Аляксандр Лукашэнка заявіў пра супадзенне пазіцый Беларусі і Казахстана ў пытаннях развіцця інтэграцыйных працэсаў, у тым ліку адносна функцыянавання Адзінай эканамічнай прасторы.

«Што тычыцца АЭП, у нас тут абсалютна ідэнтычныя погляды», — заявіў Лукашэнка 14 мая ў Мінску.

«Недалёкі той час, калі выказаная вамі паўтара дзясятка гадоў таму ідэя аб стварэнні Еўразійскага саюза не толькі набудзе абрысы, але і напоўніцца канкрэтным зместам. У нас няма нявырашаных палітычных праблемаў, гэтак жа мы дзейнічаем і ў эканамічным рэчышчы», — адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка падзякаваў Назарбаеву, што той «цвёрда трымае сваё слова, мы сустракаемся ў Астане і Мінску, каб кантраляваць прынятыя раней рашэнні».

Лукашэнка адзначыў, што падчас гэтага візіту ён сустракаецца з Назарбаевым ужо не першы раз:

«Мы мелі магчымасць абмеркаваць вельмі шмат пытанняў, і я ўдзячны вам за тое, што вы прыехалі паглядзець Белавежскую пушчу — гэты ўнікальны аб’ект».

У мінулыя выхадныя кіраўнікі Беларусі і Казахстана нефармальна размаўлялі ў Белавежскай пушчы.

Нурсултан Назарбаеў заявіў, што ён «захоплены тым, што выхадныя правялі разам»: «Я ўпершыню наведаў выдатны куток нашай планеты. Беларусь для нас — стратэгічны партнёр, блізкі сябра і саюзнік. У нас вялікія чаканні ад Мытнага саюза, АЭП, што яшчэ больш збліжае нашы краіны. Бліжэйшых саюзнікаў, чым Расія, Беларусь і Казахстан, на постсавецкай прасторы няма».

Назарбаеў выказаў упэўненасць у тым, што цяперашні візіт у Беларусь «падыме нашы адносіны на новую вышыню».

Кіраўнікі Беларусі і Казахстана паведамілі, што пасьля перамоваў у Менску накіруюцца ў Маскву, дзе 15 мая пройдзе саміт АДКБ і нефармальная сустрэча лідараў кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?