Воіны-інтэрнацыяналісты павінны дастойна прыняць эстафету патрыятычнага выхавання моладзі ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 мая на сустрэчы з актывам Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Як ні горка казаць, але шэрагі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны радчэюць. Гэта працэс натуральны. Таму эстафету патрыятычнага выхавання моладзі трэба браць вам», — падкрэсліў Лукашэнка, звяртаючыся да прадстаўнікоў Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.

Адно з пытанняў, якое знаходзілася ў цэнтры ўвагі на сустрэчы, — адрасная сацыяльная падтрымка афганцаў. «Вы — актыў грамадскага аб’яднання. І павінны ведаць усе праблемы і канкрэтныя патрэбы членаў вашага саюза. А для таго каб яны вырашаліся, неабходна больш энергічна ўзаемадзейнічаць, перш за ўсё з прадстаўнікамі органаў улады на месцах», — сказаў Лукашэнка.

Разам з тым ён падкрэсліў, што не павінна быць размовы аб даванні новых ільготаў. «Я прыхільнік, каб дапамагаць тым, каму трэба дапамагчы: інвалідам, абяздоленым людзям, якія не могуць самі зарабляць.

У нас таксама такіх нямала, і мы трацім на гэта немалыя грошы, і расходы будуць павялічвацца. Мы не можам кінуць бяздомных, інвалідаў, аслабленых, састарэлых, якія не могуць зарабляць»,
— падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што «ў афганскі рух у асноўным уваходзяць людзі моцныя, здольныя самастойна зарабляць». Таму роля дзяржавы павінна заключацца ў тым, каб даваць ім магчымасць праяўляць уласную ініцыятыву, рэалізоўваць праекты, скіраваныя на паляпшэнне жыцця воінаў-інтэрнацыяналістаў і ўсяго беларускага народа.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на неабходнасць павышэння статусу воінаў-інтэрнацыяналістаў у грамадстве. «Аснова аўтарытэту любой арганізацыі, вядома ж, яе адзінства.

На жаль, у шэрагах афганцаў ёсць тыя, хто правакуе раскол. Праўда, іх нямнога, адзінкі, але яны ёсць», — канстатаваў Лукашэнка.
На яго думку, вельмі важна, каб у наш час «тон задавалі людзі патрыятычных перакананняў, а не падпявалы «пятай калоны». «І сіла вашага саюза, і сіла ўсёй краіны — у адзінстве. Нездарма кажуць: адзін у полі не воін. Думаю, што вы павінны дэманстраваць яднанне і ўзаемадапамогу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што адной з асноўных мэтаў саюза павінна стаць згуртаванне шэрагаў, аб’яднанне ўсіх воінаў-інтэрнацыяналістаў у сілу, здольную ўплываць на грамадскую думку і сацыяльныя працэсы ў краіне. Лукашэнка зазначыў, што менавіта дасягненне гэтай мэты стала адным з галоўных, важкіх аргументаў, які падштурхнуў яго даць згоду на тое, каб генерал-маёр Валерый Гайдукевіч сумяшчаў абавязкі намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі Беларусі з грамадскай працай на пасадзе старшыні Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Немалаважным фактарам таксама сталі «аўтарытэт і павага, якім карыстаецца Валерый Гайдукевіч сярод воінаў-афганцаў».

Што тычыцца ў цэлым дзяржаўнай падтрымкі воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх сацыяльнай абароненасці, то, паводле слоў віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка, нявырашаных пытанняў сёння «практычна няма».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?