Пярвічным арганізацыям Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) неабходна процідзейнічаць спробам «дэструктыўнага ўздзеяння» на грамадзян, асабліва з боку незалежных прафсаюзаў. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінаблвыканкама Руслан Трухан 10 мая на пасяджэнні аблвыканкама ў Мінску.

Паводле яго слоў, самай шматлікай у Мінскай вобласці з’яўляецца пярвічная арганізацыя незалежнага прафсаюза на ААТ «Беларуськалій». Яна аб’ядноўвае 4.569 работнікаў. «За апошнія пяць месяцаў намаганнямі кіраўніцтва прадпрыемства колькасць структуры зніжана на 138 чалавек, у той жа час павелічэнне колькасці прафсаюзаў „Беларуськалія“, якія ўваходзяць у склад ФПБ, не такая адчувальная і склала толькі 65 чалавек», — сказаў Трухан. Гэта «недапрацоўкі» прафсаюзаў федэрацыі.

Як паведаміў Трухан, за апошнія пяць месяцаў з сямі аргструктур незалежных прафсаюзаў у вобласці засталося толькі чатыры.

«У цэлым грамадска-палітычная сітуацыя стабільная, кантраляваная, перыядычная актыўнасць неканструктыўных сіл назіраецца ў Барысаўскім, Салігорскім, Маладзечанскім раёнах, горадзе Жодзіна.

Сілы, чые дзеянні маюць неканструктыўны характар, пастаянна знаходзяцца ў полі нашага зроку», — зрабіў справаздачу перад кіраўніцтвам Мінаблвыканкама Трухан.

У сваю чаргу старшыня аблвыканкама Барыс Батура адзначыў, што людзі цягнуцца туды, дзе з’яўляюцца «нестандартныя падыходы» ў дзейнасці.

«Колькі гадоў ужо на „Беларуськаліі“ існуе незалежны прафсаюз? Дваццаць гадоў. І 20 гадоў практычна ніхто нічога не можа зрабіць, каб іх стала менш, прынамсі, на парадак», — сказаў Батура.
Паводле яго слоў, гэты «велізарны незалежны» прафсаюз з’яўляецца прыкладам для іншых. «І калі „нармальны“ прафсаюз не прымае адэкватных дзеянняў, то яны будуць з’яўляцца і на іншых прадпрыемствах», — заключыў чыноўнік.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?