На могілках у Налібаках, каля помніка ахвярам партызанскага нападу. Фота salasz.livejournal.com.

На могілках у Налібаках, каля помніка ахвярам партызанскага нападу. Фота salasz.livejournal.com.

Гэта гісторыя пра тое, як адным травеньскім ранкам савецкія партызаны расстралялі 128 мірных жыхароў заходнебеларускай вёскі Налібакі (сёння — Стаўбцоўскі раён). Першы час я пачуў расказ пра гэта, калі мне было 10 год, ад сваёй бабулі. Яе гісторыя гучала для мяне тады як фантыстыка. На мітынгах у Дзень Перамогі я чуў іншае, у школе мне казалі зусім іншае, у кніжках пра гэта не было ані слова.

Сваёй бабулі я доўгі час не верыў. Лічыў, што 80-гадовая жанчына нешта наблытала альбо наўмысна выдумляе.

Адной пагоднай раніцай ужніўні 1942 г. жыхароў Налібакаў сустрэлі расклееныя на слупах па ўсім мястэчку абвесткі:

«Па загадзе каменданта жандармерыі, а таксама кіраўніцтва CC і паліцыі ў Налібаках ствараецца самаахова мястэчка і навакольных вёсак ад рабункаў і тэрору бандытаў з лесу. Усе мужчыны ад 18 да 40 год абавязаныя з’явіцца ў сядзібе гміны на службу. За невыканнне загаду — смерць».

Немцы «ўзбройваюць» 144 мясцовых мужчын 28 старымі вінтоўкамі і пакідаюць мястэчка.

За парадак, спраўнасць тэлефоннай лініі, абарону ад партызанаў і своечасовыя пастаўкі прадуктаў акупантам налібачане адказваюць уласнай галавой.

Налібакі апынаюцца паміж савецкім молатам і нямецкім кавадлам. Пра служэнне немцам няма і мовы. «Абараніцца» ад дзесяці тысяч партызан у пушчы пры дапамозе 28 стрэльбаў — немагчыма.

Большасць мясцовых спачувае польскім легіёнам, у шэрагах якіх ёсць і налібачане.

Увесну 1943 году бальшавікі ўжо цалкам кантралююць лясныя групы ў Налібоцкай пушчы. Працягваюцца напады на навакольныя вёскі. Невядомыя рабуюць сялян і гвалцяць жанчын. Тэрор і страх паглынае ўсё болей ахвяр. Страляць у партызан налібачане баяцца, бо ўначы з лесу можа прыйсці помста і адказваць за аднаго ляснога прышэльца давядзецца цэлым сем’ям, як гэта ўжо не раз бывала. Глядзець склаўшы рукі на тое, як партызаны рабуюць мясцовае насельніцтва — «самаахова» не можа. За бяздзеянне эсэсаўцы не раз пагражалі спаліць вёску.

Кіраўнік налібацкай самааховы Яўген Клімовіч вырашае ехаць у лес на перамовы з бальшавікамі. Партызаны прапанаюць правесці імітацыю нападу на «самаахову», каб пазбегчы нямецкай помсты на вёску.
Чальцы «самааховы» павінны паддацца і са зброяй перайсці да партызан. Налібачане меліся патлумачыць пазней немцам, што бальшавікі напалі на вёску і арыштавалі ўсіх «самаахоўцаў». Савецкія камандзіры ставяць умовы: пасля аперацыі налібацкія мужчыны павінны прыняць прысягу на вернасць Сталіну і ўвайсці ў шэрагі партызанскага атраду. Клімовіч пагаджаецца на імітацыю нападу, але просіць даць яму час, каб абдумаць прапанову аб пераходзе ў партызанку. Бакі дамаўляюцца перад «нападам» сустрэцца яшчэ раз і да «захопу» пазбягаць узаемных сутыкненняў.
Партызаны не стрымалі сваё слова. 8 мая а 5-й раніцы атрады бальшавікоў акружылі мястэчка.
Вось як узгадвае першыя стрэлы партызанаў былы налібачанін Вацлаў Навіцкі.

«Доўгая серыя з кулямёта разарвала пярэднюю сценку пад вокнамі нашага дома і канапу ў іншым канцы пакоя. Кулі затрымаліся на процілеглай сцяне, некалькі сантыметраў над нашымі галовамі. (…) З-за вокнаў далятаў крык: „Давай, давай, вперёд!“. Мама падбегла да вакна і загаласіла: „Вёска гарыць!“. Я выбег у споднім на падворак. Над вёскай і мястэчкам дым. Лямант у нашых суседзяў Лукашэвічаў. Два ўзброеныя чалавекі выводзяць з хаты Караля. За мужам бяжыць жонка Поля, за ёй бацькі. Людзі даводзяць Караля да гумна. Гучаць два сухія стрэлы з пісталета».

Партызаны, мужчыны і жанчыны, забягалі ў хату, стралялі ў гаспадароў, а часам і ў цэлыя сем’і, і з крыкам «Ура» беглі забіваць далей. Спалоханыя байцы «самааховы» самі выбягалі на падворак, мяркуючы, што адбываецца дамоўленая з партызанамі аперацыя. Яны стралялі ўгару, а партызаны адказвалі ім чэргамі з аўтаматаў, забіралі ў хатах каштоўныя прадметы і падпальвалі будынкі.

Яніна Стасюкевіч запомніла, як яна з маці і малым братам хавалася ў склепе. Партызан загадаў ім выйсці. Калі маці выходзіла з малым сынам на руках, партызан стрэліў ёй у нагу.
Вераніку Стасюкевіч выратаваў іншы партызан, які загадаў спыніць агонь і прыгразіў застрэліць свайго паплечніка.
Яніна бачыла, як партызаны застрэлілі двух маладых настаўнікаў. 22-гадовыя хлопцы ляжалі мёртвыя ў садзе, а партызаны таўклі ім штыкамі вачніцы і загадалі 6-гадовай Яніне і яшчэ чацвярым дзецям глядзець на гэтую жахлівую сцэну.
У дом Стэфана Стасюкевіча ў пошуках прадуктаў уварваліся жанчына і двое мужчын. Яны пераламалі мэблю, пабілі посуд і, не знайшоўшы ежы, сышлі. Тады на кані пад дом пад’ехаў партызан. Ён папрасіў у Стэфана запалкі, а потым застрэліў гаспадара і падпаліў яго дом.

Мечыслаў Клімовіч, які быў тады падлеткам, памятае, як партызаны выводзілі на вуліцу налібацкіх мужчын і загадвалі станавіцца ў шэраг. Да іх на кані пад’ехала жанчына, прывязала каня да плота і са спакойным тварам пачала страляць па мясцовых.

17-гадовую Марысю Грыгарцэвіч будзяць стрэлы з аўтамата. Дзяўчына выглядае ў вакно і бачыць, як незнаёмы падпальвае іх гумно. У дом забягае іншы партызан. У сенях стаіць муляр Альберт Фарботка, які жыве ў Грыгарцэвічаў на кватэры. Партызан страляе яму наўпрост у твар і пахіляючыся над ім крычыць:

— Ё. тваю маць, сволач…

Пахіляецца, хапае за руку і шукае гадзіннік. Няма…. «пракляты п…ц». Партызан сцягвае з Альберта штаны і выбягае на двор.

Марыся бачыць, як гараць дамы Карневічаў, Лойкаў, Хмараў…

15-гадовы Болесь Хмара хаваецца ў хаце. Праз сцены ён чуе, як партызаны выводзяць на двор яго старэйшага брата. Жанчына страляе яму ў грудзі. Куля трапляе ў ключыцу і разрывае костку.

У сям’і Каржэнькаў партызаны таксама забіваюць старэйшага сына. Малодшы Толік назірае за гэтым з хлява. Калі саветы выходзяць на вуліцу, ён сядае на каня і ўцякае ў бок лесу. Бацька, мяркуючы, што гэта адзін з партызанаў, хапаецца за вінтоўку і страляе. Толік падае на зямлю.

Перад тым, як падпальваць дамы, партызаны іх дашчэнту рабуюць. З сабой у лес яны забіраюць 100 кароў і 70 коней.

За дзве гадзіны ад рук лясных бандытаў загінула 128 налібачан. Ахвяры — пераважна мужчыны, але сярод забітых ёсць тры жанчыны, падлеткі й дзесяцігадовае дзіця.

Некаторыя сем’і страцілі 7–8 чалавек. Пахаванне забітых працягвалася некалькі дзён. У многіх трунах былі толькі рэшткі спаленых цел, у некаторых — толькі попел.

Так трагедыю памятаюць жыхары Налібакаў і сем’і ахвяр. Але такога апісання тагедыі 8 траўня 1943 году дарэмна шукаць у савецкіх крыніцах. Сярод дакументаў тых часоў ёсць, затое, службовая нататка кіраўніка савецкай партызанкі на Наваградчыне, маскоўскага стаўленніка генерала Васілія Чарнышова «Платона»:

«Уначы 8 мая 1943 года партызанскія атрады пад кіраўніцтвам тав. Гулевіча і камісара тав. Муратава знянацку разграмілі нямецкі гарнізон

самааховы мястэчка Налібакі. У выніку двухгадзіннай барацьбы загінулі 250 самаахоўцаў».

У Навагрудскім музеі можна пабачыць дакладнае апісанне «перамогі над нямецкім гарнізонам».

«У дзень аперацыі ў густым лесе за 3 км ад вёскі Новы Двор сабралося пяць груп, агулам больш за 1110 партызан абодвух полаў. Кіраваў камандзір Гулевіч. У іх былі аўтаматы ды вінтоўкі. Тры аддзелы партызанаў у складзе 730 чалавек атакавалі Налібокі.

Брыгады ў таямніцы наблізіліся да мястэчка, а 4-й раніцы, адкрываючы дарогу пяхоце, быў адкрыты агонь з вінтовак.

Гарнізон быў здабыты. Вынік сутычкі: 250 членаў самааховы былі забітыя падчас двухгадзіннай барацьбы, было спалена шмат дамоў, здабытая зброя, кулямёты і стрэльбы.

Падчас знішчэння гарнізону ў Налібаках загінулі пяцёра партызанаў, шасцёра былі параненыя.

У гэтым дакуменце завышаная ня толькі колькасць ахвяр (амаль у два разы), але і колькасць партызан. Паводле сведкаў, бальшавікоў было не больш за 150 чалавек.

За напад на Налібакі адказвае брыгада імя Сталіна. Згаданы вышэй загад генерала «Платона» ад 10 мая 1943 г. пералічвае аддзелы, якія ўзялі ўдзел у нападзе на Налібакі: атрад імя Дзяржынскага, «Бальшавік», імя Суворава і іх камандзіры — тав. Канстанцін Шашкін, тав. Макаеў, тав. Фёдар Суркоў. Сярод нападнікаў былі й партызаны з так званага габрэйскага сямейнага атраду Шлёмы Зорына. У яго шэрагах былі і налібацкія габрэі, якія ўцяклі ў лес пасля прыходу немцаў.

Напад на Налібакі быў карай мясцовым жыхарам за нелаяльнасць партызанам і сумневы ў супрацоўніцтве з бальшавіцкай уладай.
Партызнаскі рэйд стаў таксама выдатнай нагодай да нажывы: вёска была дашчэнту абрабаваная.

Ці адказалі забойцы 128 налібачан за свае забойствы? Не. Гэтага і не магло адбыцца, бо дазвол ці хутчэй загад на забойства выдаў начальнік НКВД у Івянцы Рыгор Сідарок «Дубаў». Ён быў чымсці накшталт куратара партызанаў у Налібоцкай пушчы. Яго разам са згаданым вышэй «Платонам» на пачатку 1943 году перакінулі з Масквы для ўмацавання кіаўніцтва партызанскім рухам. Сваю справу, трэба сказаць, яны выканалі на ўсе пяць. Старшыня Цэнтральнага штаба партызанцкага руху Панцеляймон Панамарэнка ўзнагародзіў кіраўнікоў аперацыі ў Налібаках. Сярод іх быў і камандзір атрада імя Сталіна Павел Гулевіч, які, фактычна, кіраваў забойствамі налібачан. Сам ён хваліўся чатырма забітымі.

Пасля вайны многія ўдзельнікі налібоцкай аперацыі атрымалі высокія партыйныя пасады ў Беларусі, частка вярнулася ў Расею. Ва ўспамінах некаторых з іх яны хваляцца, як 8 мая 1943 году забілі ў Налібаках больш за дзве сотні немцаў і паліцаяў.

Распачатую саветамі справу праз тры месяцы завершылі немцы. Пры канцы ліпеня ў рамках антыпартызанскай аперацыі «Герман» у вёску ўвайшла Зондэркаманда СС Дырлевангера і ўкраінскі батальён «Нахтыгаль».

6 жніўня немцы даюць вяскоўцам паўгадзіны на зборы і загадваюць збірацца на цэнтральнай плошчы. Кажуць, што вывозяць у Нямеччыну. Хворых, старых і нямоглых налібачан расстрэльваюць на месцы. Кулю атрымлівалі і тыя, хто адмаўляўся выконваць загад і не хацеў пакідаць свой дом. Немцы падпальваюць вёску. Да вечара ад 500-гадовага мястэчка застаецца попел і высокія цагляныя каміны.

Пасля вайны ў Налібакі вярнуліся многія вывезеныя ў 1943 годзе вяскоўцы. Яны адбудавалі мястэчка, а новая ўлада паставіла ў яго цэнтры помнік партызанам і мясцовым жыхарам, што загінулі ад рук немцаў. Калі я вучыўся ў школе, то мы штогод праводзілі там урачыстасці з нагоды Дня Перамогі.

З часам я адкрыў, што на помніку пералічваюцца імёны некаторых забітых партызанамі аднавяскоўцаў у трагічны дзень 8 мая 1943 года.
Рэшта імёнаў — гэта чужыя мясцоваму вуху прозвішчы. Магчыма, гэта імёны партызанаў, якія забівалі налібачан і самі загінулі падчас аперацыі. Іронія лёсу. І забойцы, і іх ахвяры на адной пліце помніка! Я ня раз казаў пра сваё адкрыццё настаўнікам, дырэктару школы, старшыні сельсавету, пісаў артыкулы ў раённую газету. Праз пару год стары помнік знеслі і ў больш пачэсным месцы паставілі новы. Але прозвішчы на ім засталіся тыя самыя.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?