Раніцай 9 траўня мяне разбудзіў званок майго сябра, выкладчыка матэматыкі і фізікі Аляксея Васілеўскага. «Я ўжо прывык, што ў тэатр, у музей, на хакей ходзяць за адзнаку. Але

каб на святкаванне Дня Перамогі вучня ўгаворвалі пайсці за 10 па гісторыі, а калі не пойдзе, то абяцаюць праблемы ў школе»…
Мы ўспомнілі свае школьныя гады, як хацелася трапіць на парад. Для гэтага бацькі мусілі дастаць пропуск, што бывала нячаста, бо ахвотных было вельмі шмат. Ці, не дастаўшы пропуску, глядзелі парад па тэлевізары. Я расказаў, як у дзяцінстве расстаўляў фігуры на шахматных дошках і прымаў у іх парад і колькі разоў быў у нашым музеі Вялікай Айчыннай вайны. Калі б наш настаўнік гісторыі за наведванне музея прапанаваў бы мне паставіць 5 балаў, то… Не, гэтага не магло быць, бо не магло быць ніколі.

Сапраўды, цяпер існуе цэлы прэйскурант заахвочванняў за наведванне розных мерапрыемстваў. Нядаўна вучань пачаў адпрошвацца сысці з заняткаў у раёне васьмі вечара, хоць можна было яшчэ гадзіну папрацаваць. — Мне трэба ў тэатр, — сказаў ён.

— У дзевяць гадзін? — здзівіўся я.

— Так, мне трэба паспець да заканчэння спектакля, каб узяць у каго-небудзь сённяшні выкарыстаны білет. Настаўніца паставіць мне 10 па беларускай, трэба толькі змест спектакля ў інтэрнэце знайсці.

Я ўжо перастаў здзіўляцца такім гісторыям. Памятаю нядаўняе абурэнне адзнакай вучаніцы, якой за чвэрць паставілі 8 балаў па матэматыцы, хоць мне здавалася, што яна пакуль ведае не вышэй, чым на 6.

Вучаніца ж разлічвала на 9, бо наведала за чвэрць мноства мерапрыемстваў.
За кожнае наведванне ёй ставілі 10. Дарэчы, з урокаў могуць зняць увесь клас, але ў школьным журнале будзе запісана, што ўсе ўрокі праведзеныя.

Але не за кожны паход вучню ставяць «дзясятку». Нядаўна два вучні патэлефанавалі ў раёне 11-й раніцы і папрасілі паставіць заняткі крыху раней. «Нас адправілі глядзець хакей паміж нейкімі раёнамі, нейкая ліга, мы самі не зразумелі, што за матч. За гэта можна не рабіць на заўтра ўрокі. Так што мы ўжо вольныя». Я ўспомніў, што мая знаёмая настаўніца ходзіць на хакей у загадным парадку за 2 адгулы на вакацыях, але ў яе на высокіх трыбунах кружыцца галава. Таму яна на лёд не глядзіць, а сядзіць увесь матч і вышывае.

Днём 9 мая я гуляў па Мінску ў парку Перамогі. Свята было толькі ў душы, а ў парку было мерапрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?