9 траўня 2012 г. спынілася сэрца каталіцкага святара Уладзіслава Пятрайціса, які з 1985 па 2000 г. працаваў у Мёрах, а апошнія гады працаваў у мястэчку Іказнь на Браслаўшчыне (Віцебская вобласць).

Нарадзіўся ў Літве, але глыбока шанаваў беларускую мову і культуру.

Ксёндз Уладзіслаў быў адным з першых, хто пасля распаду Савецкага Саюза пачаў маліцца і прапаведваць па-беларуску. Уласнаручна перакладаў малітвы з польскай мовы. Выдаваў газету «Голас душы» — адно з першых беларускамоўных каталіцкіх выданняў.

Многія памятаюць пропаведзь ксяндза Уладзіслава пасля рэферэндума ў 1995 годзе. Святар сказаў, што Пагоня з крыжом Хрыста цяпер змененая на герб з зоркаю Сатаны. Сказаў, што не разумее, што робяць у касцёле людзі, якія галасавалі супраць Крыжа. Навошта вы галасавалі за сцяг, пад якім зачынялі касцёлы і вывозілі ксяндзоў на Сібір? — пытаўся кс. Уладзіслаў з амбона.

Ксёндз Уладзіслаў паставіў у Мёрах помнік ненароджанаму дзіцяці. Тады помнік быў першым у Еўропе. У Слабодцы ён пакінуў пасля сябе помнік Еўфрасінні Полацкай.

* * *

Ксёндз Пятрайціс нарадзіўся 20 студзеня 1955 г. у в. Пацэнуляй Радвілішкіскага раёна ў Літве. Вучыўся ў Духоўнай семінарыі ў Каўнасе. Святарскае пасвячэнне атрымаў 14 мая 1985 г. Працу ў Беларусі пачаў у лістападзе 1985 г. у Мёрах, дзе працаваў да 2000 г. З 2000 па 2008 гг. быў адміністратарам парафіі ў Слабодцы Браслаўскага раёна. У 2001 г. біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін менаваў кс. Пятрайціса канонікам Віцебскай катэдры. З 2008 г. па дзень смерці быў адміністратарам парафіі ў Іказні Браслаўскага раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?