15 сакавіка

У Горадні забаранілі мітынг да гадавіны 19 сакавіка
Гарадзенскія ўлады адмовілі абласной арганізацыі АГП у правядзеньні мітынгу 19 сакавіка. У адказе гарвыканкаму зазначаецца, што заяўнікі акцыі ня здольныя «забясьпечыць арганізацыю мерапрыемства і бясьпеку грамадзянаў».

Скрабец невыязны
Былому дэпутату Сяргею Скрабцу адмовіліся паставіць дазвольны штамп у пашпарце. Пра гэта яму паведамілі вусна, не назваўшы прычыны адмовы. Да ўсяго ў Скрабца апісалі маёмасьць дзеля пагашэньня запазычанасьці перад «Беларусбанкам». Паводле прысуду Вярхоўнага суду, С.Скрабец мусіць выплаціць паўтара мільярда руб. (каля 700 тыс. даляраў), якія нібыта выманіў у дзяржавы ў той час, калі быў дэпутатам.

Саюз левых партый скардзіцца на Мінюст
Саюз левых партый (СЛП) падаў у Вярхоўны суд Беларусі скаргу ў сувязі з адмовай Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць арганізацыю.

Фашысты апаганілі
У Віцебску закідалі бутэлькамі з чорнай фарбай будынак консульства Латвіі. Па словах актывістаў незарэгістраванай расейскай Нацыянал‑бальшавіцкай партыі (НБП), гэтак яны пратэставалі супраць перагляду Латвіяй і Эстоніяй вынікаў другой сусьветнай вайны.

16 сакавіка

Вярхоўны суд адмовіўся
Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без увагі рашэньне Рады ААН па правах чалавека аб аднаўленьні дзейнасьці ў Гомелі грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы». Ліквідаваўшы «Грамадзянскія ініцыятывы», лічаць сябры Рады па правах чалавека ААН, беларускія ўлады парушылі арт. 22 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на свабоду асацыяцый).

У Магілёве, Бабруйску, Полацку, Салігорску, Навалукомлі, Дзяржынску, Менску адзначылі Дзень салідарнасьці
У Магілёве Дзень салідарнасьці адзначылі запальваньнем традыцыйных сьвечак памяці. Актывісты моладзевых арганізацыяў з запаленымі сьвечкамі прайшлі цэнтральнымі вуліцамі гораду, а таксама да будынку Магілёўскага гарвыканкаму. У Бабруйску актывісты Сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) правялі акцыю ля капліцы перад Менскімі могілкамі. Прыблізна праз гадзіну пад’ехалі міліцыянты, якія вымусілі актывістаў спыніць акцыю. Полацкія «маладафронтаўцы» стаялі з запаленымі сьвечкамі ў руках ля помніка Скарыну. Агулам у акцыі бралі ўдзел восем чалавек і доўжылася яна 15 хвілін. У Новалукомлi ў акцыях Салiдарнасцi прымалі ўдзел 20 чалавек – актывiсты кампаніі «За Свабоду» i незарэгістраванага «Маладога Фронту». У Салігорск у гэты дзень традыцыйна прыбылі байцы спэцназу і аўтазак. Моладзь вырашыла зьмяніць фармат акцыі, каб выключыць арышты актывістаў напярэдадні Дня Волі: замест выхаду на плошчу запалілі сьвечы салідарнасьці ля будынка гарадзкога Суду. У Менску Акцыі Салідарнасьці адбыліся на праспэкце Скарыны (Незалежнасьці), плошчы Перамогі, каля храма сьвятога Язэпа па вуліцы Кірылы і Мяфода. На вуліцы Няміга быў зладжаны незвычайны пэрфоманс: невядомыя людзі, падобныя да прадстаўнікоў беларускіх спецслужбаў і міліцыі, пабудавалі там мініятурную клетку‑турму з кратаў, у якую зганялі «арыштантаў» зь недазволенай сымболікай. Пазьней каля турмы зьявілася дзяўчына з шыльдай «Свабода», якая вызваліла арыштаваных.

У Баранавічах стыхійны мітынг
Дробныя прадпрымальнікі баранавіцкага рынку сабраліся насупраць будынку адміністрацыі рынку й падаткавай інспэкцыі на стыхійны мітынг. Яны патрабавалі адмяніць прэзыдэнцкі указ №760, паводле якога індывідуальным прадпрымальнікам забаронена наймаць на працу несваякоў. Супрацоўнікі міліцыі прапанавалі абраць зь ліку мітынгоўцаў дэлегатаў і накіраваць іх на перамовы ў адміністрацыю рынку й падаткавую інспэкцыю. Прадпрымальнікі ў адказ выклалі свае патрабаваньні пісьмова і паабяцалі найбліжэйшым часам зноў правесьці мітынг.

19 сакавіка

Страйк на менскім «Тэрмаплясьце»
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ад 8‑й раніцы на менскім заводзе «Тэрмапляст» адбыўся стыхійны страйк рабочых. Людзі пратэставалі супраць затрымкі заробкаў і іх малога памеру. У прыёмай дырэктара «Тэрмаплясту» казалі, што нічога пра гэта ня ведаюць, астатнія тэлефоны заводу не адказвалі.

60 гарадоў сьвету патрабавалі свабоды для беларусаў
У 60 гарадах Эўропы, ЗША і Канады адбыліся акцыі пад дэвізам «Дайце голас народу Беларусі». Моладзевыя актывісты ў ноч на 19 сакавіка заклеілі роты помнікам, усталяваным у гарадах гэтых краінаў. Ладзіла акцыю моладзевая арганізацыя JEF (Jeunesse Europeene Federaliste/Маладыя Эўрапейскія Фэдэралісты). Акцыя была праведзеная ў рамках «тыдню салідарнасці з Беларусьсю», якая працягнецца да 25 сакавіка.

Затрыманьні юнакоў
Супрацоўнікі міліцыі зьнялі зь цягніка актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Івана Шылу, які ехаў з Салігорску ў Менск 19 сакавіка. Потым 16‑гадовага хлопца адвезьлі на допыт у КДБ, на які не пусьцілі яго бацьку. У Горадні быў затрыманы Андрусь Фамін – студэнт 4 курсу мэдычнага ўнівэрсытэту. Пазьней ён быў асуджаны на 7 сутак арышту за «нецэнзурную лаянку».

Каталікі маліліся за касьцёл
19 cакавіка споўнілася роўна два гады, як каталікі штодня моляцца ля сьценаў манастырскага комплексу сьвятога Язэпа ў Менску за вяртаньне храму. У 18.15 адбыўся вялікі малебен за вяртаньне храму каталікам.

«Міжнародная амністыя» падтрымлівае Дашкевіча
19‑21 сакавіка нямецкае прадстаўніцтва праваабароннай арганізацыі «Міжнародная амністыя» ладзіць акцыю «1 цэнт у абарону правоў чалавека» у падтрымку лідэра незарэгістраванага «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Удзельнікам акцыі прапануецца пераказаць на адзін з банкаўскіх рахункаў беларускай амбасады ў Нямеччыне 1 цэнт з пазнакай «Свабоду Дашкевічу!».

У Гародні на 10 сутак
19 сакавіка суд Ленінскага раёну Гародні засудзіў на 10 сутак арышту Ігара Банцара — сябра Саюзу палякаў. Судзьдзя Натальля Козел паверыла паказаньням сьведкаў‑міліцыянтаў. Банцара затрымаў 18 сакавіка маёр міліцыі Пётр Ленец а другой палове дня ў цэнтры гораду. Банцара прымусова даставілі ў РУУС Ленінскага раёну, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні і пакінулі нанач у ізалятары часовага ўтрыманьня. На наступны дзень суд пакараў журналіста 10‑ці сутачным арыштам нібыта за «брыдкаслоўе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?