«Адчувайце сябе як дома, але не забывайце, што вы ў гасцях», — звярнулася 3 мая да расійскіх вадзіцеляў на беларускіх дарогах упраўленне Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі. Падставай для гэтага паслужыла чарговае ДТЗ з удзелам вадзіцеля з суседняй краіны.

2 мая прыблізна ў 13.00 32-гадовы грамадзянін РФ, кіруючы аўтамабілем «Лада-Прыёра», на 1-м км аўтамабільнай дарогі вёска Стаўбун — вёска Нямкі — мяжа РФ у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці на закругленні дарогі ўлева з’ехаў у левы па ходзе руху кювет, у выніку чаго яго аўтамабіль перакуліўся. Вадзіцель, які не быў прышпілены рэменем бяспекі, ад атрыманых траўм памёр на месцы.

Ва УДАІ МУС канстатуюць, што на беларускіх дарогах становіцца ўсё больш аўтамабіляў з расійскімі нумарамі. І калі раней у асноўным гэта былі транзітныя грузавікі, то цяпер пераважае легкавы аўтатранспарт.

«Госці з суседняй дзяржавы не заўсёды выконваюць пэўныя правілы і патрабаванні, што выстаўляюцца да іх як да ўдзельнікаў дарожнага руху на беларускіх дарогах. Тым самым дастаўляюць немалыя праблемы вадзіцелям, пешаходам і праваахоўным органам», — гаворыцца ў паведамленні рэспубліканскай Дзяржаўтаінспекцыі.

У ДАІ адзначаюць, што «культура паводзінаў беларускага вадзіцеля значна адрозніваецца ад расіян, і адрозніваецца ў лепшы бок».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?