапляюцца за парадак, заснаваны на гвалце й хлусьні.

Але ня важна, што яны думаюць і адчуваюць. Важна, што сёньня адчуваюць і ў што вераць тыя, хто па гэты бок барыкадаў.

Фота Юліі Дарашкевіч

Віталь Тарас

0
Паўлюк / Адказаць
19.03.2007 / 16:00
такія паводзіны ўлады цалкам адпавядаюць грамадзтву. у той час, як адна частка ў гісторыі пра пацукоў і грузінскіх тэрарыстаў ня верыць, другая ня проста верыць, але верыць вельмі ахвотна. і тут зусім не патрэбная пераканаўчая арґумэнтацыя, пасьлядоўнасьць альбо простая верагоднасьць таго, што апавядаецца. таму такога й сярод мэтаў няма. бо ёсьць страх. быць супраць страшна, а калі паверыць, што гэта зусім і ня трэба, бо ўсе, хто супраць, адмарозкі, якія прадаліся Захаду, то жыць становіцца прасьцей. прагінайся сабе ўсё ніжэй, ніжэй, ніжэй... і дзяцей вучы таго ж.
0
Вавёркін / Адказаць
20.03.2007 / 10:27
Добры артыкул! Асабліва яконая выснова - "Але ня важна, што яны думаюць і адчуваюць. Важна, што сёньня адчуваюць і ў што вераць тыя, хто па гэты бок барыкадаў." Дзякуй! Адзіная заўвага. Калі параўноўваеце складзеныя сыстэмы абароны правоў чалавека Беларусі і ЗША трэба было б таксама асабсіта падкрэсліць пра стан СМІ ў гэтых краінах. З чаго вынікае, што пра тыя катаваньні, што былі ў Гуантанама міжнародная супольнасць давдалася перш з усё з амэрыканскіх крыніцаў, амэрыканскіх СМІ -- CNN і інш. Пра стан беларускіх СМІ --- прапаганда --- добра сказана, але не ўлучана, што дзейсныя СМІ ў Беларусі ніколі не ўздымаюць праблему правоў чалавека ў самой Беларусі, у тым ліку і ў пенітэнцыярных установах. Яшчэ раз дзякуй за актуальны артыкул!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру