Міністэрства гандлю плануе прапісаць у правілах да інтэрнэт-крамаў у якасці абавязковай умовы ўказваць цану на тавары ў беларускіх рублях. Пра гэта паведаміла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч падчас круглага стала ў газеце «Рэспубліка».

«Мяркую, мы прапішам у правілах, каб гэта было ў беларускіх рублях — так, як прынята ў стацыянарным гандлі», — сказала яна.

У адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам цана можа выстаўляцца ва ўмоўных адзінках.

«Але хочацца паважаць сваю краіну. Чаму сёння ў стацыянарным гандлі не знайсці цану ва ўмоўных адзінках, а ў інтэрнэт-гандлі гэта распаўсюджана?» — звярнула ўвагу намеснік міністра.
Больш за тое, у шматлікіх інтэрнэт-крамах дробным шрыфтам паказваюць цану ў беларускіх рублях, а буйным — яе эквівалент у замежнай валюце.

«Заканадаўца быццам бы даў такую ​​магчымасць, але ў што яна ператвараецца: часта ў пакупніка патрабуюць ажыццяўляць аплату ў далярах, кажуць, што ў іншай валюце не бяруць. Хоць ёсць адказнасць таго, хто ўзяў, і таго, хто заплаціў», — адзначыла Ірына Наркевіч.

Пры гэтым узнікаюць пытанні да ўказаных у інтэрнэт-крамах курсаў. «Курс яны могуць закладваць свой, а не Нацыянальнага банка. І тут ёсць улоўка для спажыўца, бо ён на кошт у гэтых умоўных адзінках паглядзеў, а на курс не звярнуў ўвагу», — растлумачыла намеснік міністра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?