У дачыненні да 11 затрыманых у Брэсце анархістаў складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Як паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, гэтых грамадзян затрымалі за парушэнне грамадскага парадку 28 красавіка падчас спынення супрацоўнікамі міліцыі сходу прадстаўнікоў руху анархістаў, арганізаванага ў раёне «Чырвонага двара».

Паводле слоў Дучэнкі, у сходзе бралі ўдзел больш як 150 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі груповак з розных рэгіёнаў Беларусі, Украіны і Польшчы.

Яны абмяркоўвалі планы сумеснай арганізацыі дзеянняў экстрэмісцкага характару, скіраваных на парушэнне грамадскага парадку і бяспекі.

«Выказваліся лозунгі ў падтрымку анархістаў, затрыманых у Мінску і асуджаных за закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю пасольства Расіі ў Беларусі,
— дапоўніў Дучэнка. — На прыкладзе апошніх падзей у Польшчы, калі анархісты правялі шэсце па цэнтральных вуліцах Варшавы, прапаноўвалася скаардынаваць дзеянні па міжнародным супрацоўніцтве з выездам на месцы правядзення акцый прадстаўнікоў анархаруху».
Сярод затрыманых — жыхары Брэста, Мінска і Гродна.
Іх даставілі ў Маскоўскі РАУС Брэста, адкуль адпусцілі пасля складання пратаколаў на падставе артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства). Матэрыялы накіраваны для разгляду ў суд Маскоўскага раёна Брэста.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?