Украіна здымае часовыя абмежаванні на пастаўкі беларускай мяса-малочнай прадукцыі на свой рынак.

«Той комплекс захадаў і крокаў, які быў намі ўзгоднены, дазволіў сёння ўкраінскаму боку прыняць вельмі важнае рашэнне пра допуск 10-ці беларускіх прадпрыемстваў (мяса-малочных) на ўкраінскі рынак», — заявіў журналістам у чацвер у Мінску міністр эканамічнага развіцця і гандлю Украіны Пётр Парашэнка.

«Мы намецілі сістэму захадаў, якія б гарантавалі ў перспектыве, што не толькі 10, але і большая колькасць беларускіх прадпрыемстваў маглі б пастаўляць ва Украіну мяса-малочную прадукцыю», — заявіў першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Уладзімір Сямашка.

Па выніках перамоваў у Мінску беларускі і ўкраінскі бакі падпісалі пратакол. Украіна ад 3 мая здымае часовыя абмежаванні на пастаўкі на ўкраінскі рынак мяса-малочнай прадукцыі, якая выпускаецца беларускімі прадпрыемствамі. Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі гарантуе, што прадпрыемствы па перапрацоўцы малака і мяса знаходзяцца пад кантролем дзяржаўна-ветэрынарнай службы Беларусі і іхная прадукцыя адпавядае ветэрынарна-санітарным патрабаванням Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?