Сёньня, 19 сакавіка, заяўнікі акцыі 25 сакавіка сустрэліся з гарадзкімі ўладамі, каб абмеркаваць фармат акцыі на Дзень Волі.

Сустрэча прайшла ў Менскім гарвыканкаме ў прысутнасьці намесьніка старшыні гарвыканкаму Міхаіла Ціцянкова, начальніка менскай міліцыі Анатоля Куляшова і пракурора гораду Мікалая Куліка. Пра падрабязнасьці сустрэчы расказаў Аляксандар Мілінкевіч па тэлефоне карэспандэнту «Нашай Нівы».

Заяўнікам акцыі было абвешчана, што правядзеньне акцыі 25 Сакавіка на Кастрычніцкай плошчы "не магчымае". Быў «прапанаваны» альтэрнатыўны варыянт: збор удзельнікаў ля прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук, мірнае шэсьце па ходніках вуліцы Сурганава -- і мітынг на плошчы Бангалор. "У акцыі не павінны ўдзельнічаць больш за тысячу чалавек", - падкрэсьлілі ў гарвыканкаме. Таксама будучым арганізатарам чарговы раз нагадалі пра магчымую адказнасьць за парушэньне правілаў правядзеньня мітынгаў і сходаў.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што рашэньне гарвыканкаму пра зьмяненьне фармату шэсьця не прымальнае, яно пярэчыць Канстытуцыі. «Мы прапанавалі ўладзе кампраміс і засьведчылі, што самі настроены супраць канфрантацыі. Сваёй адмовай ўлада не ўсьведамляе рэальнай сытуацыі ў краіне».

Сп. Мілінкевіч заявіў, што 25 Сакавіка пойдзе на Кастрычніцкую плошчу.

На сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі тэлевізіі, таму, магчыма, вынікі сустрэчы "пакажуць".

Нагадаем, што меркаваны пачатак акцыі а 12-й. Таксама зазначым, што ў ноч з 24 на 25 сакавіка на тэрыторыі Беларусі ўводзіцца летні час, і гадзіньнікі будуць пераведзеныя на гадзіну наперад.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?