— А-а, гэта з тых, хто Беларусь шукае.

      — А нашто яе шукаць, яна пад нагамі

В.Адамчык. "Чужая Бацькаўшчына".

Здольны вучань

Сярод затрыманых за палітычную дзейнасьць у Барысаве — знаёмае прозьвішча: Мацьвей Бялей. Падчас дзяржпрактыкі я выкладаў у ягонай клясе мову і літаратуру. Чамусьці з больш чым двух дзясяткаў вучняў запомніўся менавіта Мацьвей. Неардынарны, творчы, няўрымсьлівы. Упэўнены, ён таксама не забыўся на практыканта, які празьмерна часта выклікаў яго да дошкі. Мацьвей крыўдзіўся, часам адмаўляўся адказваць, але я гнуў лінію далей. Калі ўбачыў ягонае імя ў «Нашай Ніве», не зьдзівіўся, а хутчэй прыняў як належнае. А ў думках заварушылася, што, мабыць, не дарма прымушаў васьміклясьнікаў штудыяваць Багушэвіча і Купалу. Як бачу цяпер, у нечых галовах усё адклалася.

Апальны ксёндз

Былога пробашча барысаўскага касьцёлу Робэрта Кшывіцкага бачыў двойчы. Абодва разы ў нефармальнай абстаноўцы. Першы раз, калі сьвятар прыйшоў у рэдакцыю даваць абвестку пра тэлефон даверу, які ня першы год функцыянуе пры касьцёле. У кепцы, з кароткай фрызурай і MP3-плэерам у вушах. Цяжка было даць веры, што гэты разьняволены замежнік — ксёндз. Тады ён доўга гаварыў, што з прыходам Качыньскага да ўлады яго Бацькаўшчына канчаткова разьвітаецца з савецкай спадчынай, чаго жадаў і нам, беларусам.

Другі раз кс.Кшывіцкага ўбачыў, калі мясцовыя ўлады за зьмешчаныя ў касьцёле фатаздымкі людзей са сьвечкамі салідарнасьці вырашылі не падаўжаць грамадзяніну Польшчы візу. Ён прыйшоў разьвітацца. А.Робэрт не выглядаў прыгнечана, ён быў абураны цынізмам вэртыкальшчыкаў. Паціснуўшы ўсім рукі, пажадаў нам посьпехаў і Боскай ласкі ды шматкроць паўтарыў: «Усё, я зьяжджаю». Робэрт Кшывіцкі, удзельнік славутай «Салідарнасьці», напэўна, не зразумеў бы, што пасьля яго сыходу ня ўсе супрацоўнікі незалежнай газэты згадзіліся паставіць подпіс у ягоную падтрымку.

Праз хабар — у войска

За часамі ППРБ служба ў войску стала элітнай зьявай. Для большасьці хлопцаў войска адкрывае прывабныя пэрспэктывы. Пасьля службы можна застацца на кантракт альбо ўладкавацца ў міліцыю ці МНС. Таму і рвуцца паесьці салдацкай кашы і крывыя, і касыя. Знаёмец, які сёлета сканчвае Мар’інагорскі тэхнікум, казаў, што яму нядаўна ў ваенкамаце заявілі, што ў войска пойдуць толькі пэтэвэшнікі, а тыя, хто скончыў ВНУ і ССНУ, могуць разьлічваць толькі на рэзэрву. Для вялікай колькасьці маладзёнаў гэта асабістая трагедыя. Знаёмец гаворыць, што напрамілы Бог будзе прасіцца служыць, бо інакш усе жыцьцёвыя пляны пачынаюць бурыцца. Колькі за апошнія гады давялося праслухаць падобных гісторый — ня зьлічыш. Калі раней хабар давалі, каб ня трапіць на службу, то цяпер ужо не за гарамі час, калі ўсё будзе наадварот.

Трэба змагацца

Знаёмая вярнулася са стажыроўкі зь Любліна. «Ведаеш, — кажа, — напэўна, паеду ў Польшчу назаўсёды. Беларусь адтуль мне падаецца нават бліжэйшай, чым з Барысава ці Крупак. А што тут лавіць? Хам на троне, п’яныя рожы паўсюль, няма з кім па-беларуску павітацца. І гэта ты называеш сваёй краінай? Вядома, гэта Бацькаўшчына, толькі разумееш, як у Адамчыка, яна нейкая чужая». Клясная яна дзяўчына. Выхаваная ў беларускім духу. Толькі я катэгарычна не згаджаюся зь ёй, дый не адзін я. На барысаўскіх сьценах зьяўляецца ўсё болей палітычных графіці і налепак. Для нас Беларусь не чужая, а проста Бацькаўшчына. І за яе трэба змагацца.

«За Беларусь»

Дамарослым ідэолягам няўцям, што назва «За Беларусь», пад якой гастралююць за бацьку беларускія поп-зоркі, не арыгінальная. Акурат з такой назвай дзейнічала падпольная арганізацыя ў Пастаўскай пэдвучэльні ў 1945—1946 гадах. Група маладзёнаў утварылася на знак пратэсту супраць русіфікацыі іх alma mater. На Дзень Волі 1946 году пад бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй яны прымалі прысягу на вернасьць Беларусі. Потым пастаўцы злучыліся з арганізацыяй глыбоцкіх патрыётаў — стварыўся Саюз беларускіх патрыётаў (Глыбокае—Паставы). Але ў лютым 1947 г. МГБ разграміла СБП. Былыя «забеларусы» атрымалі ад 10 да 25 гадоў лягераў, апынуўшыся далёка ад Радзімы, на высылцы ў Сібіры і на Поўначы. Многія зь іх так і не вярнуліся ў Беларусь.

Чамусьці здаецца, што пра гэта дакладна ня ведаюць айчынныя зоркі, якія пяюць пра спэцбрыгаду «Алмаз», і аніводзін спажывец, што прыходзіць на падобныя канцэрты. Шкада.

Пасьля нашай з вамі перамогі, думаю, варта ўшанаваць памяць патрыётаў-«забеларусаў». Назваўшы вуліцы Паставаў, Глыбокага, Шаркаўшчыны імёнамі Міколы Асіненкі, Алеся Адамовіча, Янкі Рымдзёнка, Алесі Фурс, якія ў самых цяжкіх умовах зрабілі нашмат болей, чым увесь гэты скоп музыкаў.

За Беларусь!

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?