Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ўпершыню выступіў на Туманным Альбіёне. 10 траўня купалаўцы прадставілі спектакль «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл» на сцэне лонданскага тэатра «Блумсбэры». Візіт найстарэйшай тэатральнай трупы Беларусі ў Вялікабрытанію адбываўся ў кантэксце моцнага палітычнага супрацьстаяння. Карэспандэнт «Тут і цяпер» пабываў на беларускай імпрэзе.

Адказ Чэмберлену?

Імаверна, што за прыезд Купалаўскага тэатра ў брытанскую сталіцу лонданцы мусяць быць удзячныя іншаму беларускаму тэатру — Свабоднаму.
Яшчэ ўвосень дэ-факта забаронены на радзіме Беларускі свабодны тэатр (заснавальнікі — Наталля Каляда і Мікалай Халезін) атрымаў запрашэнне ўзяць удзел у Сусветным Шэкспіраўскім фестывалі-2012 у легендарным лонданскім тэатры «Глобус». Арганізатары фэсту паведамілі, што да іх звярнуўся пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі Аляксандр Міхневіч, які заявіў, што заміж Свабоднага тэатра прадстаўляць краіну на сусветным тэатральным форуме мае дзяржаўны тэатр. Брытанцы здзівіліся і, натуральна, праігнаравалі патрабаванне дыпламата. Аднак у Мінску, выглядае, прыдумалі свой «адказ Чэмберлену».

Дыпмісія Беларусі ў Лондане разам з Міністэрствам культуры ініцыявалі прыезд у Лондан Купалаўскага тэатру з пастаноўкай Мікалая Пінігіна «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл». Спектакль пастаўлены паводле трох п’ес княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл — заснавальніцы прафесійнага тэатра на Беларусі. «Нясвіжская арлекінада» — гэта рэканструкцыя святочнага вечара ў Нясвіжскім замку. Спектакль складаецца з балета «Дасціпнае каханне», оперы «Выкраданне Еўропы» і камедыі «Распуснікі ў пастцы».

Прывоз вялікай тэатральнай трупы (толькі на сцэне з’явіліся каля 30 чалавек) і габарытных дэкарацыяў вымагаў значнай сумы.
Паводле нашай інфармацыі, амбасадар Міхневіч нават звярнулася да прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Лондане з просьбай дапамагчы прафінансаваць візіт. Апроч Мінкультуры і «Белавія» спонсарамі мерапрыемства выступілі брытанскія кампаніі, што цесна супрацоўнічаюць з уладамі Беларусі. Сярод іх: High Life London Ltd, Fintec (UK) Ltd (буйны дыстрыб’ютар калійных угнаенняў у краіны Паўднёва-Усходняй Азіі) і Савет дзелавога супрацоўніцтва «Беларусь-ЕС» (утвораны Беларускай калійнай кампаніяй, кампаніямі «Санта-Імпэкс-Брэст», згаданай Fintec і асноўным дылерам Беларускага металургічнага завода Stemcor).

Піяр для «ўнутранага карыстання»

Характэрна, што імпрэза, прэзентаваная як «найяскравейшая культурная і дабрачынная падзея года», прымеркаваная да 20-годдзябеларуска-брытанскіх дыпламатычных стасункаў, найбольш інтэнсіўна рэкламавалася афіцыйнымі СМІ ў Беларусі. У Брытаніі яе анансавала хіба што рускамоўная газета «Англия». Запрашэнні на мерапрыемства распаўсюджвала амбасада Беларусі і трапіць туды, як падаецца, маглі ўсе ахвочыя.

Спектакль адбыўся на сцэне лонданскага тэатра «Блумсбэры» (Bloomsbury Theatre).

Гэта тэатральная зала на паўтысячы месцаў уваходзіць у структуру Універсітэцкага каледжа Лондана і не належыць да ліку топавых у брытанскай сталіцы.

У «беларускі вечар» перад уваходам у тэатр гледачоў сустракаў пікет Міжнароднага камітэта за свабоду артыстаў з улёткамі «Сардэчна запрашаем у Беларусь, дзе наведванне тэатру можа быць злачынствам».

Адчувалася нябачная прысутнасць Свабоднага тэатра і асацыяванай з ім грамадзянскай кампаніі «Free Belarus Now».
Раней арт-дырэктар Свабоднага тэатра Мікалай Халезін назваў візіт дзяржаўнага беларускага тэатра прапагандысцкай акцыяй, адзначыўшы, што рэжым Лукашэнкі прымушае купалаўцаў «удзельнічаць у агітацыйных гульнях».

Дарэчы, адміністрацыя «Блумсбэры» паспяшалася адмежавацца ад супрацы з «беларускім рэжымам», паведаміўшы, што прадставіла памяшканне ў арэнду для «дабрачыннага выступу беларускаму тэатру імя Янкі Купалы з мэтай прасоўвання культурнай спадчыны Беларусі па просьбе беларускай амбасады».

Без палітыкі

Зала на больш чым 500 месцаў была поўная беларусаў розных масцяў і замежнікаў.

Амбасадар Міхневіч прывітаў публіку па-беларуску і па-ангельску. У англамоўнай прамове ён распавёў, што яшчэ з часу ўручэння каралеве Елізавеце ІІ даверчых грамат марыў пазнаёміць брытанскае грамадства з беларускай культурнай спадчынай.

Варта адзначыць, што арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб мерапрыемства мела апалітычны характар. Імя Лукашэнкі прагучала са сцэны толькі двойчы
— падчас уручэння ў антракце ордэна Францыска Скарыны кіраўніцы брытанскай гуманітарнай арганізацыі «Сябры Беларускага Дзіцячага хоспіса» Дэрыл Хардман.
Затое падчас інтэрактыўнай часткі дзеі з залы некалькі разоў даносіліся выгукі «палітвязні», «апазіцыя», а напрыканцы прадстаўлення і «Жыве Беларусь!».

Арганізатары падрыхтавалі для ўсіх наведнікаў спектакля густоўныя двухмоўныя праграмкі. Кожны ахвочы мог атрымаць і аўдыёнавушнік, у якім гучаў паралельны пераклад дзеі з беларускай на ангельскую. Аднак састарэлая апаратура ўніверсітэцкага тэатру разам з адмысловым тэмпам спектакля спрычыніліся да таго, што замежнікі слаба разумелі сэнс дыялогаў на сцэне. Агулам рэакцыя залы на сцэну была адэкватнай, але, падалося, — больш прыязна-удзячнай, чым захопленай.

«Поўны сюр»

Ці ўдалося купалаўцам данесці культурнае багацце Беларусі да шматнацыянальнай лонданскай публікі?

«У „Блумсбэры“ я пабачыў поўны сюррэалізм, — распавёў „Тут і цяпер“ па сканчэнні спектакля культуролаг Сяргей Стасевіч. — Манекены ў беларускіх строях у фае, мабыць, мусілі рэпрэзентаваць Беларусь сялянскую. Амбасадар ўручаў ордэн Скарыны паміж дзеямі і ў дадатак казаў пра слаўны Нясвіж з ягонымі Радзівіламі і бясслаўнай падробкай пад іхні палац, якую нядаўна збудавалі нашчадкі іхніх халопаў.

На лонданскай сцэне выступаў панскі прыгонны тэатр з Беларусі з адпаведным рэпертуарам — дбайна перакладзенай з пальшчызны пані Уршулі Радзівілавай і выдадзенай за беларускую аўтэнтыку фрывольнай операй-балетам 18 ст.
Быў яшчэ успамін пра 9 мая…»

Па словах Стасевіча, усё гэта не выбудоўвалася ў лагічную сувязь і не магло рэпрэзентаваць Беларусь і нашу культуру замежнікам. «Пастаноўка акцэнтуе ўвагу на тым, што Беларусь некалі належала да агульнаеўрапейскага культурнага кантэксту. Толькі цяпер, на жаль, не належыць, а вось так сабе пхнецца нібы чорны бык з крывавымі вачыма, у нетрах якога сядзіць бажок са спрытам і фантазіяй Юпітэра (персанаж часткі спектакля „Выкраданне Еўропы“ — ТіЦ)», — адзначыў культуролаг.

Якой бы ні была матывацыя ўладаў, ідэя прывезці ў Лондан Купалаўскі тэатр была вельмі ўдалай.
Аднак каб рэпрэзентаваць культуру малавядомай еўрапейцам краіны з іміджам «апошняй дыктатуры Еўропы», трэба мэтанакіравана працаваць гадамі. Пакуль жа прадстаўнікі пасольства суверэннай Беларусі ўпарта працягваюць вымаўляць азначэнне Belarusian («беларусіан» — «беларускі») на стары савецкі капыл — «беларашн».

Тэатральныя дні Беларусі ў Лондане працягнуцца 17–18 траўня.

Беларускі свабодны тэатр двойчы прадставіць на падмостках «Глобуса» «Караля Лір» па-беларуску.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?