«Дзякуючы Расійскай Федэрацыі за апошнія чатыры гады мы змаглі дасягнуць у інтэграцыі самых высокіх вынікаў»,
— заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 мая ў ходзе сустрэчы ў Маскве з экс-прэзідэнтам і цяперашнім прэм’ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым.

«Ваша рашучасць, нават часам рызыка, што трэба неяк вырашаць гэтыя пытанні, прывялі да таго, што мы сёння на постсавецкай прасторы маем самую прасунутую інтэграцыю і ў АДКБ, і ў ЕўрАзЭС, і на прасторы Мытнага саюза і АЭП, з якой лічацца нават нашы праціўнікі. Гэта дарагога варта», — цытуе кіраўніка беларускай дзяржавы яго прэс-служба.

«І тое, што Расія змагла зрабіць гэтыя крокі, — вялікая ваша заслуга. Аб гэтым не толькі я кажу», — дадаў Лукашэнка.

Ён павіншаваў Мядзведзева з прызначэннем на пасаду кіраўніка ўрада. «Гэтую тэму мы ўзнялі з маёй падачы на закрытым пасяджэнні АДКБ. Я выказаўся ў тым плане, што як для прэзідэнта Уладзіміра Пуціна праца на прэм’ерскай пасадзе, так і Дзмітрыя Мядзведзева пасля прэзідэнцтва на прэм’ерскай пасадзе мала што мяняе. Таму што ў велізарнай Расіі задач столькі, што цяжка іх раздзяліць паміж прэм’ерам і прэзідэнтам», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта пацвярджае і той факт, што Мядзведзеў паедзе на саміт «Вялікай васьмёркі».

«Здаецца, прэзідэнцкія паўнамоцтвы — нічога падобнага. І прэм’ер вырашае падобныя пытанні, — адзначыў Лукашэнка. — Хачу сказаць, што мала што зменіцца ў вашым жыцці. Нагрузка ўзрасце».

«Я вельмі спадзяюся, што мы заўсёды будзем канструктыўна супрацоўнічаць, і нашы сустрэчы будуць вельмі плённыя», — адзначыў беларускі кіраўнік. «Упэўнены ў гэтым», — заявіў яму ў адказ Мядзведзеў.

Кіраўнік расійскага ўрада заўважыў, што гэта першая яго сустрэча з Лукашэнкам у новай якасці. «Але я ўпэўнены, што ў нас будзе шмат добрых падстаў для таго, каб прадоўжыць нашы зносіны: і асабістыя, і з тым, каб адносіны паміж Беларуссю і Расіяй умацоўваліся, развіваліся на карысць двух народаў, каб тыя інтэграцыйныя працэсы, да якіх мы маем дачыненне і якімі мы займаліся ў апошнія гады, таксама прыносілі плён для развіцця нашых краін і народаў», — падкрэсліў Мядзведзеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?