Журналіста часопіса «Magazyn Polski na uchodzstwie» Ігара Банцара сёньня пасадзілі на дзесяць сутак па абвінавачаньні ў нецэнзурнай лаянцы. Ён быў затрыманы ўчора ў Горадні і ноч правёў у міліцэйскім ізалятары.

Ігар Банцар расказаў нашаму Радыё, што ў выхадны дзень сутыкнуўся ў цэнтры гораду зь міліцыянтамі, якія былі нападпітку. Яны з тых, што раней затрымлівалі яго пад час палітычных падзеяў, зазначыў Ігар. На наступны дзень ён пайшоў на футбол, дзе тыя ж самыя міліцыянты дзяжурылі, і яго празь нейкі час затрымалі.

Банцар: «Насамрэч, мяне затрымаў маёр Ленец, ён мне сказаў: пройдзем праверыць вашыя дадзеныя, ці вы сапраўды той, кім сябе называеце. Таму, я кажу, гэта чыста палітычнае затрыманьне, як заўжды: затрымалі папросту на падставе таго, каб праверыць дакумэнты, а потым напісалі ў пратаколе як звычайна — ішоў, брудна лаяўся матам».

У міліцэйскім пратаколе напісана, што Ігар Банцар спачатку непадалёк ад стадыёну нібы «бег на чале групы моладзі і гучна крычаў нецэнзурнай лаянкай», а потым лаяўся на плошчы Леніна, дзе быў спынены міліцыянтамі.

Рэдактар часопісу «Magazyn Polski na uchodzstwie» Андрэй Пачобут зазначае:

Пачобут: «Сам Банцар зазначае, што гэты пратакол быў зьменены, першпачаткова яны напісалі, што ён ішоў па вуліцы і па тэлефоне размаўляў матам. Карацей, гэта выглядае як помста супрацоўнікаў міліцыі за тое, што ён стаўся сьведкам іхніх паводзінаў».

Судзьдзя Натальля Козел палічыла сьведчаньні міліцыянтаў абгрунтаванымі і пакарала Ігара Банцара дзесяцідзённым арыштам. Ён яшчэ пасьпеў паведаміць мне па тэлефоне, што зьбіраўся 25 сакавіка паехаць у Менск. Дарэчы, год таму, калі ён вярнуўся са сталіцы, яго таксама арыштавалі на дзесяць сутак.

Здымак Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?