21.03.2007 / 08:47

Абаронім касьцёл сьвятога Язэпа! 11

Сёньня адна зь Менскіх сьвятыняў знаходзіцца пад пагрозай знішчэньня. Абараніць яе можа толькі актыўная рэакцыя Касьцёльных уладаў і грамадзянскай супольнасьці.

19 сакавіка споўнілася 2 гады як вернікі моляцца на прыступках касьцёла сьвятога Язэпа ў якім зараз знаходзіцца архіў і злачынныя пляны ўладаў па яго перабудове пад гатэль сталі не так даўно вядомыя. У гэты вечар людзі сабраліся на супольню малітву, таксама і я як вернік і проста неабыякавы грамадзянін палічыў за абавязак паўдзельнічаць у малітве. Найперш мяне зьдзівіла нязначная колькасьць удзельнікаў мерапрыемства. Да прыступак храма ды помніка архітэктуры XVII стагодзьдзя прыйшло памаліцца прыкладна 100 чалавек, большую частку якіх складалі жанчыны сярэдняга ды старэйшага ўзросту, была таксама і моладзь, але не так шмат як хацелася б. Колькасьць удзельнікаў, на маю думку, для такой сур’ёзнай праблемы вельмі маленькая. Тым больш, што праблема гэтая датычыць не толькі каталікоў, але і ўсёй грамадскасьці, а таксама праваслаўных, бо будынак кляштара разьмяшчаецца ў непасрэднай блізкасьці да праваслаўнай Катэдры. Дзіўна, што праваслаўныя не супраць пабудовы ля іх сьвятыні гатэля з забаўляльным комплексам.

Так, можна зразумець простых грамадзянаў, бо гэта быў панядзелак, першы працоўны дзень, хочацца дахаты пасьля працы. Але чаму было так мала вернікаў?! У гэты дзень касьцёл адзначаў урачыстасьць сьвятога Язэпа. Людзі прыйшлі на імшу, але непрыемна было назіраць як яны пасьля заканчэньня сьвятой імшы імкнуцца як мага хутчэй выйсьці з касцёла, зьбегчы дахаты каб зьесьці там бульбы са скваркай, іх не цікавіць нават лёс забранай сьвятыні. А сытуацыя на самой справе вельмі сур’ёзная. Перабудовай манастыра пад гатэль будзе займацца буная будаўніічая кампанія з Арэбскіх Эміратаў, і усе далейшыя правы на гатэль будуць належаць арабскаму боку. Вынікае, у праекце задзейнічаны вельмі вялікія грошы, што яшчэ болей ускладняе сітуацыю. Бо там, дзе задзейнічаны вялікія сумы замежных грошаў грамадскасьці даволі складана нешта зьмяніць. Таму ўсім нам сёньня трэба аб’яднацца ў барацьбе за тое, што належыць нам па праву.

Трэба адзначыць, што арганізаваны збор подпісаў, гэта вельмі добра, ужо сабрана багата подпісаў – некалькі тысячаў. Але некаторыя вернікі баяцца нават падпісацца! Узьнікае апраўданае пытаньне: што вы за вернікі? Навошта вы ходзіце на імшу? Ня бойцеся! – казаў вялікі Папа Ян Павал ІІ, Не бойцеся! - кажа нам Езус (Ян 16,33). Хто, калі не вернікі, павінен адстаяць сьвятыню?! Што мы скажам сваім дзецям, калі не зробім гэтага? Тыя, хто падпісаўся, павінны не толькі на словах, але і справай падцвердзіць свае подпісы. Страшна нават уявіць, што будынкі манастыра будуць перабудаваныя пад гатэль. Падумайце, там, дзе калісьці адпраўлялася сьвятая імша будзе рэстаран альбо іншая забаўляльная установа, там, дзе можа быць спачываюць нечыя парэшткі будзе пабудаваны басейн і паркінг. Гэта проста не ўкладаецца ў здаровы сэнс, каб адзіны ў Менску цалкам захаваўшыся манастырскі комплекс XVII стагодзьдзя можа быць так варварскі зруйнаваны. І вы будзеце ў гэты час бязьдзейнічаць?! Бо кажа Пан Бог: “Не давайце сьвятыні псам”(Мацьв. 7,6)

На прыступкі касьцёла сьв. Язэпа апошнім часам хадзіла маліцца толькі некалькі чалавек, а бывала і толькі адна жанчына. Таму у сітуацыі з планамі перабудовы можна знайсці, так бы мовіць, і пазітыўны момант. Можа быць гэтая жанчына так і хадзіла б адна маліцца на прыступкі, але пляны уладаў вымусілі Касьцёл і грамадскасьць нарэшце паварушыцца і пачаць нешта рабіць. Гэта калі-небудзь павінна было здарыцца, але ў нас пакуль не будзе штуршка ніхто не паварушыцца. Будзем верыць, што гэты штуршок дасьць станоўчыя для нас рэзультаты.

Але колькасьць прысутных таксама залежала і яшчэ ад адной акалічнасьці. Сярод вернікаў не было заўважана ніводнага (!) рыма-каталіцкага сьвятара. Я ўвогуле лічу, што кіраўніцтва Касьцела павінна было прысутнічаць там разам са сваімі вернікамі. Пастыры пакінулі сваю паству. Дзе быў Біскуп? Дзе былі ксяндзы? Вы былі нам патрэбныя там! Прайшла таксама чутка, што сьвятарам негалосна забаранілі прысутнічаць на малітве.

Трэба было інфармаваць людзей аб маючай адбыцца малітве пасьля кожнай сьвятой імшы. Думаю на заклік сьвятароў адгукнулася б большая колькасьць вернікаў. З такімі адносінамі шанцы адстаяць сьвятыню вельмі маленькія. Тым больш, мне здаецца, гэта не толькі лякальная праблема Касьцёла ў Менску, а тым больш у Беларусі. Праз сувязь з замежнымі парафіямі трэба заклікаць і нашых братоў у іншых краінах маліцца аб вяртаньні сьвятыні, а можа нават і напісаць ліст у Ватыкан. Але на афіцыйнай старонцы Каталіцкага Касьцёла на Беларусі няма нават і згадкі ні тое, што пра збор подпісаў, а ні пра сам план перабудовы кляштара! Двухсэнсоўная атрымоўваецца сытуацыя: з аднаго боку бласлаўляецца збор подпісаў,, а з іншага – ні інфармацыі на сайце ні сьвятароў на малітве. Прыкра... Касьцёльныя ўлады мабыць яшчэ не вырашылі, што рабіць, ці проста баяцца. А на мой погляд рашэнне тут адзінае – быць са сваімі вернікамі.

Адметна таксама, што праваахоўныя ворганы паставіліся больш пільна да правядзеньня малітвы чым усе астатнія. Усіх прысутных здымалі на відэа прадстаўнікі ворганаў. А ў аўтобусе з танаваным шклом нагатове сядзелі байцы спэцпадразьдзяленьня, відаць улады баяліся захопу будынка. А аказалася, што захапіць яго няма каму... Чамусьці журналісты не надалі гэтаму мерапрыемству належнай увагі. Мігцелі фотаўспышкі, але фотаздымкаў у сеціве амаль не аказалася. Таму, шаноўныя прадстаўнікі мэдыяў, аднаго артыкула ў газэце і невялікіх паведамленняў на некалькіх сайтах недастаткова, трэба больш пільна асьвятляць гэту праблему. Данесьці да грамадзкасьці гэту праблему ваша задача.

Таксама было б нядрэнна, калі б дзеячы культуры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў і партый, адрэагавалі на пляны пербудовы кляштара. Нам патрэбная ваша падтрымка.

Напрыканцы дадам, што жанчына, якая праводзіла малітву, у той вечар была заўважна напужаная прысутнасьцю міліцыі. У адной зь яе фразаў прагучала прыкладна наступнае: “Праз 100 гадоў нашы дзеці ня змогуць прыйсьці і памаліцца ў гэту сьыятыню...”. Я ж скажу, што праўда на нашым боку і сьвятыня будзе нашай! Інфармуйце аб плянах перабудовы сваіх блізкіх і знаёмых, падпісвайцеся, маліцеся і абавязкова прыходзьце да касьцёла сьв. Язэпа. Хто, калі не мы?!

Лічу, што падобныя мсавыя малітвы павінны стаць рэгулярнымі і зьбіраць з кожным разам болей людзей. Трэба толькі абраць адзіны дзень. Але малітвы адбываюцца штодзённа, таму прыходзьце а 18-ай гадзіне да будынка касьцёла сьв. Язэпа і прыводзьце з сабой іншых. Калі ж усё гэта не дапаможа прапаную перайсьці да больш рашучых дзеяньняў, прыкладам якіх служыць галадоўка каталікоў у Горадні і нашых братоў з царквы “Новае Жыцьцё”.

З намі Бог! З намі пруда! А калі Бог за нас, то хто ж супраць нас? (Пар.Рым 8,31)

Вадзім І.

0
Astranom / Адказаць
21.03.2007 / 12:32
Дзякуй, Вадзім! Ау-у-у! Дзе ж падзеліся ўсе актывісты і патрыёты краіны? Размаўляць толькі на форумах можа кожны. Паглядзіце навокал - на вашых вачах знішчаецца, быць можа, самы каштоўны квартал старога Менску! Учора ў 18.10 на малітве было каля 20 чалавек. Прыходзьце і вы. Калі нас будзе хаця б у 10 раз болей, з намі пачнуць лічыцца! Прыходзьце не толькі каталікі, але і праваслаўныя (гатэль будуецца упрытык да праваслаўнага храму), і пратэстанты, і людзі другой веры. Заўсёды ж можна памаліцца і проста сваімі словамі, ці нават проста пастаяць побач з астатнімі. Не даруйце такіх злачынстваў, як разбурэнне гісторыі!
0
Харэўскі / Адказаць
21.03.2007 / 16:32
Сытуацыя вакол самага каштоўнага архітэктурнага ансабмлю старога Менска, кляштару бэрнардынаў, як у кроплі вады сфакусавала ўсе праблемы нашага часу: непісьменнасьць нашых архітэктараў, дзікунства ненажэрнае ўлады, бездапаможнасьць грамадзтва, безпрэцэдэнтны цынізм афіцыйных СМІ, подласьць прадажнага чынавенства (ад "Мінкультуры" таксама), адсутнасьць праўных мэханізмаў, эгаізм і душэўную чэрсьцвасьць прадстаўнікоў "галоўнае" царквы і, на жаль, нерашучасьць каталіцкага клеру, якога справа нібы ня тычыцца, хоць яны, ад сябе, асабіста, "ня супраць"... Будзем стаяць разам ля сьвятыні. Надае веры тое, што стаім нават не дзеля сябе, а дзеля будучыні.
0
Azazel / Адказаць
21.03.2007 / 20:25
Пры ўсёй сур'ёзнасці сітуацыі неабходна панаваць над эмоцыямі. Нельга дакараць святароў і біскупа ў тым, што іх не было на малітве: гэта было б расцэнена як парушэнне закону аб рэлігіі з усімі вынікаючымі наступствамі. А вось маўчанне касцёльнага сайту сапраўды рэч незразумелая. Ніякай інфармацыі, ніякай рэакцыі: цішыня — усё добра! Варта падумаць над тым, якім чынам пераканаць вернікаў больш актыўна адстойваць свае правы. Людзі запалоханыя і пасіўныя — гэта горкая праўда, а зборам подпісаў наўрад ці можна дасягнуць вынікаў. Як нагадаць вернікам пра пяты касцёльны наказ з апошняй рэдакцыі Катэхізісу: «Дапамагаць у патрэбах Касцёла»? Ведаю па сваёй парафіі: на просьбы канкрэтнай дапамогі адгукаюцца лічаныя асобы, крыху больш тых, хто гатовы падтрымаць матэрыяльна, а рэшта кідае ў кошык скамечаную пяцісотку і на гэтым лічыць касцёльны наказ выкананым. Шкада, што вельмі мала засталося тых, хто «адваёўваў» касцёлы пятнаццаць гадоў таму. Сорам нам, маладым, што ў параўнанні з тымі бабулькамі мы нічога не можам...
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру