19 і 20 мая на мінскім стадыёне "Трактар" упершыню ў Беларусі пройдзе "Мінскі фестываль агню", паведамілі БелаПАН арганізатары шоу.

Мерапрыемства збярэ на адной пляцоўцы лепшых прадстаўнікоў агнявога мастацтва Беларусі, Украіны, Расіі, Венгрыі і Літвы.

Як адзначылі арганізатары, роданачальнікам агнявых фестываляў з'яўляецца Германія, якая ўжо на працягу 15 гадоў штогод збірае на падобныя мерапрыемствы некалькі дзясяткаў тысяч турыстаў і гасцей.

Першай краінай СНД, якая стала праводзіць агнявыя фестывалі, стала Украіна. Следам за ёй ідэю агнявых шоу падхапіла Расія.

У рамках фестывалю пройдзе выступленне цыркавых калектываў і рок-гуртоў, конкурс графіці, фота- і мотавыстава, выстава рэтрааўтамабіляў і вернісаж ад лепшых мастакоў вінілаграфіі. На фестывальным кірмашы будуць прадстаўлены інструменты, з якімі працуюць артысты агнявога шоу, а самі яны падзеляцца сакрэтамі майстэрства на прафесійных майстар-класах, у якіх можа ўзяць удзел любы ахвотны. Пройдзе і фестываль роўпджампінгу і альпінізму.

У вячэрняй праграме адбудуцца паказальныя выступленні сусветных зорак агнявога і цыркавога жанру, фаер-батлы, фестываль агнявых інсталяцый і вялікае піратэхнічнае шоу. Музычнае суправаджэнне забяспечаць гурты "БезПанікі" і Drum Ecstasy.

Апоўнач агнявое шоу зменіць музычны Open Air ад лепшых беларускіх дзіджэяў — DJ Selebrium, DJ 4 kuba, DJ Mad Mouse, DJ Soca Toka, DJ Malk, DJ Mikser і DJ Vlad Ostrovsky. Вечарынка пад адкрытым небам пройдзе пры падтрымцы вядомых персанажаў клубнага жыцця краіны — MC Bond і MC Андрэй Рыбакін.

На тэрыторыі фестывалю таксама будуць арганізаваныя кальян-домікі, ціры, пункты грамадскага харчавання. Усе ахвотныя змогуць на месцы набыць агнявое і светлавое абсталяванне, а таксама розныя аксесуары фаер-шоу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?