Наколькi апраўданыя чуткi, што ў сувязi з будаўнiцтвам Гродзенскай ГЭС у зону падтаплення трапiць шэраг размешчаных на беразе Нёмана жылых дамоў, гiстарычных помнiкаў i могiлак? З гэтым пытаннем карэспандэнт «Звязды» звярнуўся да намеснiка галоўнага iнжынера РУП «Гроднаэнерга» Вiктара Мiкулiча.

Вiктар Iванавiч патлумачыў, што згодна з архiтэктурным праектам будаўнiцтва Гродзенскай ГЭС, нi жылыя дамы, нi гiстарычныя помнiкi, нi могiлкi, якiя размешчаны ад абласнога цэнтра да вёскi Лунна Мастоўскага раёна, у зону падтаплення не трапяць. Каб не дапусцiць недаследаваных старадаўнiх пахаванняў у пойме затаплення будучай гiдраэлектрастанцыi, на гэтай тэрыторыi сумесна з Нацыянальнай акадэмiяй навук Беларусi былi праведзены археалагiчныя работы.

— Цяпер РУП «Гроднаэнерга» праводзiць грамадскiя слуханнi па пытаннях будаўнiцтва Гродзенскай ГЭС, — паведамiў Вiктар Мiкулiч. — З матэрыяламi па пашырэнню рэчышча ракi Нёман, з ацэнкай уздзеяння на навакольнае асяроддзе пры будаўнiцтве гiдраэлектрастанцыi можна будзе азнаёмiцца ў фае РУП «Гроднаэнерга» з 9 да 20 гадзiн (пр‑т Касманаўтаў, 64). Паводле iнфармацыi Вiктара Мiкулiча, земляныя работы па рыццю катлавана ГЭС павiнны распачацца ў другiм квартале гэтага года. Нарматыўны тэрмiн будаўнiцтва — тры гады. Плануецца ўстаноўка пяцi гарызантальных турбiн шахтнага выканання агульнай магутнасцю 17 мегават з гадавой выпрацоўкай 82 мiльёнаў кiлават‑гадзiн электраэнергii. Пры гэтым гродзенская энергасiстэма будзе штогод эканомiць 22 тысячы тон умоўнага палiва. Дарэчы, у рэжыме каскаду з Гродзенскай ГЭС будзе працаваць другая гiдраэлектрастанцыя — у раёне вёскi Гожа Гродзенскага раёна. Неўзабаве спецыялiсты «Гроднаэнерга» прыступяць да выбару створу для яе будаўнiцтва.

Барыс Пракопчык, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0