Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч заклікала Аляксандра Лукашэнку спыніць націск і пераслед беларускіх незалежных СМІ. Пра гэта паведамляе прэс-служба АБСЕ.

«Прэзідэнт Лукашэнка павінен спыніць надзвычай рэзкую палітыку Беларусі ў дачыненні да СМІ. Існуе вострая неабходнасць свабоды для СМІ ў Беларусі. І гэта свабода можа быць дасягнута толькі калі — для пачатку — усе абвінавачанні і ўжо вынесеныя прыгаворы ў дачыненні да журналістаў будуць ануляваныя», — гаворыцца ў лісце Міятавіч, накіраваным 8 мая на імя Лукашэнкі.

Міятавіч, у прыватнасці, нагадвае пра журналістаў Ірыну Халіп і Андрэя Пачобута, якія асуджаны за крытычныя матэрыялы на адрас беларускіх улад, а таксама пра Наталлю Радзіну, вымушанай пакінуць краіну, каб пазбегнуць судовага пераследу і магчымага турэмнага зняволення.

«Гэтыя прысуды павінны быць неадкладна адмененыя, бо яны пасылаюць выразны сігнал усім СМІ ў Беларусі аб тым, што ўрад не пацерпіць крытычных галасоў на адрас улад і праваахоўных органаў.
Журналісты, якія выказваюць іншы ад урадавага пункт гледжання, жывуць у страху за сваю бяспеку і бяспеку блізкіх», — падкрэсліла Міятавіч.

Яна таксама адзначыла: «Чыноўнікі павінны цярпець большую крытыку з боку СМІ, чым звычайныя грамадзяне, і павінны дазволіць свабодныя дэбаты па грамадска значных тэмах у Беларусі і за яе межамі. У адваротным выпадку мы будзем толькі рухацца назад да яшчэ большых рэпрэсій і закрытасці грамадства».

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?