06.05.2012 / 09:37

Вайна дзеля эвалюцыі 3

Пра раман Дэна Уілсана «Робаты Апакаліпсісу» піша Павал Абрамовіч.

Хто з нас не чытаў у дзяцінстве і юнацтве кнігі пра робатаў? Гуманістычная навукова-фантастычная літаратура, дзякуючы ў першую чаргу пісьменніку Айзеку Азімаву, стварала вобраз жалезнага механізма, які строга падпарадкоўваецца «тром законам робататэхнікі» і надзейна ахоўвае жыццё чалавека. Пазней,

з паглыбленнем крызісу цывілізацыі, робаты ў літаратуры пачынаюць надзяляцца пазітыўнымі чалавечымі якасцямі, напрыклад, вернасцю і спагадай.
«Жалезныя» людзі нават вызначаюцца… рэлігійнасцю. Так, у раманах Кліфарда Саймака апісана, як робаты ратуюць ад забыцця веру ў Бога, ад якога канчаткова адмовіўся чалавек, стомлены халоднымі зорнымі прасторамі.

Як і кожны падлетак, што рос у эпоху НТР, я верыў у «добрых» робатаў і «мірны» штучны інтэлект. Вось чаму сапраўдным культурным шокам для мяне сталася кінастужка «Тэрмінатар», якую пры канцы 80-х гадоў мы з сябрамі бясконца пераглядалі па «відаку».

Аказваецца, робаты цалкам здольныя ўзбунтавацца і пакласці канец эпосе чалавека!
(Дарэчы, у гэты ж час савецкія грамадзяне паглядзелі «Чужынца» і «Драпежніка», якія перакрэслілі магчымасць мірнага кантакту нашай цывілізацыі з іншапланетнікамі, аб чым дзесяцігоддзямі марылі пісьменнікі-фантасты, забыўшыся на суворую «Вайну сусветаў» Герберта Уэлса.)

Кнігі пра бунт машынаў, якія былі падобныя да каметаў, што зрэдчасу праносяцца па небасхіле сусветнай літаратуры, на пачатку XXI стагоддзя ператварыліся ў зорны дождж, сталіся ці ні мэйнстрымам навуковай фантастыкі.

Многія чытачы ўжо стаміліся ад бясконцых апісанняў таго, як робаты (цяпер — андроіды) бяруць верх над чалавекам — быццам бясконцай прасторы коміксаў для гэтых яркіх, брутальных сцэнаў замала!
Але ж «высокая» літаратура — а яна сапраўды прысутнічае на «тэрыторыі» робатаў (дастаткова згадаць раман «Ці мараць андроіды пра электраавечак?» Філіпа Дыка) — працягвае паглыбляць сутнасць канфлікту паміж чалавекам і штучным інтэлектам, знаходзіць усё новыя спосабы мастацкай выразнасці для ўвасаблення цалкам магчымай драмы. (У якасці водступу: усяго толькі праз адно стагоддзе высветлілася, што ў рэчаіснасць увасобілася звыш 80% прадказанняў фантаста Жуля Верна.)

Свой унёсак у гэтую тэму зрабіў пісьменнік Дэн Уілсан. 34-гадовы амерыканец, ён мае доктарскую ступень у сферы робататэхнікі ад Універсітэту Карнегі-Мэлана (Carnegie Mellon University).

Яго раман «Робаты Апакаліпсісу» (2011), што ўзначальваў топ-10 найлепшых кніг amazon.com, расказвае пра ўсё тую ж вайну з людзьмі мегамозга, які вырваўся на волю з сакрэтнай лабараторыі і ўзяў кантроль над усімі механізмамі.

Ракурс для аповяда абраны досыць арыгінальны: вайна апісаная не са словаў адной ці некалькіх асобаў — агентаў ураду ці вайскоўцаў, а ад імя мноства простых людзей (нават дзяцей і падлеткаў!) з розных краінаў, вымушаных уступіць у бязлітасную бойку з машынамі, якія «любілі нас, нават калі знішчалі нашую цывілізацыю».

Кожная частка кнігі — аповяд аднаго чалавека ці сцэна з ягоным удзелам. І словы, і падзеі з механічнай неперадузятасцю і бяздушнай дакладнасцю былі занатаваныя камерамі, усталяванымі па ўсім свеце яшчэ да пачатку вайны і выкарыстанымі пазней штучным інтэлектам — правадыром паўстання.
Гэтыя чалавечыя сведчанні — жывыя дакументы часу — надаюць аповяду праўдападобнасць, робяць кнігу, напісаную ў жанры вайсковай фантастыкі (Military Science Fiction), панарамнай і цэласнай.
«Робаты Апакаліпсісу» — хроніка вайны і ўвадначас гісторыя эвалюцыі чалавека, вымушанага як від стаць лепшым, больш дасканалым.
Перамога над тымі, «чый знаёмы, але скажоны воблік нагадваў людзей і жывёлаў з іншай галактыкі, створанай чужым Богам», не дала чалавеку новае цела і здольнасці, а навучыла новай адказнасці і ведам — у першую чаргу аб уласным месцы на Зямлі. Машыны, забіваючы людзей, ачышчалі планету для саміх сябе, рыхтаваліся да эксперыментаў над жыццём планеты, падобных да тых, што ладзілі самі людзі — іх стваральнікі. Але
«біялагічныя» машыны, якія калісьці перажылі ледніковы перыяд, ізноў выявіліся мацнейшымі відам.

Дэн Уілсан сваёй кнігай пытаецца, у які бок пасля сканчэння вайны будзе скіраваная новая моц чалавека і які выгляд набудуць новыя стварэнні ягоных рук. І вось тут

малады пісьменнік інтанацыйна супадае з бацькамі — заснавальнікамі навуковай фантастыкі, якія лічылі робата бездакорным носьбітам гуманістычнай маралі, закладзенай у яго чалавекам.
0
Rob / Адказаць
06.05.2012 / 10:47
Dobraya recenzija! Dzjakui!
0
міхась / Адказаць
06.05.2012 / 10:56
отстойная книга вилсона. Распиаренная пустышка, ничего оригинального. Читайте "Песнь льда и пламени" Мартина
0
Автор статьи / Адказаць
06.05.2012 / 20:32
Михасю: С книгами Мартина ничто не выдержит сравнения, даже если оно некорректно, ведь вы говорите о фэнтэзи ) Кстати, НФ Мартина очень хороша. "Стеклянный цветок" и "Человек с мясной фабрики" про роботов, да. Но повесть "Умирающий свет" о любви людей среди звезд гораздо лучше.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру