З пачатку мая кожны ахвотны беларус можа набыць акцыі Мінскага завода пеністых вінаў.

Так званая «народная прыватызацыя», іншымі словамі, IPO, працягнецца да 15 чэрвеня.
За гэты час арганізатары спадзяюцца знайсці гаспадароў для 240 тысяч акцый.

У першы дзень таргоў было прададзена 1,7% з іх. Пакупнікоў было няшмат, трохі больш за сотню. Сярод іх, відаць, быў і карэспандэнт «Нашай Нівы». Праўда, унёсак у агульную справу быў сціплым — усяго адна акцыя. Прытым што, як вынікае са статыстыкі,

у сярэднім у кожныя рукі ішло ажно па 40 штук!

Акцыі + 90 тысяч

Каб атрымаць пачэсны статус саўладальніка цэлага завода, трэба аформіць патрэбныя дакументы. Найлягчэйшы спосаб — звярнуцца ў вялікія аддзяленні «Беларусбанка» і «Белаграпрамбанка». Напрыклад, на цэлы Мінск іх налічваецца ўсяго 13. Дакладныя адрасы лепш спраўдзіць на сайце беларускага IPO. Дарэчы, тамсама прыведзеныя і каардынаты іншых удзельнікаў рынку каштоўных папер.

Інструкцыя для будучых акцыянераў нібыта кароткая — заплаціў за акцыі, дадаў 90 тысяч рублёў за паслугі банка — і гуляй! Аднак справа выявілася далёка не такой хуткай.

Самы дробны акцыянер

Прыйшоўшы ў «Беларусбанк», гляджу на апарат электроннай чаргі і задумваюся, які пункт выбраць? «Прыём плацяжоў»? Здаецца, не тое… «Аперацыі з аблігацыямі»? Таксама не падыходзіць. На дапамогу прыходзіць кансультант. Аказваецца, для набыцця акцый трэба прайсці ў асобны кабінет працы з карпаратыўным бізнэсам. «Хачу набыць у вас акцыю завода шампанскіх вінаў!» — паведамляю я.

«Толькі адну? Дзіўна…» — з недаверам глядзіць на мяне старэйшы спецыяліст аддзела.
«Ага, для эксперымента, — тлумачу такі дзіўны выбар. — А па колькі звычайна купляюць?» — «Ну-у… Акцый па дваццаць-трыццаць», — тлумачаць мне.

Сапраўды, купляць толькі адну акцыю нявыгадна. Збор за паслугі банка (тыя самыя 90 тысяч) плаціцца толькі аднойчы, незалежна ад колькасці акцый. Для мяне, «рознічнага» пакупніка, ён складае больш за палову ад маёй агульнай куплі. А вось для «аптавікоў» гэтая сума становіцца незаўважнай у параўнанні з агульнымі выдаткамі.

Колькі будзе дывідэндаў?

Пакуль спецыяліст капіруе старонкі з майго пашпарта і рыхтуе да друку заяву, праходзіць яшчэ з дзясятак хвілін. Некалькі разоў удакладняецца электронны адрас — на яго нібыта мусіць прыйсці інфармацыя аб паспяховай куплі акцыі.

Нарэшце атрымліваю рукапісны (дзе тэхналагічнасць працэсу?) лісцік з рэквізітамі, каб аплаціць у касе грошы — агулам 260 тысяч рублёў. У акенцы даводзіцца правесці яшчэ з паўгадзіны.

Касірам не растлумачылі, што за загадкавы звер гэтае IPO, таму ніхто не ведае, як з ім працаваць.
Пасля трох званкоў начальству і атрымання дзвюх супрацьлеглых парадаў аперацыяністка ўсё ж афармляе мае грошы як «пазыку». Што ж, можа завод насамрэч захоча вярнуць мае 260 тысяч?

Яшчэ адно патрабаванне для патэнцыйных акцыянераў — мець у банку рахунак да запатрабавання. Ён адкрываецца бясплатна, дастаткова пакласці 10 ці 20 рублёў. На гэты рахунак павінны налічвацца «шчодрыя» дывідэнды. Напрыклад,

летась за першыя тры кварталы Мінскі завод пеністых вінаў не налічыў ніводнага рубеля (!), хоць і меў прыбытак у $2,8 мільёна. А вось у чацвёртым квартале, калі стала вядома, што завод рыхтуюць да прыватызацыі, кіраўніцтва расшчодрылася аж на 1600 рублёў за кожную акцыю.
Лагічна, бо прадпрыемства з нулявымі дывідэндамі прыватызавалася б складаней.

Канец камерцыйных тайнаў

Нарэшце, вяртаюся ў першы кабінет са спадзяваннем, што больш ад мяне не патрабуецца нічога. Дарма. Цяпер трэба пачакаць гадзінку, каб у базе нарэшце з’явілася інфармацыя пра мой толькі што створаны рахунак, а пасля падпісаць некалькі дамоваў з «Беларусбанкам», у якіх я даручаю купіць для мяне акцыю на наступны дзень таргоў. Падчас чакання спецыялістка удакладняе, нашто мне тая акцыя? Насамрэч матывацыя вельмі простая. Статус акцыянера адкрывае доступ да ўсёй унутранай дакументацыі прадпрыемства. Цікава,

якія прэміі сабе выпісвае кіраўніцтва ці, напрыклад, колькі складае сапраўдны сабекошт шампанскага?
Менавіта такой стратэгіяй карыстаўся расійскі блогер Аляксей Навальны, калі станавіўся мінарытарным акцыянерам нафтагазавых кампаній, а пасля патрабаваў падрабязныя справаздачы.

Нарэшце, усе патрэбныя дакументы аформленыя. Гэта заняло трохі больш за дзве гадзіны часу. Мая заяўка на куплю акцыі прынятая, мне паабяцалі, што адразу ж праінфармуюць пра паспяховую ўгоду.

Хутчэй за ўсё, ужо на наступны дзень я стаў паўнавартасным саўладальнікам завода.
Праўда, пра гэта мяне ніхто так і не папярэдзіў. Што ж, можа сваё слова давядзецца сказаць на сходзе акцыянераў?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?