19.03.2007 / 19:38

Хто забіў беларускае адраджэньне? 25

На гадавіну выбараў‑2006 і ў адказ Аляксандру Адамянцу і Аляксандру Пяршаю піша Пётра Рудкоўскі.

На гадавіну выбараў‑2006 і ў адказ Аляксандру Адамянцу і Аляксандру Пяршаю піша Пётра Рудкоўскі.

Я ўжо даўно насіўся з намерам напісаць тэкст на тэму суадносінаў этыкі і палітыкі, але непасрэдным стымулам да яго напісаньня стала нарастаньне ў беларускім дэмакратычным сэктары зьявы, якую можна назваць сындромам этычнай люстрацыі. Пад гэтаю назвай разумею своеасаблівую стратэгію змаганьня з аўтарытарным рэжымам, дзе на першае месца выходзіць місія выкрыцьця «падазроных элемэнтаў» у дэмакратычных колах праз выяўленьне такіх ці іншых повязяў (ідэйных, палітычных, гістарычных) гэтых элемэнтаў з сэктарам улады. Спачатку я плянаваў даць такі падзагаловак свайму артыкулу: «Некалькі рэфлексій на палях «Politik als Beruf» Макса Вэбэра», але пазьней скасаваў яго, бо насамрэч гэты тэкст будзе ня так рэфлексіяй на кніжных палях, як вынікам рэфлексіяў над тым, што дзеецца ў рэальным полі грамадзкага і палітычнага жыцьця ў Беларусі.

Калісьці Алег Манаеў у часе размовы з карэспандэнтам газэты «Свободные новости плюс» згадаў пра адзін цікавы выпадак з палітычнай практыкі беларускай апазыцыі, які меў месца ў 2003 г.:

Кіраўнікі «Маладога фронту», жадаючы пашырыць сацыяльную базу і палітычны вопыт, выразілі жаданьне пазнаёміцца бліжэй з расейскай выбарчай кампаніяй па выбарах у Дзяржаўную Думу. І што ж? Гэтая ініцыятыва была выкарыстана кіраўніцтвам БНФ для абвінавачаньня Паўла Севярынца ў парушэньні партыйнае дысцыпліны і сталася адной з прычынаў ягонага выхаду з БНФ.

Пасьля таго, як Мілінкевіч падчас выбарчай кампаніі 2006 г. станоўча выказаўся пра некаторыя аспэкты эканамічнай палітыкі Лукашэнкі, у сеціве раз‑пораз пачалі зьяўляцца пытаньні‑камэнтары кшталту: «Дык чым розьніцца Мі[лінкевіч] ад Лу[кашэнкі]?» Пару месяцаў таму Андрэй Дынько выклікаў шокавую рэакцыю ў некаторых удзельнікаў онлайн‑канфэрэнцыі на «Свабодзе», назваўшы беларускага прэзыдэнта «палітыкам рацыянальнага складу» і адзначаючы ў якасьці станоўчых бакоў ягонай палітыкі тое, што ён захаваў краіну ад безуладзьдзя і ня любіць праліваць крыві. Ну, а самую шумную і зацятую дыскусію выклікаў нядаўні ліст Аляксандра Мілінкевіча да Аляксандра Лукашэнкі, у якім той першы выступае з прапановаю канструктыўнага дыялёгу.

«Чым розьніцца Мілінкевіч ад Лукашэнкі, Дынько ад Якубовіча, а Булгакаў ад кіраўніка ідэалягічнага аддзелу?» — літаральна так выказаў у сеціве сваё недаўменьне адзін зь беларускіх філёзафаў. Усе прыведзеныя вышэй казусы маюць нешта супольнае. І Севярынец, і Мілінкевіч, і Дынько з Булгакавым становяцца аб’ектамі крытыкі за тое, што яны парушаюць лёгіку бінарнай апазыцыі.

Парадоксы этыкі перакананьняў

Лёгіку бінарнай апазыцыі найлягчэй растлумачыць пры дапамозе схемы p I q, дзе знак «I» ёсьць сымбалем т. зв. разьдзельнай або абсалютнай альтэрнатывы. У гэтай схеме р заўсёды выступае пад супрацьлеглым знакам у стасунку да q і наадварот. Перанесеная ў сфэру этыкі, у прыватнасьці, грамадзкай этыкі, гэтая схема трансфармуецца ў пастулят татальнага адрозьненьня ад «варожае» групы, якая ўяўляецца ідэйным і(або) палітычным праціўнікам. Інакш кажучы: хочучы належаць да НАС, ты павінен цалкам (настолькі цалкам, наколькі гэта магчыма) адрозьнівацца ад ІХ дакладна так, як белае адрозьніваецца ад чорнага, плюс ад мінуса, а сьвятло ад цемры.

Шумную і зацятую дыскусію выклікаў нядаўні ліст Аляксандра Мілінкевіча да Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзэнтаваную толькі што катэгорыю лёгікі бінарнай апазыцыі прапаную разглядаць у спалучэньні з катэгорыяй этыкі перакананьняў Макса Вэбэра, якую ён увёў і раскрыў у сваім невялічкім трактаце «Politik als Beruf» («Палітыка як прафэсія‑пакліканьне»)1 . Першая і другая катэгорыя, хоць і нерэдукавальныя адна да другой, то ўсё ж уяўляюцца роднаснымі.

Нам трэба ўсьвядоміць, — кажа Вэбэр, — што ўсякае этычна арыентаванае дзеяньне можа абапірацца на два прынцыпова адрозныя, супрацьлеглыя і ўзаемавыключальныя прынцыпы: яно можа кіравацца «этыкай перакананьняў» (gesinnungsethisch) альбо «этыкай адказнасьці» .

Вызнаўцам этыкі перакананьняў характэрная вера ў тое, што можна скласьці каталёг такіх прынцыпаў дзеяньняў, якія будуць заўсёды і ўсюды спараджаць дабро. Гэтае дабро, магчыма, не адразу праявіцца, можа, не адразу распазнаецца, але пэўнасьць, што яно непазьбежна зьвязана з выкананьнем пэўнага каталёгу абсалютных прынцыпаў, утварае нязьменнае credo прыхільнікаў этыкі перакананьняў.

Рэдактар інтэрнэт‑сайтаў «Газета сообщества белорусских интеллектуалов» (belintellectuals.com) і Новая Европа філёзаф Аляксандар Адамянц у сваёй ацэнцы дзейнасьці Мілінкевіча і, наагул, усяе беларускае апазыцыі ў нядаўна апублікаваным артыкуле «Конец «возрожденческого проекта» в Беларуси» наблізіўся ўсутыч да «этыкі перакананьняў», а ягоная аргумэнтацыя вытрыманая ў строгай адпаведнасьці зь «лёгікай бінарнай апазыцыі». Прыгледзьмася да некаторых ягоных тэзаў і аргумэнтаў.

Пасьля (...) адкрытага ліста Аляксандра Мілінкевіча і звароту кіраўніцтва партыі БНФ да Лукашэнкі прыметнік «дэмакратычны» ў адносінах да апазыцыі, прынамсі, у адносінах да так званай «нацыянальна арыентаванай» яе часткі, павінен ужывацца толькі ў дзьвюхкосьсі.

Чаму зварот Мілінкевіча і кіраўніцтва партыі БНФ аж такі сымптаматычны для Адамянца? Вось чаму:

Гэтыя звароты сьведчаць як мінімум пра дзьве рэчы. Па‑першае, пра наіўнасьць, што мяжуе з глупасьцю яе лідэраў, якія не разумеюць і ня ведаюць таго, што вядома з часоў старажытнае Грэцыі: прырода ўсякага тырана такая, што ён ніколі і ні пры якіх абставінах ня пойдзе добраахвотна ні на якія саступкі, якія пагражаюць ягонай уладзе. Па‑другое — пра адсутнасьць у іх цьвёрдых прынцыпаў, заснаваных на дэмакратычных каштоўнасьцях — каштоўнасьцях, якія выносяць на першае месца правы і свабоды чалавека.

Абвінавачваньне «лідэраў» у адсутнасьці ў іх «цьвёрдых прынцыпаў» падаецца незразумелым, бо Мілінкевіч жа ў сваім лісьце недвухсэнсоўна даў зразумець, што «правы і свабоды чалавека» зьяўляюцца для яго безумоўнай каштоўнасьцю і што прапанаваны ім дыялёг будзе немагчымым,

калі ў турмах будуць утрымлівацца мае таварышы, калі будуць працягвацца сілавыя дзеяньні супраць дэмакратычнай моладзі, сьведкамі якіх мы ізноў сталі ў апошнія дні, калі будзе працягвацца ціск на няўрадавыя арганізацыі і партыі, калі будуць працягваць прыцясьняць правы незалежных прафсаюзаў, калі ня будзе адноўленая поўнамаштабная дзейнасьць незалежных сродкаў масавай інфармацыі, калі будуць груба парушацца правы чалавека насуперак міжнародным абавязальніцтвам Беларусі.

Чаму спадар Адамянц у сваім артыкуле не зацытаваў гэтага і чаму не растлумачыў, якім чынам ягоная тэза аб «адсутнасьці цьвёрдай пазыцыі» ў Мілінкевіча суадносіцца з прыведзеным вышэй фрагмэнтам ягонага ліста, дзе ён вельмі цьвёрда і настойліва выступае ў абарону дэмакратычнага этасу? Замест гэтага Адамянц засяродзіўся на вырванай з кантэксту фразе Мілінкевіча: «Ведаю, што, нягледзячы на рознагалосьсі, можна дасягнуць выніку, калі галоўнай нашай мэтай будзе захаваньне незалежнасьці Беларусі і паляпшэньне жыцьця народу» і надаў ёй вось такую інтэрпрэтацыю: «Главной целью и ценностью признаются не права и свободы человека, а «незалежнасьць Беларусі».Тым часам умоўны лад «калі ў турмах будуць утрымлівацца... і г. д.» сьведчыць акурат пра адваротнае: захаваньне правоў і свабодаў у Беларусі ёсьць для Мілінкевіча ўмовай sine qua non вядзеньня дыялёгу.

Апрача тэзы аб «адсутнасьці прынцыпаў» (якую я лічу сфальсыфікаванай), ёсьць у Адамянца яшчэ адна тэза‑дамінанта, на якой грунтуецца радыкальная крытыка дзеяньняў Мілінкевіча і спэктакулярная выснова наконт «сьмерці «адраджэнскага праекту». Гэта наступная тэза: «...прырода ўсякага тырана такая, што ён ніколі і ні пры якіх абставінах ня пойдзе добраахвотна ні на якія саступкі, якія пагражаюць ягонай уладзе».

Вось у гэтай тэзе і выяўляецца схільнасьць аўтара «Смерти «возрожденческого проекта» да разумаваньня згодна зь лёгікай бінарнай апазыцыі. Апраўданым для яго падаецца бескампраміснае, радыкальнае і пасьлядоўнае супрацьстаяньне «тырану». Бінарнае супрацьпастаўленьне «тыранія — дэмакратыя» прадыктавана вернасьцю пэўнай «этыцы перакананьняў», якая мае «абсалютна пазытыўны» і «абсалютна нэгатыўны» складнікі. «Абсалютна пазытыўным» складнікам тут ёсьць дэмакратычныя каштоўнасьці, перадусім правы і свабоды чалавека, а «абсалютна нэгатыўным» — катэгарычная забарона ўступаць у які‑кольвек дыялёг ці заключаць кампраміс з «тыранам». Сама спроба дыялёгу ці кампрамісу — згодна зь лёгікай этыкі перакананьняў — ацэньваецца як здрада ідэям і маральная кампрамэтацыя.

Няведаньне і неразуменьне «прыроды тырана» апазыцыйнымі лідэрамі рэдактар «Новай Эўропы» называе «наіўнасьцю, якая мяжуе з глупасьцю», бо гэта ж вядома «з часоў старажытнай Грэцыі». Тут было б пажадана ўдакладніць, каму канкрэтна ў «старажытнай Грэцыі» было вядома пра такую вось «прыроду тырана». Інакш кажучы, чынячы нейкую тэзу падставай досыць сур’ёзнай высновы, неабходна ўказаць на адпаведны гермэнэўтычны кантэкст, каб чытач меў магчымасьць самастойна пераправерыць гэтую тэзу. А то Бог яго ведае, што там гэтыя ананімныя грэкі мелі на ўвазе, кажучы пра «прыроду тырана».

Здаецца, я ведаю аднаго старажытнага грэка, чые разважаньні больш‑менш пасуюць да прадстаўленай тут Адамянцам тэзы. Гэта вядомы гісторык Тукідыд, сучасьнік Сакрата і Плятона (другая палова V ст. да н. э.). Ён у адной са сваіх працаў выказаў думку, што місія Атэнаў у тагачаснай Эладзе ёсьць de facto формай тыраніі. А тыранія — кажа — гэта свайго роду ananke, наканаваньне, стан, які характарызуецца сваёй унутранай лёгікай. Тыран увесь час імкнецца павялічыць сваю сілу, а гэты ўзрост у сіле спрычыняецца да таго, што расьце колькасьць ворагаў. А калі расьце колькасьць ворагаў, то павінна таксама ўзрастаць моц тыранічнай улады. Перастаць быць тыранам ёсьць небясьпечнаю справай — прыкладна такая выснова Тукідыда.

Ну што ж, тэза аб такой «прыродзе тырана», пра якую кажа Адамянц, і сапраўды вызнавалася прынамсі некаторымі грэкамі. Толькі тут паўстаюць два пытаньні: 1) наколькі «тэорыя тыранічнай улады» старажытных грэкаў стасавальная да інтэрпрэтацыі сацыяльна‑палітычных зьяваў у сучасным сьвеце? 2) ці «тыранія» ўвогуле можа прэтэндаваць на ролю апісальнай катэгорыі для дзяржаўнага ладу ў Беларусі?

Слова «тыранія», аплікаванае да дзяржаўнага ладу ў Беларусі, ёсьць, хутчэй за ўсё, эмацыйным экспрэсантам, а не апісальнай катэгорыяй. Дзяржаўны лад у нашай краіне ёсьць аўтарытарызмам мадэрнага тыпу, які функцыянуе інакш, чым старажытная «тыранія» (хоць некаторыя падабенствы, вядома ж, можна знайсьці). «Аўтарытарызм мадэрнага тыпу» — гэта пэўная форма дэмакратыі, дзе ўлада абапіраецца на публічную думку, якая ў сваю чаргу апрацоўваецца пры дапамозе мас‑мэдыяў і выхаваўчых інстытутаў, шляхам стараннага кантролю інфармацыі і індактрынацыі.

Сучасны ўладар па сутнасьці цалкам залежны ад інфармацыйнае прасторы, у якой замацоўваецца патрэбны ўладзе «паноўны дыскурс». І калі бескампрамісная барацьба ў змаганьні са старажытнымі тыраніямі была калісь найбольш эфэктыўным мэтадам, дык у выпадку змаганьня з сучаснымі аўтарытарызмамі такая барацьба ёсьць, бадай, найменш эфэктыўным, самым пройгрышным мэтадам. Уся справа ў тым, што бескампрамісныя барацьбіты нібыта самі залазяць у прызначаныя для іх нішы ў паноўным дыскурсе. Для аўтарытарнай улады жыцьцёва важна пераканаць грамадзкую думку, што апазыцыя — гэта «отморозки», дэструкцыйныя элемэнты, то бок, радыкалы‑экстрэмісты, няздольныя да дыялёгу і супрацоўніцтва. І радыкальнае, абсалютнае супрацьстаяньне (лёгіка бінарнай апазыцыі) акурат спрыяе росту значэньня для грамадзкае думкі паноўнага дыскурсу.

Для таго, каб адэкватна ацаніць ход Мілінкевіча і іншых апазыцыйных лідэраў, варта зьвяртацца не да ананімных «старажытных грэкаў», а да сучаснай палітычнай думкі. У другой палове 1990‑х гг. зьявілася досыць важная ў гэтым пляне праца Макадама, Макарты і Зальда, у якой прадстаўлены параўнаўчыя дасьледаваньні над сацыяльнымі рухамі4 .

Для аналізу сацыяльных рухаў Д. Макадам прапануе ў якасьці галоўнай катэгорыі палітычную магчымасьць і называе наступныя яе вымярэньні:
адкрытасьць або замкнёнасьць інстытуцыяналізаванай палітычнай сыстэмы;
стабільнасьць або нестабільнасьць пазыцыяў эліты;
магчымасьць або немагчымасьць мець хаўрусьнікаў сярод эліты;
здольнасьць і схільнасьць улады да рэпрэсіяў.

Апрача палітычнай магчымасьці важкім фактарам посьпеху сацыяльнага руху ёсьць культурная фармацыя. Пад гэтым паняцьцем трэба разумець «супольныя сэнсы і дэфініцыі, якімі людзі кіруюцца ў канкрэтных сытуацыях».

Посьпех таго ці іншага грамадзкага руху залежыць ад таго, наколькі адэкватна ён «прачытвае» палітычныя магчымасьці (першае) і наколькі ягоная рыторыка і стратэгія дзеяньняў перагукваецца з тымі «супольнымі сэнсамі і дэфініцыямі, якімі людзі кіруюцца ў канкрэтных сытуацыях».

Польская «Салідарнасьць» у свой час актыўна культывавала рыторыку, у якой галоўнае месца займалі сацыяльныя гарантыі рабочай клясы.

Гісторыя цэнтральна‑ ўсходняга рэгіёну Эўропы, відавочцамі і ўдзельнікамі якой мы самі былі, пакінула нам багата матэрыялу, каб тое‑сёе асэнсаваць і зразумець. Згадайма тактыку ўкраінскіх дысыдэнтаў брэжнеўскай пары, якія даволі эфэктыўна — як на тыя часы і варункі — прасоўвалі нацыянальныя і дэмакратычныя каштоўнасьці ў імя вяртаньня да «першапачатковага ленінізму». Польская «Салідарнасьць» у свой час актыўна культывавала рыторыку, у якой галоўнае месца займалі сацыяльныя гарантыі рабочай клясы. Дарэчы, першая сацыяльная энцыкліка папы Яна Паўла ІІ, выдадзеная ў 1981 г., называлася «Laborem exercens» («Выконваючы працу») і засяроджвалася менавіта на праблемах працоўных і сацыяльнай справядлівасьці. Але найбольш, бадай, павучальнаю ёсьць гісторыя літоўскага Саюдзісу, які, як вядома, ня толькі прывёў Літву да незалежнасьці, але і значна прысьпешыў скон савецкай імпэрыі.

Перш за ўсё трэба адкінуць меркаваньне, якое раз‑пораз паўтараюць закамплексаваныя беларусы, што літоўцы быццам бы заўсёды былі «баявым народам» і таму адны зь першых адважыліся кінуць выклік савецкай сыстэме. Як піша адзін зь літоўскіх палітолягаў Рыціс Булота, яшчэ ў палове 1980‑х літоўскае грамадзтва «было падзелена на інэртныя масы і дысыдэнтаў, якія былі цалкам выцесьненыя на пэрыфэрыі аж да самага канца 1980‑х». Чым быў Саюдзіс? У поўнай назьве гэтага руху — «Lietuvos persitvarkymo sаjыdis», г. зн. «Рух перабудовы Літвы», зьмяшчалася слова, якое было праграмным лёзунгам генэральнага сакратара КПСС Міхаіла Гарбачова — «перабудова». Большая частка чальцоў Саюдзісу належала да Камуністычнай партыі Літвы, а сам гэты рух прэзэнтаваўся як нізавая падтрымка рэформаў Гарбачова.

Прапанова сумеснага з уладай сьвяткаваньня 25 сакавіка, высунутая Зьмітром Бандарэнкам, якая выклікала зьедлівыя кпіны з боку «апазыцыйна арыентаванай» часткі беларускага грамадзтва, мела свой аналяг у гісторыі Саюдзісу. Вось што піша Вітаўтас Ландсбергіс ва ўспамінах пра пачаткі гэтага руху:

Прэтэкстам і прыкрыўкай для дзейнасьці гэтага руху было тое, што мы нібыта выконвалі праграму рэформаў савецкай улады, толькі больш рашуча і больш радыкальна. Гэта павінна было нас абараніць ад дручкоў міліцыі, таксама як тыя некалькі партрэтаў М. Гарбачова, прынесеныя на вялікі мітынг на пляцы віленскай Катэдры 24 чэрвеня 1988 г. Гарбачоў, трыкалёр і гімн незалежнае Літвы — гэта была пачатковая мазаіка, у якой аналітыкі КГБ, ня кажучы ўжо пра звыклых «застойных» камуністаў, ламалі галаву, ня могучы зразумець, што дзеецца насамрэч.

І гэта праўда. Тагачасны шэф літоўскага КГБ пісаў пад канец 1989 г. рапарт у Маскву, у якім прызнаваўся, што кіраваная ім структура ўжо не кантралюе сытуацыі ў Літве, нягледзячы на наяўнасьць у яе распараджэньні больш за 6 тыс. агентаў.

Ці можна ўявіць найноўшую гісторыю Літвы без Саюдзісу? Ці круглы стол прадстаўнікоў руху «Салідарнасьць» і камуністаў быў «пракляцьцем» для Польшчы, ці, наадварот, «бласлаўленьнем»? Ці барацьба палякаў з таталітарызмам была б такой пасьпяховай, калі б не шматлікія лісты Яна Паўла ІІ да Ярузэльскага, тагачаснага «тырана» Польшчы? Пачытайце гэтыя лісты, яны таксама, як і ў Мілінкевіча, пачынаюцца ад слова «Паважаны...» і гэтаксама вытрыманыя ў спакойным і мірным тоне, хоць у іх і выказваецца прынцыповая пазыцыя ў справе правоў і свабод чалавека.

Ці барацьба палякаў з таталітарызмам была б такой пасьпяховай, калі б не шматлікія лісты Яна Паўла ІІ да Ярузэльскага, тагачаснага «тырана» Польшчы? Пачытайце гэтыя лісты, яны таксама, як і ў Мілінкевіча, пачынаюцца ад слова «Паважаны...» і гэтаксама вытрыманыя ў спакойным і мірным тоне, хоць у іх і выказваецца прынцыповая пазыцыя ў справе правоў і свабод чалавека.

Этыка перакананьняў і зьвязаная зь ёю «эстэтыка ідэйнай чысьціні» дамінуюць у палітычным мысьленьні беларусаў. Pereat mundus, fiat iustitia! — гэты вокліч часьцяком прыпісваецца юрыдычным фундамэнталістам. А нашым ідэйным фундамэнталістам можна прыпісаць вокліч: Pereat mundus, permaneat idea! — хай сьвет загіне, але ідэя хай застанецца!

Макс Вэбэр проціпастаўляе этыцы перакананьняў этыку адказнасьці, якая акрэсьлівае тактыку дзеяньняў у сытуацыі канфлікту каштоўнасьцяў. У палітычнай сфэры асабліва важнае месца займае bonum commune (супольнае дабро), якое ў прынцыпе азначае мінімалізацыю пагрозы для жыцьцёва важных для дадзенага соцыюму каштоўнасьцяў. Як зрабіць, каб у канкрэтных, рэальна наяўных умовах пашырыць прастору свабоды (адну з важных для соцыюму каштоўнасьцяў), не рызыкуючы пры гэтым стабільнасьцю і іншымі важнымі для нашага грамадзтва каштоўнасьцямі? Можа, заўзятыя крытыкі Мілінкевічавай тактыкі і маюць якісь рэцэпт, але хай тады яго раскрыюць і пачнуць эфэктыўна прымяняць. Толькі вось мне падаецца, што анічога, апрача тупіковай этыкі перакананьняў, яны прапанаваць ня могуць.

Этыка адказнасьці — гэта тое, чаго неставала беларускай апазыцыі ад моманту яе народзінаў. Беларусы таксама маглі б мець свой Саюдзіс, калі б у свой час адбылося паразуменьне паміж БНФ і Дэмакратычнай плятформай КПСС. Але БНФ інакш, чым Саюдзіс, узяў курс на «ідэйную чысьціню» і з мабілізацыйнай сілы ператварыўся ў тормаз дэмакратычна‑кансалідацыйных працэсаў. Сёньня, калі зьявіліся палітыкі, якіх само жыцьцё пераканала ў бессэнсоўнасьці дзейнічаньня водле лёгікі бінарнай апазыцыі, пачынаюць думаць і дзейнічаць у адпаведнасьці з этыкай адказнасьці, гэта выклікала хвалю нейкага ірацыянальнага пратэсту з боку апазыцыйнай часткі насельніцтва. Ну што ж, калі мы яшчэ не дарасьлі да этыкі адказнасьці, давайце пажывем яшчэ дзясятак‑два годзікаў у ролі ізгояў Эўропы. Хай будзе дыктатура, але затое застанемся «ідэйна чыстымі».

Этыка адказнасьці — гэта тое, чаго неставала беларускай апазыцыі ад моманту яе народзінаў. Беларусы таксама маглі б мець свой Саюдзіс, калі б у свой час адбылося паразуменьне паміж БНФ і Дэмакратычнай плятформай КПСС. Але БНФ інакш, чым Саюдзіс, узяў курс на «ідэйную чысьціню» і з мабілізацыйнай сілы ператварыўся ў тормаз дэмакратычна‑ кансалідацыйных працэсаў.

Шчыра кажучы, адмоўнай рэакцыі на ліст Мілінкевіча я чакаў перадусім ад беларускамоўнай правіцы, асабліва ейнай кансэрватыўнай часткі. І такая рэакцыя сапраўды была, мяркуючы па шэрагу выказваньняў на форумах «Нашай Нівы». Але зьяўленьне асуджальнай рэакцыі з боку расейскамоўных лібэралаў было для мяне вялікай нечаканасьцю. Што мяне заўсёды прываблівала ў расейскамоўных, дык гэта тое, што яны мне падаваліся больш вольнымі ад лёгікі бінарнай апазыцыі, больш спакойнымі і ўзважанымі ў сваіх меркаваньнях у параўнаньні зь беларускамоўнай правіцай, схільнай да патасу і экзальтацыі. Але вось нешта дзіўнае адбываецца. «Нацыянальна арыентаваная» апазыцыя цьверазее і становіцца больш адказнай (у вэбэраўскім сэнсе гэтага слова) у той час, як у космалібэральным лягеры заўважаецца схільнасьць да ідэйнага фундамэнталізму і ірацыянальнага радыкалізму.

Калі чаго і варта павучыцца ў старажытных грэкаў, дык гэта ня іхняй тэорыі тыраніі, якая ў значнай ступені анахранічная, але этыцы ўзважанага дзеяньня, якую яны называлі sophrosyne. Адной з умоваў узважанага дзеяньня ёсьць «мераадчувальнасьць» (meson), пазьбяганьне пасьпешлівых і экстрэмальных рухаў.

І яшчэ адна рэч, якая ў грэкаў вартая ўвагі. Грэкі адрозьнівалі два віды часу — chronos i kairos. Першы абазначаў звычайны час як сэрыю момантаў, якія рэгулярна наступаюць адзін за другім. А kairos — гэта «адпаведны час», tempus opportunum, як тлумачылі лаціньнікі, што адпавядае, між іншым, прыведзенай вышэй катэгорыі Макадама political opportunity.

У тым, што Беларусь увайшла ў трэцяе тысячагодзьдзе ў якасьці савецкага скансэну, не вінаватая «памяркоўнасьць» беларусаў. І палякі, і літоўцы, і ўкраінцы таксама па‑свойму «памяркоўныя». Справа таксама ня ў тым, што «не было падтрымкі Захаду», бо яна ўсё ж была і ёсьць. Уся праблема ў тым, што нашым палітыкам і інтэлігенцыі бракавала ўменьня адэкватна распазнаць kairos і ў поўнай меры выкарыстаць opportunity, якую ён прыносіў. А замінала такому распазнаньню гэтая няшчасная лёгіка бінарнай апазыцыі і зьвязаная зь ёю этыка перакананьняў.

Адраджэнскі праект — поле бою ці поле дыялёгу

Ад крытыкі канкрэтнага ўчынку Мілінкевіча Адамянц перайшоў да наступу на ўсю нацыянальна‑адраджэнскую плынь:

Гэтая «адраджэнская» рыторыка ідэалягічная ў той самай ступені, што і «інтэграцыйная» рыторыка ўлады. Яна мае мала супольнага з сапраўднымі інтарэсамі беларускага грамадзтва, калі разумець пад гэтымі інтарэсамі пабудову сацыяльна‑палітычнай сыстэмы заходняга тыпу, разьвіцьцё якой замацоўваецца памкненьнем да замацаваньня правоў і свабодаў асобы.

Проціпастаўленьне «адраджэнскай» рыторыкі «сапраўдным інтарэсам» беларускага грамадзтва само мае хутчэй за ўсё ідэалягічны характар. Бо калі беларускіх грамадзянаў нешта і цікавіць у «сыстэме заходняга тыпу», дык гэта перадусім эканамічныя або кансумпцыйныя яе бакі. «Сацыяльна‑палітычныя» аспэкты гэтай сыстэмы зь яе замацоўваньнем правоў і свабод, на жаль, ня маюць для беларусаў вялікага значэньня.

У тым, што Беларусь увайшла ў трэцяе тысячагодзьдзе ў якасьці савецкага скансэну, не вінаватая «памяркоўнасьць» беларусаў. І палякі, і літоўцы, і ўкраінцы таксама па‑свойму «памяркоўныя». Справа таксама ня ў тым, што «не было падтрымкі Захаду», бо яна ўсё ж была і ёсьць. Уся праблема ў тым, што нашым палітыкам і інтэлігенцыі бракавала ўменьня адэкватна распазнаць kairos і ў поўнай меры выкарыстаць opportunity, якую ён прыносіў.

Тым часам «нацыянальна‑адраджэнскі праект» — гэта свайго роду вялікая пэдагагічная праграма, пакліканая выхаваць у абываталяў здольнасьць быцьця суб’ектамі сацыяльнага жыцьця і мысьленьне ў катэгорыях, між іншым, правоў і свабод асобы.

Цікава, што Адамянц, крытыкуючы Мілінкевіча ў імя абароны сацыяльна‑палітычнай сыстэмы заходняга тыпу, не заўважыў, што акурат Заходняя Эўропа ў асобе ван дэр Ліндэна вырашыла in tempore opportuno зрабіць крок насустрач Аляксандру Лукашэнку. Такім чынам, дзеля лягічнае кагерэнцыі трэба было б усьлед за асуджэньнем нацыянальна‑адраджэнскага праекту асудзіць таксама і ўсю сацыяльна‑палітычную сыстэму заходняга тыпу!

Глябальная крытыка «нацыянальна‑адраджэнскага праекту» — гэта параўнальна нядаўняя зьява. Раней з боку расейскамоўных зьяўлялася пераважна партыкулярная крытыка, г. зн. крытыка некаторых момантаў гэтага праекту, напрыклад, моўнай стратэгіі або нацыяналістычных інклінацыяў некаторых адраджэнцаў. Апрача палемічнага тэксту Адамянца, які мы тут абмяркоўваем, ёсьць яшчэ ангельскамоўны тэкст Аляксандра Пяршая, у якім en bloc крытыкуецца «нацыянальны дыскурс», прычым у гэтага апошняга зьявіліся розныя магчымыя стратэгіі крытыкі.

Першая стратэгія — выкрывальніцкая, захаваная ў духу дэмаскатарскай пасіі Алены Гапавай: «Нацыянальны дыскурс зьвязаны з двума гегеманічнымі канструктамі — дамінацыяй нацыянальнай дзяржавы і дамінацыяй інтэлектуалаў», — піша Пяршай. Нацыяналізм як інтэгральная частка адраджэнскага праекту ёсьць «уладным дыскурсам», спосабам замацаваньня за сабой цэнтральнае пазыцыі ў грамадзтве. «Акцэнтуючы вяртаньне Беларусі да Эўропы, нацыянальны праект дазваляе беларускім інтэлектуалам выбраць і прасоўваць тую мадэль нацыі, якая найбольш адпавядае іх карпарацыйным інтарэсам».

Другая стратэгія — канстатацыя непапулярнасьці: «Падаецца, што беларускі інтэлектуальны нацыянальны дыскурс не выходзіць далей за межы кола саміх інтэлектуалаў. (...) Інтэлектуальны дыскурс на Беларусі — самазасяроджаны [self‑centred], элітарны і інтэлектуальна арыентаваны». «Калі ёсьць цэнтар, які прамаўляе, дык чаму ніхто ня слухае?»

Трэцяя стратэгія — рэінтэрпрэтацыя паняцьця нацыянальнай тоеснасьці: «Я адчуваю сваю нацыянальную тоеснасьць незалежна ад мовы, на якой гавару».

Усе тры стратэгіі крытыкі маюць адну і тую самую загану: яны пазбаўлены яснае рэфэрэнцыі. Тыповая эпістэмалягічная праблема: бачыш, што ляціць страла, але ня бачыш, у каго канкрэтна яна скіраваная. Такая акалічнасьць абцяжарвае ацэнку гэтых крытычных заўваг, бо не да канца вядома, да каго яны адносяцца. Прыйдзецца скамэнтаваць гэтыя тры стратэгіі крытыкі, зыходзячы перадусім зь іх лягічнае структуры.

«Выкрывальніцкая стратэгія» крытыкі пабудаваная згодна зь лёгікай гульні: «дакажы, што ты ня слон». І што б ты ні сказаў, будзе пацьверджаньнем, што ты — слон. Тэза аб «карпарацыйным інтарэсе» тых ці іншых інтэлектуалаў нефальсыфікавальная і заснаваная на спачатным прыняцьці прынцыпу мэтадалягічнага калектывізму (пэўная група людзей трактуецца як адно цэлае, як кляса). Такім чынам, гэтая стратэгія можа быць прымальнай толькі для аматараў эзатэрычнай мэтафізыкі. Дастаткова запатрабаваць — згодна з прынцыпамі сучаснай эпістэмалёгіі — прадставіць клясу кантрасту для катэгорыі «інтэлектуалаў з карпарацыйнымі інтарэсамі» і назваць мэта‑крытэры, пры дапамозе якіх можна было б «інтэлектуалаў з карпарацыйнымі інтарэсамі» адрозьніць ад «інтэлектуалаў без карпарацыйных інтарэсаў», каб выкінуць гэтую тэзу за межы рацыянальнага дыскурсу.

Другая стратэгія (канстатацыя непапулярнасьці) грунтуецца на нейкім непаразуменьні. Што значыць, што «нацыянальны дыскурс не выходзіць за межы кола саміх інтэлектуалаў»? «Дыскурс» — гэта нешта намнога большае і шырэйшае, чым інтэлектуальны тэкст. Падлетак з пэўнага мястэчка можа не чытаць «ARCHE» і ня ведаць пра ягонае існаваньне, але пры гэтым можа быць носьбітам і пашыральнікам «нацыянальнага дыскурсу» праз прапагандаваньне нацыянальных сымбаляў, удзел у краязнаўчых экспэдыцыях, імкненьне гаварыць па‑беларуску і г. д. Дыскурс — гэта ўнутрана дыфэрэнцыяваны і складаны мікракосмас, дзе неабходна выконваньне розных функцыяў. Функцыя інтэлектуалаў — даць паглыблены аналіз грамадзка‑палітычнай сытуацыі і запрапанаваць тыя ці іншыя гермэнэўтычныя кантэксты для інтэрпрэтацыі дадзенай сытуацыі. Ну і ясна, што бабця Вэрця зь Ліпнішак не зразумее гэтага аналізу і ня будзе слухаць ні пра якія кантэксты. Інтэлектуальныя тэксты — гэта культурныя артэфакты, пакліканыя стымуляваць «ідэйны мэтабалізм» у грамадзтве, удзельнікамі якога зьяўляюцца пераважна прадстаўнікі культурнай і палітычнай эліты. Але гэты «мэтабалізм» аказвае апасродкаваны ўплыў на розныя пласты насельніцтва. «Элітарная дыскусія» зазвычай «рэтрансьлюецца» на больш простай і зразумелай мове мас‑мэдыямі і прадстаўнікамі розных культурных і адукацыйных інстытутаў і даносіцца, хоць і ў відазьмененай форме, да так званых «масаў». Межы «інтэлектуальнага дыскурсу» заўсёды няўлоўныя і ў прынцыпе няма эфэктыўных мэтадаў, каб канстатаваць, што «няма слухачоў».

Калі Беларусь мае быць калі‑небудзь эўрапейскай дзяржавай у поўным сэнсе гэтага слова, то беларускія палітыкі і інтэлігенцыя мусяць перастаць ставіць інфантыльныя пытаньні кшталту: «Чым розьніцца Мі ад Лу?», а задавацца больш сур’ёзнымі пытаньнямі, напрыклад: ;у чым спэцыфіка сёньняшняй political opportunity? –

Трэцяя стратэгія, што грунтуецца на такой рэінтэрпрэтацыі нацыянальнай сьвядомасьці, у якой роля мовы перастае граць ролю галоўнага «ідэнтыфікатара», у прынцыпе, не выклікае пярэчаньняў, хоць патрабуе пэўнага ўдакладненьня. Ёсьць беларусы, для якіх мова грае галоўную ролю ў нацыянальнай аўтаідэнтыфікацыі, і ёсьць беларусы, для якіх мова ня грае галоўнае ролі. Пытаньне да Пяршая: ці ягоная крытыка нацыянальнага дыскурсу выкліканая патрэбай абараніць права некаторых беларусаў не размаўляць па‑беларуску, ці выкліканая чымсьці большым — перакананьнем, што «небеларускамоўная» вэрсія нацыянальнай ідэнтычнасьці аб’ектыўна больш вартасная, чым беларускамоўная? Калі першае, то тут можна зь ім пагадзіцца: акрэсьленьне месца беларускай мовы ў структуры нацыянальнай аўтаідэнтыфікацыі павінна быць аўтаномным выбарам паасобнага беларуса. Трэба скрэсьліць з нацыянальнага праекту пастуляты прымусовай беларусізацыі і стратэгіі дыскрымінацыі расейскамоўных (калі такія пастуляты і стратэгіі сапраўды ёсьць). Але калі за рэінтэрпрэтацыяй Пяршая хаваецца якісь праект дэбеларусізацыі, то гэта ўжо была б падазроная справа. Беларускамоўныя ня мусяць апраўдвацца, чаму яны гавораць па‑беларуску.

* * *

Калі палітыка — гэта мастацтва магчымага, то трэба раз і назаўсёды разьвітацца зь лёгікай бінарнай апазыцыі. Абсалютная альтэрнатыва — гэта вораг усякага мастацтва, у тым ліку і палітычнага.

Калі беларускае грамадзтва мае быць салідарнай і грамадзянскай супольнасьцю, то трэба заакцэптаваць якісь інтэгравальны прынцып. Гэты прынцып мусіць быць мэта‑палітычны, незалежны ад палітычнага надвор’я. Такім прынцыпам можа быць спалучэньне двух дыскурсаў, дзьвюх ідэяў — лібэральна‑дэмакратычнай і нацыянальнай.

Калі Беларусь мае быць калі‑небудзь эўрапейскай дзяржавай у поўным сэнсе гэтага слова, то беларускія палітыкі і інтэлігенцыя мусяць перастаць ставіць інфантыльныя пытаньні кшталту: «Чым розьніцца Мі ад Лу?», а задавацца больш сур’ёзнымі пытаньнямі, напрыклад: у чым спэцыфіка сёньняшняй political opportunity?

Калі ёсьць якаясь этыка, магчымая ў палітыцы, дык такой этыкай ёсьць толькі этыка адказнасьці.

Поўны тэкст артыкула чытайце ў №3'2007 ARCHE

Адамянц, Александр. Конец «возрожденческого проекта» в Беларуси

Pershai, Alexander. Questioning the Hegemony of the Nation State in Belarus: Production of Intellectual Discourses as Production of Resources // Nationalities Papers. Vol. 34. № 5. (November 2006). P. 623—635.

Пётра Рудкоўскі

0
Сьцяпан / Адказаць
19.03.2007 / 20:58
Выходзіць, што "бінарныя" таварышы спрабуюць падмяніць супрацьлеглыя паняцьці цяперашняй палітычнай сытуацыі супярэчнымі. Нізачот ім па лёгіцы.
0
Michal Zaleski / Адказаць
19.03.2007 / 23:31
Toj, hto naradziu belaruskaje pamiranne!
0
Дурная / Адказаць
20.03.2007 / 01:10
Вой...Усё ж такі дачытала гэта вось... Гата ж вось як яно)) Божачкі, які вялікі артыкул, які файны, вытанчаны стыль, як ён аздоблены цытатамі, спасылкамі, ангельскай, нямецкай, грэцкай ды латынскай мовамі, ды ж яшчэ нават недзе на ангельскай мове выданы... Ха-ха-ха.... Ды ня трэба глядзець на гэтых атэнскіх філёзафаў з іх тыраніямі, ды і з сітуацыяй пры камунізме ў 80-х таксама ня параўноўвайце, бо ў той час быў крызіс самаго рэжыма, ды і на Беларусі была свая спецыфіка. Шмат з таго, што тут гаворыцца было і тут. Кожная тыранія - ўнікальна, але ж сутнасьць ды лёгіку паводзінаў рэжыму цяперашняга можна добра пабачыць, калі толькі добра паглядзець. І ў разважаньнях траба сыходзіць з гэтага. Ёсьць заўвагі слушныя, напрыклад наконт працоўных ды сацыяных гарантыяў слушныя, але ж яны вядомыя ўжо шмат часу, але ж яны недапасаваныя да сённяшніх умоў, калі гвалтоўна душыцца ўсё свабоднае. Таму ўвогуле, у мяне уражаньне, што аўтар ня ведае элементарных фактаў гісторыі Беларусі, таму ён робіць з няслушных тэзаў няслушныя высновы. Хай пачытае хоць"Сем гадоў Адраджэньня". А так - па мне дык яшчэ адзін артыкул у доўгай чарзе артыкулаў, зьмест якіх - прадукт ідэйна-філязофскай мастурбацыі, гульні ў бісер.
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру