«Вядома, „уцечка мазгоў“ назіраецца», — канстатаваў на прэс-канферэнцыі 3 мая галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Кілін.

«Зарплаты, якія атрымліваюць маладыя супрацоўнікі, — гэта не зусім правільна, і мы гэта разумеем», — падкрэсліў ён.

Разам з тым Кілін зазначыў, што «яны маюць магчымасць атрымліваць такія ж грошы, што і людзі, якія даўно працуюць у навуцы». «Прыйшоў малады — адразу атрымаў два мільёны рублёў, а далей ён прапрацаваў тры гады, у яго з’явілася сям’я і яму трэба зарабляць большыя грошы.

Мы прапаноўваем: займайся пытаннямі, што тычаць прадуктаў, арыентаваных на экспарт, працуй на рынак, і ў цябе будзе зарплата дастатковай», — патлумачыў галоўны вучоны сакратар НАНБ.

На яго думку, супрацоўнікі, якія даўно працуюць у навуцы, «таксама павінны пераарыентавацца на гэта».

Кілін падкрэсліў, што сярэдні ўзрост вучоных — 49,1 года, хаця «сярэдні ўзрост акадэмікаў — зашкальвае, але акадэмія — маладая: 29% супрацоўнікаў маюць узрост да 33 гадоў».

«У мерапрыемствах па рэфармаванні навукі ставіцца задача па павелічэнні магчымасці зарабляць вялікія грошы навуковым супрацоўнікам, карыстаючыся сучаснымі метадамі аплаты працы», — запэўніў галоўны вучоны сакратар НАНБ.

Як зазначыў прарэктар па навуковай працы БДУ Алег Івашкевіч, знятыя ўсе абмежаванні на аплату працы па гаспадарчых дагаворах. «Заключайце гаспадарчыя дагаворы, афармляйце часовыя навуковыя калектывы (ЧНК) і плаціце людзям», — сказаў ён.

Нагадаем, 2 красавіка быў падпісаны ўказ прэзідэнта, якім здымаецца шэраг абмежаванняў на ўмовы дзейнасці ЧНК у выпадку фінансавання іх працы з пазабюджэтных крыніцаў. ЧНК могуць выконваць навуковыя даследаванні і распрацоўкі для аднаго заказчыка за кошт пазабюджэтных сродкаў па двух і больш дагаворах адначасова, а наёмным работнікам дазваляецца браць удзел больш чым у двух ЧНК адначасова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?