Як паведамілі ў пракуратуры горада, злачынства было ўчыненае 20 ліпеня 1992 года. У гэты дзень у кватэры дома на вуліцы Сярова быў знойдзены труп 38-гадовай жыхаркі сталіцы, ураджэнкі Старадарожскага раёна Мінскай вобласці, з прыкметамі гвалтоўнай смерці — чэрапна-мазгавая траўма і колата-рэзаныя раненні.

Судова-медыцынскай экспертызай устаноўлена, што жанчына памерла ад адкрытай тупой траўмы галавы, якая суправаджалася асколачным пераломам левай скроневай косці, пашкоджаннем абалонак і рэчыва галаўнога мозгу. Па факце забойства была распачата крымінальная справа па артыкуле 101 Крымінальнага кодэкса ў рэдакцыі 1960 года. Расследаванне неаднаразова прыпынялася, а затым аднаўлялася. У 2007 годзе яна была спыненая з прычыны заканчэння тэрмінаў даўнасці.

Падазроны ва ўчыненні забойства быў устаноўлены толькі ў 2011 годзе, тады расследаванне аднавілася зноў. Падазроны — 48-гадовы мінчанін, які ў 1992 годзе быў блізкі з загінулай. Абодва яны ў той час працавалі на заводзе «Мінскбудматэрыялы», сустракаліся і ў нерабочы час, уступалі ў палавую сувязь, разам выпівалі. У адну з такіх сустрэч узнікла сварка, якая скончылася забойствам. Раз’юшаную сяброўку яе сабутэльнік «супакоіў» спачатку некалькімі ўдарамі прасам па галаве, а затым некалькімі ўдарамі нажом. На месцы злачынства засталіся майка, якую разарвала жанчына, калі супраціўлялася, і некалькі адпячаткаў пальцаў, якія атрымалася ідэнтыфікаваць толькі ў 2011 годзе.

Цяпер крымінальная справа канчаткова спынена, вінаваты ва ўчыненні злачынства вызвалены ад крымінальнай адказнасці з прычыны заканчэння тэрмінаў даўнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?