14:42

Спікер верхняй палаты парламента Анатоль Рубінаў падзякаваў Лукашэнку за адказы. «Нам вас шкада», — сказаў ён, калі кіраўніку краіны хацелі задаваць яшчэ пытанні. Такія словы Рубінава сустрэлі апладысментамі.

14:40

«Няма ў Расіі і Пуціна рэсурсаў, каб задушыць Беларусь. І ніколі на гэта не пойдзе».

«Французам я думаю Сарказі надакучыў. Але розніца невялікая. Аланд абяцаў тыя рэчы, якія ў нас рэалізоўваюцца на практыцы», — кажа Лукашэнка.

Кажа, што Кадафі асабіста расказваў Лукашэнку, што даваў грошы Сарказі на выбарчую кампанію. «Ён браў не 50, а 100 мільёнаў».

14:31

«Спорт не можа быць па-за палітыкай. Спорт — гэта вялікая палітыка», — кажа Лукашэнка.

«Але калі палітыкі з бруднымі рукамі ўлязаюць у палітыку і расстаўляюць свае акцэнты… Хакей, зачапіў ты мяне за хворае. З такой гульнёй хай бы і не было чэмпіяната».

«Будуе „Чыжоўку-арэну“ адзін чыноўнік, які пракраўся. Ну няхай і будуе», — кажа Лукашэнка.

14:25

Дэпутат Зазуля з Кобрына пытаецца пра ахову дзяржаўнай мяжы з Еўрасаюзам.

Лукашэнка звяртаецца да старшыні памежнага камітэта Рачкоўскага: «Едзь у Брусэль і прасі грошы на абарону мяжы». «Хай перамяшчаюцца ўсе, хто захоча», — сказаў Лукашэнка пра перасячэнні мяжы.

14:11

Дэпутат Самасейка пытаецца аб праблеме смяротнага пакарання, ці ёсць магчымасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.

«Я ніколі сам не пайду на ўвядзенне мараторыя. Я ведаю настроі людзей. Тэлевізар можна выключыць. Два нягоднікі ўварваліся ў кватэру, згвалтавалі дачку, забілі яе, закінулі ў ванную. Што з імі зрабіць? Я імгненна адхіляю прашэнне аб памілаванні. Вы ведаеце, чаго мне каштавалі два апошніх смяротных прысуды, калі ўвесь свет на цябе цісне. Я — прэзідэнт, я павінен зрабіць як хоча грамадства. Кали ты гад і нягоднік і ідзеш на злачынства, будзь гатовы за яго адказаць. Хаця, можа быць, грамадства падышло да мараторыя».

14:02

Лукашэнка шмат гаварыў пра кітайцаў. Супакойваў, што ніякай кітайскай каланізацыі не будзе. «Яны ўсё вельмі добра робяць, а пад кантролем дык ідэальна». «Кітайцы нам не навязваліся, ні па гатэлю ні па тэхнапарку, ні па кварталу. Гэта я іх папрасіў».

Кіраўнік краіны прызнаўся, што ягоны заробак складае каля 2000 даляраў.

13:49

Дэпутат з Адзінцоўскай акругі Мінска пытаецца пра адток будаўнікоў з Беларусі.

«Людзі з’язджаюць, але гэта не катастрофа».

У дэпутаткі Палянскай Лукашэнка папытаўся: «‎Колькі ў вас дзяцей? Адзін? А чаму не двое? Ідзіце і рашайце з Мясніковічам гэтае пытанне».

Вялікая частка прамовы была пра дрэвы ў дварах, а таксама ўшчыльненне ў дварах.

13:32

Вадзім Папоў з савета рэспублікі пытаецца пра прыход буйнога расійскага капітала ў Беларусь, а таксама пра эканамічныя санкцыі ў дачыненні Беларусі. Кажа, што народ баіцца прыходу агрэсіўнага расійскага капіталу.

«Расіяне не прыйдуць і не забяруць нашых прадпрыемстваў, — супакойвае Лукашэнка. — Я ініцыяваў стварэнне адзінай эканамічнай прасторы, але трэба, каб гэтае аб’яднанне адпавядала супольным крытэрам. Цяпер няма мясных, малочных войнаў. Пакуль няма нават дробных фактаў, што ёсць нейкая экспансія». Доўга расказвае пра выгады ад продажу «Белтрансгаза».

13:17

Дэпутат Ларыса Ершаловіч з Лунінецкай акругі кажа, што цэны ўсё ж працягваюць расці. «Калі спыніцца рост цэн?»

«Можна спыніць хоць заўтра, хоць сёння. Інфляцыя ў асноўным ідзе ад урада. У нас быў страшны разрыў у цэнах паміж Расіяй, Украінай. Па нейкіх пунктах розніца ў 8 разоў. Ідзе масавы вываз тавараў з краіны. У нас бензін цэнтаў 70–80 каштуе, у ЕС да 1,5 гатовыя падымаць цану».

«Дзіцёнак у школе не павінен адрознівацца ад прэзідэнцкага сына, ваша, усе павінны быць роўныя», — кажа Лукашэнка, каментуючы немагчымасць некаторых бацькоў адзець добра дзяцей да школы.

13:13

Дэпутатка Галіна Юргілевіч з Шабаноўскай акругі ставіць пытанне пра 500 даляраў заробку.

«Магу вас толькі падтрымаць. Але для ўсіх беларусаў 500 даляраў наўрад ці мы сёлета справімся, аднак 500 даляраў сярэдняга заробку можам дацягнуць».

«Калі дадзім беларусу 500 даляраў, то не будзем жыць горш, чым там», — кажа Лукашэнка, ківаючы на Польшчу.

13:04

Зварот доўжыўся ўсяго дзве гадзіны. Цяпер кіраўнік краіны гатовы адказаць на пытанні дэпутатаў.

12:59

Закрануў пытанне продажу кантрацэптываў па рэцэптах. У залі пайшоў асцярожны смех. «Прывык наш чалавек валідол, валяр’янку і іншую заразу купляць без рэцэптаў, не трэба адбіраць у яго гэтае права».

«Імідж беларуса — чалавек з кнігай. Галоўная задача — адрадзіць любоў да літаратуры. Не важна на якім носьбіце будзе чытаць, галоўнае — каб гэтае слова даходзіла да маладога чалавека».

13:10

Першае пытанне — пра заробак 500 даляраў, ад дэпутаткі Юргілевіч.

13:09

Скончыў пасланне, а 13-й. Папрасіўся сесці, каб пры адказах на пытанні магчы «весці запісы».

12:54
«Добрыя перспектывы можа мець супрацоўніцтва з Ізраілем».

«Усё што робім, робім не для лічбаў і паказнікаў. Усе гэтыя гайкі і балты маюць сэнс, калі ўсё накіравана на чалавека». Сцвярджае, што па ўзроўні адукацыі Беларусь займае 20-ае месца ў свеце, а ў ахове здароўя — 30-ае.

«Ніякіх рэформ у сярэдняй школе не будзе», — кажа Лукашэнка. Размова пра надта вялікую колькасць выпускнікоў гуманітарыяў і недахоп «тэхнароў».

12:49

«Я хачу сказаць еўрапейцам і амерыканцам — нас немагчыма зламаць. Нас толькі магчыма пахаваць. Калі нас не будзе, тады вы зможаце тут рабіць, што хочаце. Давайце жыць дружна. Дыялог — іншага не дадзена», — кажа Лукашэнка.

«Няма ніякіх арэляў, ёсць стратэгічныя інтарэсы. Не павінна быць ніякіх пярэчанняў паміж двума саюзамі. Мы за інтэграцыю ад Лісабона да Уладзівастока, пра што кажуць у Расіі». Пра месца ў геапалітыцы. Выступіў за інтэграцыю інтэграцый — г.зн. інтэграцыю Еўрапейскага саюза і Еўразійскага саюза.

12:38

Пытанне адносінаў з Еўрасаюзам Лукашэнка падняў раней, чым з Расіяй. Напэўна, больш прыярытэтнае гэтае пытанне.

Лукашэнка адзначае, што ў Беларусі вельмі імкліва развіваецца інтэрнэт. І ніякага ціску ў гэтай сферы няма.

Пра судовую сістэму: «Ніякіх расправаў, звядзення асабістых рахункаў быць не павінна. Трэба рухацца да судоў прысяжных». Кажа, што стварэнне Следчага камітэта правільны крок. «У бліжэйшы год мы цалкам рэфармуем МУС, нікога не крыўдзячы».

«Не заўсёды пазбаўленне волі — адэкватнае пакаранне». Кажа, што знаходжанне за кратамі не абавязкова, можна адпускаць пад падпіску аб нявыездзе.

Будзе амністыя да 3 ліпеня. «Годныя людзі ў турмах, а нягоднікаў мы адпускаем пад ціскам».

12:29

Лукашэнка робіць рэверансы на адрас праціўнікаў улады: «Мы павінны чуць меншасць, яна ёсць у Беларусі». «Няпраўда, што прэзідэнт такі цвёрдалобы і не чуе. Я чую кожны піск у кожным кутку нашай краіны, гэта праходзіць праз маё сэрца. Мы чуем, аналізуем, але зыходзім з патрабаванняў пераважнай большасці нашага грамадства. Так будзе і надалей». «Мы гатовы слухаць ЕС, ЗША, Расію, але жыць будзем сваім розумам», — дадаў ён.

«Будзе ўзмацняцца роля партый. Магчыма, мы саспеем да зменаў выбарчай сістэмы, за выбары па змешанай сістэме. Але партыі павінны быць!»

Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што лічыць заўчасным стварэнне ў Беларусі сапраўды дэмакратычнага грамадства, заснаванага на грамадзянскіх свабодах. «Наўрад ці тыя, хто гучней за ўсіх выступае за свабоду, гатовыя да гэтай свабоды», — філасафаваў ён. Ён працытаваў словы Дастаеўскага: «Няма для чалавека нічога больш невыноснага за свабоду». «Геніяльны пісьменнік меў рацыю — атрымліваючы свабоду, чалавек разумее, што ўзваліў на сябе цяжкую ношу: свабода прадугледжвае адказнасць, чалавек сам прымае рашэнні і сам за іх адказвае», — засцерагаў прэзідэнт.

Лукашэнка заўважыў, што «нашы партнёры на Захадзе павінны зразумець, што грамадзянская супольнасць і дэмакратыя не нараджаюцца росчыркам пяра на ўказе прэзідэнта. Гэта не адбываецца за дзень, для гэтага патрабуюцца гады».

12:22

«Мы гатовыя да дыялогу», — кажа Лукашэнка да Еўрасаюза.

Шмат кампліментаў у адрас парламентароў. «Важна захаваць пераемнасць», — кажа ён пра наступныя парламенцкія выбары. «Ні крока ўправа ці ўлева не будзе, кажу я паслам і той грамадзянам краіны, што патрабуюць ад мяне адказа, як будзе праходзіць кампанія. Нічога мяняць мы не будзем. Час упушчаны. З Рубінавым два гады назад у вузкім коле заняліся рэфармаваннем выбарчага заканадаўства. Абмяркоўвалі партыйныя спісы. Калі нас пачалі душыць, то нават людзі, якія мне гэта прапаноўвалі, сказалі: „Не час“. Я не прыхільнік прапарцыйнай сістэмы, а толькі мажарытарнай. Дэпутат не павінен адрывацца ад сваіх выбарцаў. Партыі павінны быць, назавіце мне хоць адну існуючую партыю. Там жа мёртвых душаў больш за палову. Каго вы прадстаўляеце? Ім падкідваюць праз Літву і Польшчы чамаданы грошай, ім улада не патрэбна, гэта іх бізнэс. Вы хочаце ад іх некага пасадзіць? Я — не».

12:17

«Нас крытыкуюць, што ў нас недэмакратычна. Ну, здарыўся ў нас канфлікт з пасламі. Мы глядзелі, што вакол адбываецца, з людзьмі гаварылі. Калі мне прынеслі аналітычную запіску, я быў прыемна здзіўлены, ніводны дыпламат гэтага не хацеў. Яны нас публічна крытыкуюць, але на справе любяць нашу краіну і кажуць, што дэмакратыі не меней, чым у іх», — сцвярджае ён.

Зноў паўтарае тэзу пра тое, што апазіцыя ў Вярхоўным Савеце не захацела прыслухвацца да прапановаў Лукашэнкі браць прыклад з Кітая. «Беларускі народ не прыняў шокавай лібералізацыі».

12:10

«Будаваць трэба там, дзе ты не замінаеш людзям», — кажа Лукашэнка, тлумачачы рашэнне забараніць будаўніцтва на водасховішчах. «Бяздумнага засялення вакол Мінска і абласных цэнтраў не будзе», — у пытаннях зямельных надзелаў Лукашэнка адышоў ад паперак. Шмат расказвае гісторый з жыцця.

«Трэба стварыць цывілізаваны рынак арэндаванага жылля». Паручае ўраду распрацаваць праграму ў гэтым пытанні. Да прысутных звяртаецца «паважаныя таварышы».

«Цяпер пра дэмакратыю і свабоду… Паслы заварушыліся».

12:05

«Я сапраўды кажу пра яўрэяў у добрым сэнсе», — кажа Лукашэнка пра інвестараў з Ізраіля, якіх прывёў Ладуцька. «Я сказаў: арыштоўваеце Ладуцьку — дык будуюць».

Кажа пра будаўніцтва за «Аквабелам», дзе не было парадку. «Краіна павінна быць вычашчана, выдрана і ззяць. Ніякіх латыфундый, як было за „Аквабелам“ не будзе».

12:02

«Кожны чалавек можа палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Хочаце бясплатную кватэру — трое, чацвёра, пяцера раджайце і прыходзьце». Льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля будуць значна абмежаванныя.

Кажа, што Барыс Батура раскладвае перад ім карты, якую зямлю хочуць інвестары. «Нашы дзяды адваёўвалі ў прыроды гэтыя землі». «Робяць фермы за 10 кіламетраў ад вёскі, а потым разумеюць, што тут трэба дарогі правесці, электрычнасць. І ферма ў два разы даражэй каштуе». «Губернатары не справіліся з пытаннямі раздачы зямлі, таму давялося прэзідэнту ў іх гэтую функцыю забраць».

«У нас столькі нявыкарастаных земляў, што хопіць і еўрапейскіх, і амерыканскім інвестарам».

11:53

«Калі б вы пабачылі Беларусь з паветра, то ўбачылі б новую Беларусь. У Гродзенскай, Брэсцкай вобласці можна падумаць, што гэта Заходняя Еўропа, з яе прыватнай уласнасцю». Зноў кажа пра выгады меліярацыі.

«Голад па-ранейшаму глабальная праблема чалавецтва. Не хапае ежы для 1,5 мільярдаў людзей. Але хто іх падлічыў? Імкліва растуць цэны на прадукты, і рост цэн у нас — гэта не чыясьці злая воля, а ўмовы рынка», — апраўдваецца Лукашэнка, спіхваючы ўсе ўнутраныя праблемы на сусветныя тэндэнцыі. Абяцае, што цэны будуць выраўнівацца з цэнамі ў Расіі і Украіне.

11:47

«Стаўку трэба ставіць на моладзь. Нашым камсамолам БРСМ дадзеная цудоўная праграма «Сто ідэй для Беларусі».

Прысутныя ў залі старанна канспектуюць выступ кіраўніка краіны. Пакуль Лукашэнка чытае з паперкі, амаль не збіваецца.

«Гасподзь нам пакуль дапамагае», — кажа кіраўнік краіны пра сельскую гаспадарку. Апраўдвае будаўніцтва аграгарадкоў, але такое ён кажа штогод.

11:44

Лукашэнка адзначае стабілізацыю беларускага рубля. «Нячэсная гульня з курсам можа паўтарыцца. Рэзкіх ваганняў курса больш дапусціць нельга», — адзначае кіраўнік краіны.

«Экспарт прыносіць валюту ў краіну», — кажа прапісную ісціну. «На экспарт трэба адпраўляць не менш за 65% прадукцыі, што вырабляем». Называе, што трэба выйсці на рынкі Аўстраліі, Новай Зеландыі, В’етнама, Індыі.

Развіццё навукі Лукашэнка называе таксама адным з галоўных момантаў. Кажа, што не карпусы і заводы галоўнае, а навуковыя распрацоўкі. «Без навукі і высокіх тэхналогій нам не атрымаецца зрабіць вялікі эканамічны пад’ём. Дайце вучоным поўную свабоду зарабляць».

11:36

«Заробак павінен быць заробленым. Аднак некаторыя кіраўнікі лічаць, што можна нічога не рабіць і ўся адказнасць з іх будзе знятая».

Лукашэнка ўзгадвае пра абяцанні Усебеларускага сходу, дзе абяцалі заробак у 500. Цяпер кажа, мы павінны прыблізіцца да гэтай сумы. «Колькі заробіў — столькі і атрымаў». Кажа, што заробкі чыноўнікаў не такія і вялікія.

11:33

«Цэнавага бясчынства не будзе», — кажа Лукашэнка пра свабоднае цэнаўтварэнне. «Мы не павінны дапусціць павелічэння цэнаў сёлета больш на 20%. Нідзе ў свеце не адмаўляюцца ад цэнаўтварэння», — Лукашэнка часам збіваецца ў крык.

Кіраўнік краіны абураецца цэнамі ў кавярнях Мінска. «Гэта Ладуцькі датычыць».

«Разам з вялікімі супермаркетамі павінны развівацца і малыя крамы», — кажа Лукашэнка.

«Правальна працуе сістэма рознічнай кааперацыі. Так болей працягвацца не можа», — робіць заўвагу Мясніковічу, які не ўносіць у гэтае пытанне канкрэтных прапановаў.

11:27

Спыняецца на прыватызацыі. Папулісцкія словы хвалявання за людзей, што працуюць на тых прадпрыемствах. Тым не менш адзначае, што пытанне толькі ў цане. «32, можа, 31,5 мільярды даляраў за столькі мыц гатовы прадаць «Беларуськалій», — кажа Лукашэнка. Але купцоў на такую суму пакуль няма. Гаворыць «наменклятурная прыватызацыя», абяцае, што яе ніколі ў Беларусі не будзе.

Расказвае выпадак пра прадпрыемства «Керамін», дзе кіраўніцтва з сваякамі хацела прыкупіць акцыі. «Такое будзе прысякацца ўмомант. Можаце мяне за гэта біць, што хочаце зрабіць».

«Прыватызацыя будзе чэснай, без лабіравання, па вызначанай цане», — Лукашэнка завёўся, абмяркоўваючы гэтую тэму.

11:18

«Паручаю кожнаму члену ўраду, старшыні аблвыканкаў узяць пад адказнасць некалькі праектаў, якія здольныя атрымліваць інвестыцыі. Гэтая практыка павінна перайсці на вашых падначаленых».

Пра інвестыцыі: «Гаворым мы пра гэта многа, а толку — мала». Лукашэнка кажа, што замежныя інвестары гатовыя ісці ў Беларусь, але тут яны сутыкаюцца з бюракратызмам і абыякавасцю. «Яшчэ цяжэй, калі інвеставаць хочуць нашы бізнэсмены, яны ўвогуле нікуды прабіцца не могуць».

«Умовы інвестыцый у Беларусі павінны быць аднымі з найлепшых у свеце». Пакуль на палітычных момантах Лукашэнка не спыняецца.

11:11

«Новаму пакаленню — адноўленую эканоміку», — Лукашэнка кажа, што гэта галоўны лозунг будучыні. Адзначае станоўчыя тэндэнцыі ў беларускай эканомікі, атрымалася выбудаваць правільную антыкрызісную палітыку.

«Прыклад краіны ЕС, якія гадамі не звярталі ўвагі на праблемы, для нас папярэджанне. Трэба жыць па сродках», — паўтарыў Лукашэнка свае старыя словы.

Адным з важнейшых пунктаў называе мадэрнізацыю эканоміку. Гаворыць пра патрэбу больш якасных прадуктаў, а не толькі танных. Павелічэнне працоўных месцаў, «стымуляцыя самазанятасці».

11:07

Лукашэнка пачаў з складанай геапалітычнай сітуацыяй. Пра леташнюю «арабскую вясну», а таксама крызіс у Еўрасаюзе. «Аналагічная карціна назіралася і ў ЗША, якая лічылася аплотам дэмакратыі», — кажа Лукашэнкі. Згадвае пра жудасныя тэракты.

«Гэтыя беды датычаць і нас. Не змаглі мы пазбегнуць, як эканамічных, так і іншых праблем. Ніхто не чакаў гэтых праблемаў», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка адзначае, што ў дарослае жыццё ўступае першае пакаленне беларусаў, якія нарадзіліся ў самастойнай дзяржаве.

«Багацце — не самамэта. Рух наперад немагчымы без патрыятызма», — пафасныя словы пра неабходнасць любові да радзімы.

    • Аднак за два дні да гэтага прэс-служба кіраўніка краіны паведаміла, што праца над дакументам працягваецца.

    У прыватнасці, адзначалася, што Лукашэнку не спадабалася занадта ліберальная пазіцыя адносна прыватызацыі маёмасці і надта жорсткая па ўзаемадачыненнях з Захадам. «Лукашэнка выказаўся супраць залішне жорсткіх мер рэагавання на праблемы ва ўзаемаадносінах Беларусі са сваімі партнёрамі», — паведаміла ягоная прэс-служба.

    Зварот адбудзецца на наступны дзень пасля інаўгурацыі Пуціна і перад Днём Перамогі. У парламент запрошаныя паслы Еўрасаюза, які нядаўна перад гэтым вярнуліся ў Мінску.

    Пачаў працу спікер ніжняй палаты Уладзімір Андрэйчанка, які зазначыў, што на звароце прысутнічае 109 дэпутатаў парламента. Нехта адзін не з’явіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?