Найбольш распаўсюджаная ў Беларусі сям’я з мужа і жонкі і аднаго дзіцяці,
паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка 14 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, сёння гэта характэрна як для сельскай мясцовасці, так і для горада. Зараз пераважная большасць сем’яў маюць адно дзіця — 65,8%.

Двух дзяцей маюць 28,9% сем’яў, трох і больш — прыкладна 5%.

Разам з тым у 2011 годзе інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта было праведзена сацыялагічнае даследаванне па пытанні стварэння сям’і і нараджэння дзяцей, якое выявіла, што прыкладна 60% рэспандэнтаў жадалі б мець двух дзяцей, 22% — трох і больш, і толькі 13% — адно дзіця.

«Таму заканамерна, што задача дзяржавы заключаецца ў тым, каб стварыць такія ўмовы для сям’і, пры якіх нараджэнне дзіцяці ва ўсякім разе не пагоршыла б дабрабыт сям’і і не паўплывала б кардынальным чынам на звыклы лад жыцця», — сказала Арцёменка.

Яна нагадала, што ў ліку мер па падтрымцы сем’яў — дзяржаўныя дапамогі, якія выплачваюцца больш як чвэрці сем’яў. Дапамогу па доглядзе за дзіцем да трох гадоў атрымліваюць амаль 97% сем’яў з такімі дзецьмі. Яе памер складае 743 тыс. 20 рублёў. Дапамога па доглядзе за дзіцем, якому больш за тры гады, складае 371 тыс. 510 рублёў. Яе выплачваюць 8,6% сем’яў, у якіх ёсць дзіця такога ўзросту. Памер дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці складае: пры нараджэнні першынца — 7 млн. 430 тыс. 200 рублёў, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 10 млн. 402 тыс. 280 рублёў.

Арцёменка нагадала пра магчымасць атрымання сем’ямі дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. За студзень-сакавік атрымальнікамі такой дапамогі сталі 66,5 тыс. чалавек, на гэтыя мэты зрасходавана 65,1 млрд. рублёў. У 2011 годзе атрымальнікамі адраснай сацыяльнай дапамогі былі 220,2 тыс. чалавек, на гэтыя мэты зрасходавана 90,7 млрд. рублёў.

Акрамя таго, у Беларусі дзейнічае сістэма забеспячэння бясплатным харчаваннем дзяцей да двух гадоў. Больш за 17% дзяцей гэтага ўзросту атрымліваюць такую падтрымку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?