Бязвізавы рэжым паміж Ізраілем і Беларуссю будзе ўведзены, калі таваразварот дзвюх краін наблізіцца да 1 млрд. долараў, заявіў ізраільскі пасол

Адмена візавага рэжыму паміж Беларуссю і Ізраілем магчымая пры значным пашырэнні сацыяльна-эканамічных сувязяў, заявіў, наведваючы 4 мая Магілёў, пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Іосіф Шагал.

«Адмена візавага рэжыму не самамэта. Гэта лагічнае завяршэнне ўсяго комплексу сацыяльна-эканамічных сувязяў, мерапрыемстваў, акцый», — заявіў БелаПАН Шагал. Паводле яго меркавання, калі тавараабарот «будзе набліжацца, скажам, да 1 млрд. долараў у год», пытанне адмены віз паўстане востра.

«На сённяшні дзень гэта ўсяго толькі пажаданне, і мы не маем пакуль рэальных перадумоў для гэтага. Я разлічваю, што праз год-паўтара мы наблізімся да гэтага, і думаю, гэта рэальна», — адзначыў пасол, згадаўшы, што ў 2011 годзе тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў усяго 70 млн. долараў. Ён назваў гэтыя лічбы мізэрнымі, «улічваючы патэнцыял і Беларусі, і Ізраіля». «Ёсць усе падставы, што гэтыя лічбы будуць павялічаны, і, магчыма, нават на парадак», — сказаў Шагал.

«Плануюцца інвестыцыйныя праекты, звязаныя найперш з сельскай гаспадаркай. Ужо некалькі ізраільскіх фірм ажыццяўляюць праекты на тэрыторыі Беларусі, будуюць у аграпрамысловым комплексе прадпрыемствы паводле ізраільскіх тэхналогій — гэта і птушкагадоўля, і свінагадоўля, і вытворчасць індычыны, рыбавытворчасць — ад малькоў да гатовай прадукцыі, — адзначыў дыпламат. — Гэта толькі пачатак, хоць пачатак досыць актыўны і ўжо дае лічбы на парадак вышэйшыя за тыя, што былі паводле вынікаў усяго мінулага года».

Акрамя таго, пасол лічыць, што будуць развівацца сувязі паміж ізраільскімі і беларускімі рэгіёнамі: «Напрыклад тая ж Магілёўская вобласць. Тут ёсць пэўны попыт на пэўныя праекты, ёсць магутнасці, працоўныя рэсурсы. Неабходна проста сумясціць ізраільскія тэхналагічныя магчымасці і інфраструктуру Беларусі. Я думаю, што найбліжэйшыя некалькі месяцаў дадуць нам пэўны вынік».

Паводле яго слоў, умацоўваюцца і культурныя сувязі паміж дзвюма краінамі. Іосіф Шагал назваў Дні яўрэйскай культуры ў Магілёве святам ізраільска-беларускай дружбы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?