11.05.2012 / 14:42

«Застабілы, як твой муж, павінны здохнуць» 28

Сям’і гамельчука, чыё імя трапіла ў «інтэрнэт-тролінгавы» скандал, пагражаюць невядомыя.

Жыццё інтэрнэт-троляў на першы погляд выглядае бесклапотным — сядзіш за камп’ютарам, правакуеш іншых карыстальнікаў, а пасля яшчэ і атрымліваеш за гэта грошы. Аднак ёсць і другі бок медаля.

На тых, чыю асобу западозрылі ў тролінгу, сыплюцца абразы і пагрозы ад неабыякавых беларусаў. І даказаць, што цябе падставілі і ты не маеш дачынення да правакатараў, бывае надзвычай складана.
З такой сітуацыяй сутыкнулася сям'я 24-гадовага гамельчука Андрэя Куцэнкі.

Андрэя Куцэнку лаюць у сацыяльных сетках, падазраючы ў платным тролінгу за Лукашэнку.

«Пасты, адпаведныя поглядам патрыятычна настроенага чалавека»

«Неабходны постынг у каментарах на некалькіх сайтах. Усе сайты палітычныя і апазіцыйныя. Сутнасць пастоў — адэкватныя каментары, цалкам адпаведныя поглядам патрыятычна настроенага чалавека, які прытрымліваецца кіруючага рэжыму (па сутнасці — у каментах трэба аспрэчыць артыкул)», — некалькі аб’яваў з такім зместам, якія з’явіліся на сайце free-lance.ru, зацікавілі беларускіх інтэрнаўтаў. Цікава,

колькі плацяць беларускім сеціўным «тролям» і якія патрабаванні выстаўляюцца да іх працы?
«Наша Ніва» паспрабавала знайсці аўтара аб’яваў. Яны належаць чалавеку пад нікам Pacavaca. Апроч чатырох «палітычных» праектаў, ад яго імя размяшчаліся шматлікія прапановы аб раскрутцы гомельскага сэрвера камп’ютарнай гульні World of Warcraft, шукаліся спецыялісты па Фоташопе і нават аўтары іранічных чатырохрадкоўяў.

Указаныя на сайце імёны ў скайпе і асьцы якраз і прывялі да Андрэя Куцэнкі. Калі карэспандэнт «НН» звярнуўся да яго і прадэманстраваў гатоўнасць за грошы «патроліць» на форумах, той

адразу ж адказаў, што да аб’яваў дачынення не мае: «Вы ўжо трэці, хто піша па гэтым пытанні. Ніякай працы не размяшчалася».

Не працадаўца, а выканаўца

На наступны дзень мы пагрукаліся ў скайп да Андрэя, цяпер ужо прадставіўшыся «Нашай Нівай». Ён падрабязна расказаў сваю таямнічую гісторыю.

Па словах Андрэя, ён сапраўды меў акаўнт на сайце free-lance.ru, аднак іншы, не як працадаўца, а як выканаўца. Што да «фальшывага» акаўнта, то частка заданняў насамрэч звязана з ранейшай дзейнасцю Андрэя. Зрэшты, і нік Pacavaca ён часцяком выкарыстоўвае на розных форумах.

«На акаунце ёсць аб’явы ад сэрверах гульні World of Warcraft. Я гэтым раней займаўся. Аднак усе мае сэрверы закрытыя, бо гэта пачало парушаць ліцэнзійныя правы кампаніі Blizzard, а ўсе памочнікі былі распушчаныя, — тлумачыць ён. — Раней я часцяком шукаў дапамогі на форумах, напрыклад, па стварэнні нейкіх скрыптоў і напрацовак. І многія заданні на free-lance.ru капіююць мае пасты на іншых форумах».

Хто б мог займацца такою бздурай?

Як жа ўвогуле з’явіўся фальшывы акаўнт і каго ў гэтым падазрае Андрэй? «Калі я прасіў дапамогі ў рэалізацыі чагосьці, — чалавек посціў аб’яву на Фрылансе і падшукваў для мяне рэальных памочнікаў. Цяпер жа з незразумелых прычынаў гэты ж чалавек посціць палітычныя аб’явы, — мяркуе Андрэй. — Я падзяляю некаторыя пазіцыі Лукашэнкі, аднак не настолькі, каб пісаць пасты ў яго падтрымку.

Нават не ведаю, хто мог бы займацца такою бздурай? Напэўна, гэта нехта з хлопцаў, якія раней займаліся са мной серверамі».

На старонцы Андрэя «УКантакце» ў меню «дзейнасць» пазначана АГП. Што гэта значыцца? «Я не ўваходжу ў склад партыі, але мне падабалася пазіцыя Раманчука. Пасля выбараў я неяк не сачу за гэтым. Зрэшты, і Раманчук ужо не ў АГП».

Так ці інакш, з пагрозамі сутыкнуліся і Андрэй, і ягоная жонка. «Усе мае дадзеныя ёсць у сеціве, і я ні ад каго іх не хаваю. Яшчэ некалькі дзён таму „УКантакце“ былі адкрытыя нават мае адрасы. Аднак цяпер людзі дадаюцца да мяне і да жонкі ў сябры і пішуць розную ерась. Напрыклад, жонцы прыйшло: „Застабілы, як твой муж, павінны здохнуць“. Учора даслалі і смс-паведамленне.

Я сапраўды не ведаю, як паўплываць на сітуацыю, як абараніць сваю сям'ю», —
прызнаецца ён.

Ягор Марціновіч

0
Недаверлівы / Адказаць
11.05.2012 / 14:57
Бяда. Сур'ёзна бяда.
0
Piillmieszka / Адказаць
11.05.2012 / 15:28
Няўжо так цяжка спісацца з адміністрацыяй і заблякаваць акаўнт?
0
roodxx / Адказаць
11.05.2012 / 15:38
«Застабілы, як твой муж, павінны здохнуць» - такое можа напісаць хворы на галаву. Палітыка палітыкай, але жадаць смерці гэта занадта!
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру