У в. Солы Гродзенскай вобласці ў нядзелю адбылося пахаванне 14-гадовай школьніцы. Як паведаміла Марына, сваячка дзяўчыны, 11 мая яе знайшлі павешанай на дрэве каля трасы на выездзе з вёскі.

Паводле Марыны, у вёсцы мяркуюць, што дзяўчынка з незразумелых прычынаў скончыла жыццё самагубствам, бо на асабістай старонцы «Вконтакте» яна незадоўга да смерці напісала:

«Запомніце мяне такой, якой я была».

«Аднакласніцы яшчэ расказвалі, што бачылі ў яе нядаўна ў заплечніку вяроўку. Але шмат пытанняў…

Яна вісела на вышыні трох метраў ад зямлі. Як яна туды залезла? Усё гэта адбывалася на вачах у сяброўкі, яна нават бачыла, як дзяўчына, знаходзячыся ў пятлі, дрыгала перад смерцю нагамі.

Потым сяброўка прабегла праз усю вёску, нікому нічога не сказаўшы, прыбегла да сябе дадому і таксама здзейсніла спробу суіцыду. Але яе своечасова знайшлі і выклікалі хуткую», — распавяла Марына.

Загінулую пахавалі 13 мая.

«Для ўсёй вёскі гэта быў шок, дзяўчынка з добрай сям’і, вучылася добра, спортам займалася, хлопец быў. Кажуць, начыталіся яны ў інтэрнэце магіі нейкай чорнай, незразумела».
Па словах суразмоўніцы, у дом, дзе жыла дзяўчынка, прыходзіла міліцыя, канфіскавалі хатнія камп'ютары.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў пры УУС Гродзенскага аблвыканкама, матэрыялаў у МУС няма, па іх праводзіць праверку пракуратура. У Следчым камітэце па Гродзенскай вобласці паведамілі, што крымінальнай справы не заводзілася, праводзіцца праверка па гэтым факце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?