На спецыялізаваных форумах у інтэрнэце гісторыка-культурную каштоўнасць, якую быццам бы ахоўвае дзяржава, празвалі інакш: «скаладром Млын». Альпіністы праводзяць тут трэніроўкі, грамадскасць абураецца: «Нашай моладзі пляваць на даўніну».

Канфлікт вакол гістарычнага «скаладрома» выбухнуў некалькі гадоў таму. Пасля таго як у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе пачалася маштабная рэканструкцыя, альпіністы на час перасталі карыстацца гэтай трэніровачнай пляцоўкай. Але «паўза» была нядоўгай.

— У Лошыцкім парку на фасадзе дома ХІХ стагоддзя рэгулярна займаюцца альпіністы-аматары, — паведамілі наведнікі форуму Оnliner.by. — Забіваюць у сцены мацавання для карабінаў. Усё гэта адбываецца ў выходныя дні пры вялікай колькасці людзей у парку. Нарад маладых салдацікаў-міліцыянтаў прайшоў міма без увагі.

Калі альпіністам зрабіла заўвагу маладая пара з дзіцем у калясцы, у адказ была вельмі грубая нецэнзурная лаянка і прапанова «выйсці і пагаварыць».
Думаем, да гэтай праблемы трэба прыцягнуць шырокую ўвагу.

Цікава, чым так прыбавіў альпіністаў паўразбураны будынак? У адным з блогаў прыведзеная такая характарыстыка «Млына»:

— Месца даволі вядомае ў скалалазных колах, таму што яно, мабыць, адзінае ў Мінску, дзе можна больш ці менш палазіць не толькі «ўбок» але і «ўверх».

На іншым сайце альпіністы ўскосна прызнаюць, што помнік гісторыі знаходзіцца ў сумным стане. У тым ліку і па іх віне:

— Беглы вонкавы агляд паказаў, што будынак (асабліва на нашых трэніровачных ключавых пунктах) моцна руйнуецца, — канстатуюць спартоўцы.

Зрэшты, афіцыйных заключэнняў пра прынесеную шкоду ў прыродзе не існуе.

— Гэта балючае пытанне. Нейкі час мы таксама трэніраваліся на «Млыне», — расказаў кіраўнік гарадскога клуба альпінізму «Надзір» Аляксей Харужка. — Але потым, калі ўбачылі, што ёсць зрухі да рэканструкцыі будынка, гэтую справу спынілі.

Аляксей кажа, што асабіста ён выкарыстанне помніка гісторыі ў якасці скаладрома не ўхваляе. Пры гэтым адзначае, што

месцаў для трэніроўкі альпіністаў у сталіцы практычна няма.

— Лошыцкі «Млын» добры тым, што там ёсць магчымасць адпрацоўваць элементы тэхнікі. У Мінску, мабыць, ёсць толькі адзін «афіцыйны» скаладром, які таксама дазваляе гэта рабіць — на вул. Лук’яновіча. Але там пастаянна вялікі наплыў наведнікаў. Яшчэ адна пляцоўка з’явілася ва Уруччы на базе МНС, аднак звычайных грамадзян туды пакуль не пускаюць.

Даведацца, што думаюць з нагоды альпінізму і гісторыі гарадскія ўлады, аказалася цяжка. У выканкаме пра «праблемы не чулі», а ў філіяле «Лошыцкая садова-паркавае гаспадарка» трубку браць не хочуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?